Сьцісла:
- Ёсьць вялікія сумневы наконт таго, што пасьля Лукашэнкі (як і пасьля Пуціна) выявяцца іхныя вялізныя багацьці ў выглядзе сэйфаў з гатоўкай ці скрынь з золатам. Галоўны актыў і галоўная каштоўнасьць для такіх дыктатараў — пажыцьцёвая і нічым не абмежаваная ўлада.
- Чуткі пра надзвычайную сьціпласьць, аскетызм, ашчаднасьць — складовая частка міту пра клапатлівага «бацьку нацыі» — справядлівага і бескарысьлівага, сумленнага і сьціплага. Такім прапагандысцкім прыёмам карыстаюцца многія аўтакраты.
- У справе стаўленьня да пэрсанальных багацьцяў Лукашэнка пасьлядоўна пераймае досьвед сваіх ідэйных папярэднікаў, сымпатыі да якіх ніколі не хаваў. І найперш — досьвед Сталіна.
- На раньніх этапах станаўленьня таталітарных рэжымаў, калі дыктатары толькі ўсталёўваюць аднаасобную ўладу і не адчуваюць сябе ўпэўнена і стабільна, іхная скнарлівасьць і схільнасьць да назапашваньня асабістых багацьцяў набываюць часам карыкатурныя гіпэртрафаваныя формы.
Пра тое, як на Захадзе бясплённа шукаюць і ня могуць знайсьці ягоныя сакрэтныя валютныя рахункі, Лукашэнка пэрыядычна апавядае на публіцы з прыкметным задавальненьнем. Цягнецца гэта прыблізна з канца 90-х гадоў — з часу першых санкцый, якія пачалі накладваць на яго і ягоных набліжаных заходнія краіны за выбарчыя махінацыі і перасьлед палітычных апанэнтаў.
Апошні раз пра пошукі ягоных мітычных схаваных грошай Лукашэнка нагадаў 26 верасьня 2024 году, праводзячы кадравыя прызначэньні: «Так, яны там балбочуць… Трыццаць першы год шукаюць мае грошы за мяжой, ніяк ня могуць знайсьці. Хаця ўсё вельмі проста — усё ў руках амэрыканцаў, нашых „найлепшых сяброў“. Калі б нешта было, даўно б ужо вывалілі».
Пра гэта ж ён расказваў і ў 2006-м, і ў 2010 годзе — кожны раз, калі ўводзіліся альбо падаўжаліся пэрсанальныя санкцыі Захаду пасьля задушэньня пасьлявыбарных пратэстаў. У 2006 годзе, напрыклад, ён нават прапаноўваў заходнім палітыкам у выпадку выяўленьня ягоных рахункаў у замежных банках «забраць іх сабе». Пазьней такія ж прапановы неаднаразова гучалі і ў адрас лідэраў дэмакратычнай апазыцыі. Кожны раз пра гэтыя дэманстратыўныя жэсты, якія павінны былі сьведчыць пра сумленнасьць і бескарысьліваць Лукашэнкі, шырока расказвала прапаганда.
Міт пра сьціплага дыктатара
Чуткі пра надзвычайную сьціпласьць, аскетызм, ашчаднасьць — гэта складовая частка міту пра клапатлівага бацьку нацыі, справядлівага і бескарысьлівага, сумленнага і сьціплага. Такім прапагандысцкім прыёмам карыстаюцца вельмі многія аўтакраты. Разьлічаны гэты міт галоўным чынам на недасьведчанага абываталя, які верыць стэрэатыпным уяўленьням пра нейкага амаль карыкатурнага сквапнага дыктатара, які хціва цішком крадзе дзяржаўныя грошы і пераводзіць іх на сакрэтныя рахункі ў Швайцарыі ці некуды ў заморскія афшоры.
Часткова такое ўяўленьне, можа, і адпавядае тым дробным выпадковым і недасьведчаным дыктатарам, якія на кароткі прамежак часу захапілі ўладу, адчуваюць хісткасьць свайго становішча і сьпяшаюцца як мага хутчэй узбагаціцца, пакуль іх ня зрынулі. Такіх выпадкаў гісторыя ведае мноства. Адзін з афрыканскіх дыктатараў, першы прэзыдэнт Экватарыяльнай Гвінэі Франсіска Масіяс Нгема, у канцы 70-х гадоў шырока праславіўся тым, што схаваў увесь валютны запас сваёй краіны ў зарасьніках бамбуку ў сябе за домам (пры гэтым частка купюр прыйшла ў непрыдатнасьць). Выявілася гэта толькі пасьля таго, як яго ў выніку вайсковага перавароту зрынуў ягоны пляменьнік Тэадора Абіянг Нгема Мбасога. Які з таго часу нязьменна кіруе краінай ужо на працягу рэкордных 45 гадоў і, дарэчы, зь нядаўняга часу падтрымлівае цесныя адносіны з рэжымам Лукашэнкі. Летась у верасьні ён пабываў зь візытам у Менску, Лукашэнка з захапленьнем выказваўся пра палітыку афрыканскага дыктатара.
Выпадак Лукашэнкі ды іншых дэспатаў, якія дзесяцігодзьдзямі ўтрымліваюць у сваіх руках непадзельную ўладу, крыху іншы. Наяўнасьць ці адсутнасьць банкаўскіх рахункаў за мяжой для такіх зусім не паказьнік. У Лукашэнкі, хутчэй за ўсё, ніякіх рахункаў і нават банкаўскіх картак няма. І плацежкі ці банкаўскія чэкі ён наўрад ці падпісвае. Яго цікавяць актывы і авуары зусім іншага кшталту. Дзеля чаго яму нейкія пэрсанальныя замежныя банкаўскія рахункі, калі ў ягоным поўным распараджэньні ўся дзяржаўная казна, за траты якой ён ні перад кім адказнасьці не нясе, а сваю непадзельную ўладу ў краіне не разглядае іначай як пажыцьцёвую?
У справе стаўленьня да пэрсанальных багацьцяў Лукашэнка пасьлядоўна пераймае досьвед сваіх ідэйных папярэднікаў, сымпатыі да якіх ніколі не хаваў. І найперш — досьвед Сталіна.
Падманлівы аскетызм Сталіна
Ці быў Сталін аскетам, якога мала цікавілі раскоша, камфорт і грошы? Пры жыцьці правадыра прапаганда спрабавала паказаць яго менавіта такім.
Гэты стэрэатыпны вобраз і цяпер намагаюцца ўкараняць у грамадзкую сьвядомасьць сёньняшнія расейскія і беларускія прапагандысты, сьвядома ці міжволі праводзячы празрыстыя паралелі паміж жорсткімі палітычнымі рэжымамі. Маўляў, так, Сталін быў бязьлітасным і цьвёрдым, але пры гэтым сьціплым і абсалютна абыякавым да асабістага багацьця.
У якасьці доказу звычайна прыводзяць вопіс асабістых рэчаў, зроблены на загад Бэрыя адразу пасьля сьмерці правадыра, увечары 5 сакавіка 1953 году. Маўляў, вось якія «багацьці» назьбіраў вялікі правадыр. Пералік сапраўды вельмі сьціплы: шэсьць кіцеляў, дзесяць штаноў, некалькі люлек, ашчадная кніжка з рахункам на 900 рублёў… Ніякіх каштоўнасьцяў, золата, брыльянтаў, вялікіх сумаў грошай у Сталіна на Блізкай дачы пад Масквой, дзе ён правёў свае апошнія дні, знойдзена не было. Як і ў іншых рэзыдэнцыях, якія генэралісімус час ад часу наведваў падчас свайго 29-гадовага кіраваньня.
Вядома, што ў Сталіна была самая вялікая заработная плата ў СССР — 10 тысяч тагачасных савецкіх рублёў (сярэдні заробак у РСФСР у канцы сталінскай эпохі — 550 рублёў). Для ўяўленьня пра маштаб цэнаў: цана легкавой машыны «Победа» ў той час прыблізна раўнялася суме сталінскага заробку за месяц. Куды правадыр траціў гэтыя грошы, так і ня высьветлена. Ніякіх выдаткаў на асабістыя патрэбы ён, як вядома, са сваёй кішэні не аплочваў. Ні пра якія ягоныя асабістыя рахункі ў замежных банках таксама нічога невядома. Адзіныя дакумэнтальна пацьверджаныя зьвесткі пра сталінскую спадчыну, якую падзялілі паміж сабой спадкаемцы — гэта 30 000 недэнамінаваных рублёў (сталінскі заробак прыблізна за тры месяцы, які ён, хутчэй за ўсё, проста не атрымліваў).
Ці сапраўды гэта сьведчыла пра асабістую сьціпласьць і адсутнасьць якіх-небудзь багацьцяў Сталіна? Наўрад ці. У розных маляўнічых кутках СССР (у Крыме, Абхазіі, Сочы) для Сталіна было пабудавана каля 20 рэзыдэнцый. У тагачасных дакумэнтах яны сьціпла названы «дачамі», хоць у сапраўднасьці гэта былі раскошныя маёнткі — з паркамі, басэйнамі, прычаламі, шматлікай абслугай і аховай. Будаўніцтва і ўтрыманьне кожнага такога аб’екта абыходзілася бюджэту ў мільёны і мільёны рублёў. Адпачываў Сталін дзе хацеў і колькі хацеў. Усё ягонае ўтрыманьне і забесьпячэньне з багатымі банкетамі, урачыстымі і неўрачыстымі абедамі і вячэрамі, а таксама сьвяткаваньнямі і канцэртамі цалкам клалася на дзяржаўны бюджэт. Але сумы гэтых выдаткаў, вядома ж, нідзе і ніхто не адважыўся б агучыць.
Затое ўсяляк распаўсюджваліся зьвесткі пра надзвычайную непатрабавальнасьць і ашчаднасьць правадыра. Начальнік асабістай аховы Сталіна Мікалай Уласік, напрыклад, любіў успамінаць, як неахвотна Сталін адмаўляўся ад старога абутку. Паводле Уласіка, зношаныя да дзірак боты Гаспадара стараліся замяніць яму на новыя уначы, калі генэралісімус спаў. Раніцай Ёсіф Вісарыёнавіч абуваў новенькія скураныя боты і мог нават не заўважыць падмену. А бывала і так, што адразу заўважаў, катэгарычна адмаўляўся і патрабаваў вярнуць яму звыклыя старыя зношаныя боты.
Забыты сэйф Якава Сьвярдлова
Але такое стаўленьне да пэрсанальных багацьцяў узьнікае, відавочна, не адразу, а на пэўным этапе дыктатуры, калі самаўладны валадар упэўніцца ў трываласьці рэжыму і сваёй пажыцьцёвай уладзе. На раньніх стадыях станаўленьня таталітарных рэжымаў, калі дыктатары толькі ўсталёўваюць аднаасобную ўладу і не адчуваюць сябе ўпэўнена і стабільна, іхная скнарлівасьць і схільнасьць да назапашваньня асабістых багацьцяў набываюць часам карыкатурныя гіпэртрафаваныя формы.
Адна з самых пазнавальных асобаў бальшавіцкага рэжыму пэрыяду рэвалюцыйных і першых пасьлярэвалюцыйных гадоў — Якаў Сьвярдлоў. У лістападзе 1917-га — сакавіку 1919-га ён як старшыня ВЦВК лічыўся фармальным кіраўніком бальшавіцкай Расеі. Фактычна краіну ў той час узначальваў, вядома, Ленін. Але ў Сьвярдлова былі вялікія прэтэнзіі на тое, каб стаць пераемнікам, асабліва пасьля замаху на Леніна, калі ў жніўні-верасьні менавіта Сьвярдлоў выконваў абавязкі першай асобы ў дзяржаве.
Сьвярдлоў памёр раптоўна і нечакана, у 33 гады, падчас эпідэміі «гішпанкі» ў сакавіку 1919 году. Пасьля сьмерці застаўся ягоны асабісты сэйф, адчыніць які тады не змаглі: ня здолелі знайсьці ключы. Доўгія 16 гадоў сэйф пыліўся на камэнданцкім складзе Крамля. А ў 1935 годзе падчас чарговай інвэнтарызацыі з дапамогай адмыслоўцаў яго ўсё ж узламалі. Зьмесьціва незгаральнай скрыні настолькі ўразіла, што тагачасны наркам унутраных спраў Ягода 27 ліпеня 1935 году накіраваў адмысловы ліст Сталіну зь пералікам знойдзенага: залатыя манэты царскай чаканкі на суму 108 525 рублёў, 705 адзінак залатых ювэлірных вырабаў з каштоўнымі камянямі, крэдытныя білеты на 750 тысяч рублёў, а таксама чыстыя блянкі пашпартоў царскага ўзору і некалькі пашпартоў на розныя імёны (у тым ліку і на імя самога Сьвярдлова).
Наконт паходжаньня каштоўнасьцяў існуюць розныя вэрсіі. Паводле адной зь іх, яны належалі царскай сям’і, пасьля расстрэлу якой выканаўцы Юроўскі і Нікулін асабіста прыязджалі з дакладам да Леніна і Сьвярдлова і прывезьлі мех з брыльянтамі, якія забралі ў расстраляных. Паводле іншай, гэта былі знакі «падзякі» ад высокапастаўленых чэкістаў, якіх Сьвярдлоў уладкоўваў на пасады, або ад сваякоў арыштаваных ЧК былых фабрыкантаў ды царскіх чыноўнікаў. У любым выпадку, нават калі гэтыя каштоўнасьці трапілі да Сьвярдлова законным чынам, ён павінен быў у адпаведнасьці з правіламі перадаць іх дзяржаве. Але не зрабіў гэтага: на дзяржаўным балянсе яны ня значыліся. Гэта значыць, у яго на гэтыя золата і брыльянты былі зусім іншыя разьлікі.
Як Сталін у 1935 годзе адрэагаваў на гэтыя сэнсацыйныя выкрыцьці аднаго з бальшавіцкіх правадыроў, невядома. На той час у СССР ужо існаваў пэўны культ Сьвярдлова: ягоны імем былі названыя гарады, вуліцы, калгасы, прадпрыемствы, у многіх гарадах стаялі помнікі. Відавочна, на самым версе вырашана было не пачынаць скандалу, паколькі гэта немінуча кінула б цень на ўсю партыю.
Галоўная каштоўнасьць ня грошы
Дэманстраваць уласную сьціпласьць і ашчаднае стаўленьне да дзяржаўных грошай даўно лічыцца добрым тонам сярод лідэраў заходніх дзяржаў. Асабліва дзяржаў невялікіх, без прэтэнзій на сусьветнае лідэрства. Зусім ня рэдкія выпадкі, калі прэм’ер-міністар альбо прэзыдэнт невялікай краіны Эўразьвязу дзеля ашчаджэньня бюджэтных грошай выпраўляецца ў службовую паездку не вялікім самалётам, а маленькім бізнэс-джэтам ці ўвогуле рэгулярным авіярэйсам. Беларусь — адна з самых бедных краін на эўрапейскім кантынэнце. Але ці бачыў хто-небудзь Лукашэнку, які б накіраваўся некуды за мяжу ў бізнэс-джэце ці ў бізнэс-клясе звычайнай авіякампаніі?
Дакладна дагэтуль невядома, колькі рэзыдэнцый у розных кутках Беларусі пабудавана для Лукашэнкі — ці то 10, ці то 12, ці нават болей. І ў кожнай немалы штат абслугі і аховы. Усё толькі дзеля таго, каб прыняць Гаспадара некалькі дзён на год. Дарэчы, прыблізна гэтак жа было і ў Сталіна. І ёсьць у Пуціна. Тут Лукашэнка дакладна пераймае вядомыя яму прыклады побыту і адпачынку дыктатараў.
Ёсьць вялікія сумневы ў тым, што пасьля Лукашэнкі (як і пасьля Пуціна) знойдуцца нейкія незьлічоныя багацьці ў выглядзе сэйфаў з гатоўкай ці скрынь з золатам. Іхнае галоўнае багацьце і галоўная каштоўнасьць — пажыцьцёвая, нічым не абмежаваная ўлада. Да яе ў якасьці бонусу дадаюцца безьлімітны доступ за дзяржаўны кошт да любых радасьцяў жыцьця — без аніякага грамадзкага кантролю, адказнасьці ці справаздачнасьці. А таксама пакланеньне і прыніжанае падпарадкаваньне падданага насельніцтва, якія і ня сьніліся ніякім даляравым мільярдэрам і алігархам. І разгледзець на гэтым тле праявы сьціпласьці і аскетызму надзвычай цяжка. Колькі б разоў прапаганда ўсьлед за сваім гаспадаром ні паўтарала старыя байкі пра бясплённыя пошукі замежных валютных рахункаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум