Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Яна Булгака


 «Від на Вільню», фота Яна Булгака
«Від на Вільню», фота Яна Булгака

Падзеі 6 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

Ян Булгак
Ян Булгак

6 кастрычніка 1876 году ў Асташыне на Наваградчыне нарадзіўся Ян Булгак, фотамастак і этнограф.

Дзякуючы Булгаку да нашага часу дайшлі выявы людзей, вёсак і гарадоў, а таксама архітэктурных помнікаў Беларусі, якіх даўно няма ў рэчаіснасьці.

Ян Булгак вядомы ня толькі як майстар краязнаўчай фатаграфіі, але і як пэдагог, бібліёграф, фальклярыст, гісторык мастацтваў, першы беларускі гісторык фатаграфіі. Ён аўтар дзясяткаў артыкулаў пра беларускі фальклёр і краязнаўства («Экскурсіі на Свіцязь», 1910; «Велікодныя песьні на Меншчыне (валачобнікі)», 1911 і інш.), працаў пра мастака Фэрдынанда Рушчыца, дасьледаваньняў і падручнікаў па эстэтыцы і тэхніцы фатаграфіі. Яму належыць адмысловая праца «Пра першых віленскіх фатографаў з XIX стагодзьдзя» (1939) і кніга ўспамінаў «Край дзіцячых гадоў», у якой адлюстравана жыцьцё Наваградчыны канца XIX — пачатку XX ст.

Творчасьць Яна Булгака паўплывала на разьвіцьцё мастацкай фатаграфіі Беларусі, Польшчы і Літвы.

Гэты дзень у гісторыі

1788 — распачаўся Чатырохгадовы Сойм Рэчы Паспалітай (іншая назва — Вялікі Сойм). Сойм правёў шэраг радыкальных рэформаў у эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай сфэрах:

  • увядзеньне рэкрутчыны па тэрытарыяльным прынцыпе;
  • павелічэньне колькасьці войска;
  • частковае зраўнаньне ў правах мяшчан са шляхтаю;
  • наданьне правоў габрэям і праваслаўным.

3 траўня 1791 году Чатырохгадовы сойм прыняў першую ў Эўропе Канстытуцыю.

1939 — скончылася польская абарончая вайна. Пад Коцкам перад немцамі капітулявала апошняя рэгулярная частка польскай арміі — самастойная апэратыўная група «Палесьсе» пад камандаваньнем генэрала Францішка Клебэрга.

1948 — у сталіцы Туркмэніі Ашгабаце адбыўся трагічны землятрус, у якім загінулі каля 160 тысяч чалавек.

1973 — Эгіпет і Сырыя напалі на Ізраіль — пачатак Вайны Суднага дня.

Падбітыя сырыйскія танкі на Галанскіх вышынях падчас вайны Суднага дня, кастрычнік 1973
Падбітыя сырыйскія танкі на Галанскіх вышынях падчас вайны Суднага дня, кастрычнік 1973

1991 — створаны Беларускі незалежны прафсаюз.

1996 — Папа Рымскі Ян Павал ІІ бэатыфікаваў 13 падляскіх мучанікаў, якія загінулі ад рук расейскіх жаўнераў у мястэчку Пратулін (цяпер Люблінскае ваяводзтва) 26 студзеня 1874 году, баронячы сваю ўніяцкую царкву ад ператварэньня яе ў праваслаўную.

2022 — адбылася апошняя расейская ракетная атака з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне. Ад першай такой атакі 24 лютага было выпушчана больш за 700 ракет.

2022 — абвешчаныя прысуды ў справе беларускага незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН: галоўнай рэдактарцы і дырэктарцы Ірыне Леўшынай прысудзілі 4 гады калёніі агульнага рэжыму; журналісту Дзьмітрыю Наважылаву — 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму; мэдыямэнэджару Андрэю Аляксандраву — 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму; яго жонцы Ірыне Злобінай — 9 гадоў калёніі агульнага рэжыму.

У гэты дзень нарадзіліся

1887 Ле Карбюзье, францускі архітэктар і дызайнэр.

Ле Карбюзье. Жылы дом у пасёлку Вэйсэнгоф, Штутгарт, Нямеччына. 1927 год.
Ле Карбюзье. Жылы дом у пасёлку Вэйсэнгоф, Штутгарт, Нямеччына. 1927 год.

1908Алесь Мілюць, заходнебеларускі паэт.

У памяці

1677 Альбэрт Каяловіч, беларускі пісьменьнік, палеміст, гісторык.

1809 Францішак Бялінскі, генэрал-маёр войска кароннага, пісар вялікі каронны, асьветнік, пэдагог, прыхільнік усеагульнай адукацыі.

1996 Станіслаў Калясанты Роек, рымска-каталіцкі дзеяч, ксёндз.

2004Васіль Мельяновіч, дзеяч паваеннай эміграцыі ў ЗША.

2005 Алесь Емяльянаў, паэт, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х.

Алесь Емяльянаў
Алесь Емяльянаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG