Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"National Geographic" апублікаваў старажытны тэкст Эвангельля ад Юды


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача "Сымбаль веры" – пра Эвангельле ад Юды, частка першая. У часе Вялікага посту, калі вернікі рыхтаваліся да Вялікадня, Часопіс "National Geographic" апублікаваў старажытны тэкст так званага Эвангельля ад Юды. Рукапіс, перакладзены на сучасныя мовы, выклікаў вялікі ажыятаж і спрэчкі, а таксама цалкам супрацьлеглую рэакцыю прадстаўнікоў царквы і навукоўцаў. Гэтай тэме прысьвечаны сёньняшні выпуск рэлігійнай перадачы "Сымбаль веры".

Апублікаваны 7-га красавіка рукапіс Эвангельля ад Юды Нацыянальнае геаграфічнае таварыства (ЗША) назвала “сэнсацыйным”.

Паводле “National Geographic”, а таксама паведамленьняў іншых СМІ, знойдзены ў Эгіпце, адрэстаўраваны і перакладзены на сучасныя мовы тэкст – гэта найбольш значнае навуковае дасягненьне за апошнія 50 гадоў.

Тэкст нібыта пераварочвае з ног на галаву вэрсію падзеяў, зьмешчаную ў афіцыйных, кананічных тэкстах Сьвятога пісьма. Паводле яго, Юда ня выдаў Хрыста дзеля 30 срэбнікаў, але дзейнічаў у рамках божага пляну. Гэта выбраны вучань, якому Ісус сам даручыў здрадзіць Яго, і гэтым самым зрабіць магчымым укрыжаваньне, сьмерць, уваскрэсеньне і збаўленьне чалавецтва.

У чым палягае асноўная розьніца паміж кананічным Эвангельлем і знойдзеным нядаўна рукапісам? У чатырох кананічных Эвангельлях, зацьверджаных Царквою ў 392 годзе на Саборы ў Картагене, – ад Мацьвея, Марка, Лукі і Яна – асуджаецца здрада Юды, які за 30 срэбнікаў (цана нявольніка) выдаў Хрыста Сангэдрыну (рэлігійным старэйшынам).У Эвангельлі гаворыцца:

“Ці не дванаццаць вас абраў Я? Але адзін з вас – д’ябал. Гэта казаў Ён пра Юду Іскарыёта, бо гэты меўся выдаць Яго. Ён быў злодзей” (Ян. 6-71, 12-6) “Гора таму чалавеку, якім Сын чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не нарадзіцца” (Мацьв. 26, 24) “І ўвайшоў Сатана ў Юду, празванага Іскарыётам, аднаго зь ліку дванаццаці, і ён пайшоў і гутарыў з першасьвятарамі і начальнікамі, каб выдаць Яго ім ня прылюдна” (Лук.22, 2-3)

Тым часам у знойдзеным і апублікаваным “Эвангельлі Юды” здрада разглядаецца як станоўчы ўчынак і доказ асаблівай ролі і месца Юды сярод астатніх апосталаў.

Першыя словы гэтага рукапісу:

“Тайная справаздача з адкрыцьця, якое Ісус зрабіў ў гутарцы зь Юдам Іскарыётам... Адступі ад астатніх (апосталаў), і Я адкрыю табе тайны Царства божага... Ты можаш патрапіць у Яго, але дзеля гэтага шмат напакутуесься. Ты будзеш праклінаны чарговымі пакаленьнямі, але ты і ўзвысішся над астатнімі, бо ты ахвяруеш (выдаш) чалавека, які пакрывае Мяне”.

(Інакш кажучы, выдаш чалавечае цела, якое пакрывае боскую натуру Хрыста.) Тэкст заканчваецца раптоўна кароткай згадкай пра тое, што Юда атрымаў за сваю паслугу трохі грошай, а салдаты арыштавалі Хрыста. Учынак Юды названы ў рукапісе “таямніцай здрады” (Mysterion prodasis). Нічога не гаворыцца ані пра ўкрыжаваньне, ані пра ўваскрэсеньне Хрыста. Тэкст заканчваецца словамі “Эвангельле Юды”.

***

Сучасная гісторыя рукапісу нагадвае клясычны дэтэктыў альбо фільм Стывэна Сьпілбэрга з сэрыі “Індыяна Джонс”. Рукапіс, у якім апрача “Эвангельля Юды”, утрымліваюцца такія тэксты, як “Першы апакаліпсіс паводле Якуба”, “Ліст сьвятога Пятра да Філіпа” і фрагмэнт матэматычнага трактату, быў знойдзены ў 1970-я гады сялянамі ў пустыні ля эгіпэцкай мясцовасьці Аль-Мінья.

У 1978 годзе ён быў прададзены гандляру старажытнасьцямі ў Каіры –Ганьне. Потым ён быў скрадзены з антыкварнай крамы, але эвэнтуальна папірус зноў вярнуўся да гандляра.

Празь пяць гадоў, у 1983 годзе, у Жэнэве Ганна спрабаваў прадаць 60 старонак папірусу за тры мільёны даляраў амэрыканцу Стэфэну Эмэлю і ягоным калегам, але маладыя навукоўцы ня мелі такіх грошай.

Праз год, так і ня здолеўшы прадаць рукапіс ў Нью-Ёрку, Ганна паклаў яго ў банкаўскі сэйф у Гіксвілі, на Лонг-Айлендзе ў Нью-Ёрку, дзе рукапіс праляжаў 16 гадоў.

У красавіку 2000 году аўтэнтычнасьць папірусу пацьвердзілі амэрыканскія экспэрты на чале з Робэртам Бабкакам зь Ейльскага ўнівэрсытэту, але ніхто не хацеў купіць яго.

Урэшце моцна пашкоджаны папірус згадзілася набыць за 300 тысяч даляраў швайцарская зьбіральніца старажытнасьцяў Фрыда Нусбэрг-Чакос з Фонду антычнага мастацтва “Мэцэнас”.

Пасьля таго, як ёй не ўдаецца перапрадаць папірус антыквару Брусу Фэрыні з Акрону ў штаце Агайя, у ліпені 2001 году Фонд пачынае грунтоўна вывучаць дакумэнт. Дасьледаваньне праводзілася сумесна з Нацыянальным геаграфічным таварыствам ЗША і Гістарычным Інстытутам Уэйта з Каліфорніі.

Вычытка і пераклад былі даручаныя экспэртам на чале з выбітным знаўцам копцкай гісторыі літаратуры, сьвятаром і прафэсарам з Жэнэвы Рудольфам Касэрам. Кансэрвацыяй амаль 30-ці картак зацярушаных на сотні кавалачкаў папірусу заняліся кансэрватары Флорэнс Дарбрэ і Грэгар Вурст.

Аказалася, што тэкст быў напісаны на сахідыйскім дыялекце копцкай мовы, якой карысталіся эгіпэцкія хрысьціяне тых часоў. Ён адлюстроўвае пункт гледжаньня гностыкаў з ІІ стагодзьдзя, і праўдападобна быў напісаны ў малавядомай, таямнічай сэкце “каінітаў”.

У студзені мінулага году аналіз, праведзены ва ўнівэрсытэце штату Арызона праз вызначэньне ўзроўняў радыяактыўнага вугля С-14 пацьвердзіў, што дакумэнт паходзіць з канца ІІІ і пачатку ІV стагодзьдзяў.

У лютым 2006 году швайцарскі ўнівэрсытэт Бэргама Янга даказаў, што гэта аўтэнтычны старажытны кодэкс аналягічны таму, які быў знойдзены ў 1945 годзе ў Наг-Гамадзі ў Эгіпце. Пасьля прэзэнтацыі рукапісу 7 красавіка 2006 году ў сядзібе "National Geographic" у Вашынгтоне, вучоныя пераклалі тэкст на ангельскую, нямецкую і францускую мовы. У найбліжэйшым часе будзе зроблены пераклад яшчэ на 16 моваў. Не чакаючы перакладу рукапісу, прафэсар Джэймс Робінсан выдаў ў пачатку красавіка кнігу “Таямніца Юды”.

Навукоўцы лічаць “Эвангегльле Юды” сваім вялікім дасягненьнем.

“Гэтая знаходка пашырае нашыя веды пра раньняе хрысьціянства і варта, каб гісторыкі, вучоныя і тэолягі працягвалі дасьледаваньне рукапісу,”– заявіў прадстаўнік “National Geographic” Тэры Гарсія.

Заснавальнік Гістарычнага інстытуту, які дапамагаў ў дасьледаваньні папірусу Тэд Ўэйт заявіў: “Мы ганарымся тым, што спрычыніліся да выяўленьня гэтага дакумэнту”.

Вучоныя падкрэсьліваюць, што акрамя чыста навуковага дасягненьня, існуе тэалягічны аспэкт справы. На думку некаторых біблістаў, “Эвангельле Юды” пярэчыць традыцыйнаму тэксту Бібліі і зьяўляецца сур''ёзным выклікам для інстытуту Царквы.

“Тэкст разбурае міт аб маналітнасьці хрысьціянства”, – кажа прафэсар Элейн Пэйджэлс з Прынстанскага ўнівэрсытэту.

Паводле Рудольфа Касэра, “нядаўна знойдзены рукапіс Эвангельля гаворыць пра Юду, якога цягам 20-ці стагодзьдзяў мільёны вернікаў лічылі Антыхрыстам, цалкам супрацьлеглае таму, што сказана пра яго ў Бібліі”.

“Ісус сказаў, што неабходна, каб нехта добраахвотна вызваліў Яго зь зямнога цела, і лепей, каб зрабіў гэта сябра, а ня вораг”.

“Магчыма, Ісус мог размаўляць зь Юдам сам-насам і тады даў апосталу сакрэтнае даручэньне выдаць Сябе”, – лічыць Крэйг Івэнс з Тэалягічнага Каледжу, і таму зьмест іхнай гутаркі ня трапіў ў кананічныя Эвангельлі.

Аднак прадстаўнікі хрысьціянскіх цэркваў ня бачаць у гэтай знаходцы ніякай сэнсацыі і ня бачаць ніякай пагрозы для традыцыйнага веравучэньня.

"Царква нічога не хавае і нічога не ўтойвае", – заявіў дэкан тэалягічнага факультэту рымскага Ўнівэрсытэту “Рэгіна Апосталёрум” Томас Уільямс. Дагэтуль Царква апублікавала больш як 30 падобных “эвангельляў”, у тым ліку “Эвангельле” Марыі Магдалены, Эвы, Філіпа, Якуба ды іншыя. Яны захаваліся, дзякуючы спрыяльнаму клімату раёну Міжземнага мора і дзякуючы таму, што гностыкі забаранялі зьнішчаць любыя тэксты, у якіх быў згаданы Бог.

На думку дэкана Ўільямса, камэрцыйны посьпех “Коду да Вінчы” і фільму Мэла Гібсана “Пакуты Хрыста” адкрылі сапраўдную скрынку Пандоры. Вось таму і сёлета маем чарговы “ велікодны падарунак” –лічыць ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG