Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь згубіла пояс князя Вітаўта?


Радыё Свабода Тыднёвы агляд газэт, якія не дастаўляе пошта і не прадае саюздрук

“Народная воля” друкуе інтэрвію з Аляксандрам Мілінкевічам і асноўныя блёкі ягонай перадвыбарчай праграмы.

Газэта падводзіць вынікі кампаніі “Народныя выбары”. Па ўсёй краіне грамадзкія актывісты вылучаліся ў склад участковых камісіяў шляхам збору подпісаў. Аднак патрапілі туды толькі адзінкі. Чаму?

“Куды Зюганаў з капытом, туды й Газманаў з клюшняй” – так называюцца нататкі аўтара “Народнай волі” Мікалая Дзелянкоўскага пра ўдзел расейскіх палітыкаў і артыстаў у беларускай выбарчай кампаніі.

А старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук разважае, чаму беларуская апазыцыя мусіць рашуча абнавіцца. Аўтар лічыць, што людзі, якія маюць за плячыма досьвед бясконцых паразаў, ня могуць прывесьці да перамогі.

*** “БДГ. Деловая газета” нагадвае: першыя пяць гадоў партыю Сяргея Гайдукевіча чамусьці называлі, цытую, “не лібэраламі, а бандытамі”, хоць яны й не рабавалі, не забівалі – заўсёды былі ў законе... Публікацыя называецца “Служывы”.

Ірына Халіп разважае пра моцныя й слабыя бакі адзінага кандыдата.

(Халіп: ) “Галоўная праблема Аляксандра Мілінкевіча ў тым, што ён яшчэ сам не ўсьвядоміў: ён – лідэр! Мілінкевіч чалавек занадта інтэлігентны, яму вельмі цяжка казаць “Не!” Таму ён падпарадкоўваецца ўласнай камандзе, хаця павінна быць наадварот”.

*** Пад рубрыкай “Кандыдаты на Беларускім тэлебачаньні” “Наша Ніва” піша: “Мілінкевіч напачатку адчуваў сябе ня вельмі ўтульна, часам ён без патрэбы апускаў вочы, зазіраючы ў тэкст... Аднак яму ўдалося немагчымае: Беларуская тэлевізія, якая 12 гадоў працавала ў рэжыме маналёгу, на 30 хвілінаў вярнула сабе функцыю дыялёгу. Казулін жа цалкам пабудаваў прамову ў форме маналёгу, не баяўся тэатральных жэстаў... Хоць іранічная фанабэрыя рабіла яго падобным на прапагандыстаў БТ”, – канец цытаты.

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч працягвае ўласны маніторынг выкананьня выбарчага заканадаўства прэзыдэнцкай кампаніі і канстатуе ў “Нашай Ніве”: Лукашэнка й ЦВК не выконваюць Канстытуцыі й законаў.

Экспэрты “НН” аналізуюць эканамічны блёк праграмы Мілінкевіча.

Шмат увагі надаюць “нашаніўцы” масавым ператрусам, арыштам дэмакратычных актывістаў у разгар падрыхтоўкі да выбараў. Пра гэта пішуць Зьміцер Дрыгайла й Аркадзь Шанскі. А Віталь Тарас разважае, чаму зьявіўся так званы “чорны сьпіс журналістаў”, якіх мяркуецца пазбавіць права ўезду ў краіны Эўразьвязу.

*** “Завод на вынас” – так называецца артыкул у “Народнай волі”, прысьвечаны лёсу Менскага авіярамонтнага заводу. Аўтар даводзіць: каб вызваліць месца для больш прэстыжных забудоў і дапамагчы прыватным бізнэс-структурам, сталічныя ўлады нібыта хочуць вынесьці вытворчасьць за межы гораду, а насамрэч – вядуць штучную падрыхтоўку прадпрыемства да банкруцтва.

Затое моцна пашанцавала аршанскаму будаўнiчаму трэсту №18. І ўсё дзякуючы ўзьвядзеньню аб’ектаў, зьвязаных зь бiяграфiяй дзейнага прэзыдэнта Беларусi. Цяпер, напрыклад, асвойваюцца бюджэтныя сродкі ў вёсках Александрыя й Копысь: там пабудуюць унікальны спартыўны комплекс і ажно два заводы.

*** Тэмай нумару “БДГ. Деловой газеты” стала праблема пірацтва ў праграмным забесьпячэньні. Журналісты прыйшлі да высновы, што з так званымі “флібусьцьерамі электронных стыхіяў” у краіне ніхто не змагаецца. Наадварот – дзяржава зацікаўленая ў пашырэньні ценявога бізнэсу. Штогод з Расеі ў Беларусь завозіцца каля тысячы новых падробленых праграмаў – гэта вельмі прыбытковы бізнэс.

Сярод іншых эканамічных матэрыялаў БДГ – карэспандэнцыі пра “цукровую” вайну Беларусі з Расеяй, новы фонд падтрымкі агракомплексу краіны. Дасьледуецца таксама пэрспэктыва аўтазаводу пад Менскам: у Абчаку хочуць зьбіраць іранскія легкавікі “Саманд” – аналягі “Пежо-405”.

*** Дзьве з паловай паласы прысьвяціла газэта “Товарищ” праблеме зьяўленьня каля Заслаўя гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”. Публіцыст Эдуард Ясны даводзіць, што насамрэч нічога падобнага ў Беларусі не было.

(Ясны: ) “Найбольш важкія аргумэнты – гэта два паведамленьні Савецкага інфармбюро: “Ніякай “Лініі Сталіна” не было!” Яе прыдумалі фашысцкія прапагандысты, каб апраўдаць зрыў сваіх плянаў. А беларускія стваральнікі “Лініі Сталіна” аб’ектыўна паўтарылі хлусьню доктара Гебельса і ягонай каманды”.

*** Чаму старэе Беларусь? Пра гэта разважае чытач “Народнай волі” пружанец Мiкола Канаховіч. Далейшы працяг тэмы – у справаздачы зь нядаўняй калегіі Міністэрства аховы здароўя. Там прагучала: адказнасьць за нараджальнасьць у краіне цяпер ускладаецца на... мэдыкаў! У лякарнях тэрмінова складаюцца пляны адпаведных мерапрыемстваў. Вось толькі пра патэнцыйных бацькоў забыліся аўтары найноўшай дэмаграфічнай канцэпцыі...

*** “БДГ. Деловая газета” ў прававой падборцы падводзіць вынікі суду над Сяргеем Скрабцом, расказвае пра лёс Дому літаратара. У артыкуле “Мытня забірае дабро” Ўладзімер Васільеў піша: “Пачасьціліся выпадкі, калі пад колы машыны, якая падтрымлівае бюджэт, трапляюць простыя грамадзяне”.

А Данііл Сарокін разьбіраецца ў тым, чаму напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў тэрмінова пераглядаецца іміграцыйны закон. Калі будуць прынятыя новыя папраўкі ў яго, яшчэ больш узмацніцца роля КДБ, утрая ўзрасьце колькасьць выпадкаў дэпартацыі з краіны, прыцягненьня замежных грамадзянаў да адміністрацыйнай адказнасьці.

*** Пётра Васілеўскі ў “Народнай волі” расказвае пра махінацыі з удзелам высокіх чыноўнікаў, у выніку чаго Беларусь згубіла рарытэтны “пояс князя Вітаўта”. Зрэшты, разважае аўтар, што сёньняшняй беларускай уладзе тая бясцэнная рэлiквiя? У яе iншыя прыярытэты. Вось каб “пайшоў на бок” рэвальвер Дзяржынскага альбо згубiлася фуражка Цанавы, заўважае журналіст, дык мы пабачылi б, як умее завiхацца беларускi чыноўнiк...

Гарадзенскі навуковец Алесь Краўцэвіч прэзэнтаваў сваю новую кнігу “Міндаўг. Пачатак гаспадарства”, паведамляе ў “Нашай Ніве” Адам Воршыч. Гэтай кніжкаю адкрылася сэрыя “Жыцьцяпіс вялікіх князёў літоўскіх”. Апошнім сярод іх стаіць Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. А Пётра Рудкоўскі камэнтуе першую энцыкліку папы Бэнэдыкта.

Вострае інтэрвію дала “Народнай волі” папулярная сьпявачка Гюнеш Абасава. Яна лічыць неаб’ектыўнымі вынікі галасаваньня на адборачным туры для ўдзелу ў конкурсе “Эўрабачаньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG