Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі патрэбны Беларусі расейскі крэдыт?


Радыё Свабода Сёньня ў Маскве пройдзе чарговае паседжаньне Міжбанкаўскай валютнай Рады Цэнтральных Банкаў Беларусі і Расеі. Напярэдадні міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут паведаміў, што ён атрымаў права на падпісаньне з беларускага боку пагадненьня аб атрыманьні расейскага стабілізацыйнага крэдыту памерам 1,5 мільярды даляраў. Чаму ўрад Беларусі імкнецца атрымаць гэты крэдыт? На пытаньні Віталя Цыганкова адказвае эканаміст, кіраўнік дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Цыганкоў: “Наколькі патрэбны беларускай эканоміцы цяпер расейскі крэдыт? Мы ўвесь час чуем, што золатавалютныя рэзэрвы краіны растуць, што рубель стабільны. Навошта тады браць ў доўг грошы?”

Раманчук: “У страху вялікія вочы. Урад баіцца, каб раптам не атрымаўся абвал, каб не было таго, што адбылося сёлета ў студзені, калі ўкладчыкі забралі з беларускіх банкаў 30 працэнтаў сваіх грошай. Гэта інфармацыя, пацьверджаная Аляксандрам Лукашэнкам.

Другая прычына ў тым, што відавочна існуе схаваная ад вачэй грамадзтва і экспэртаў інфармацыя, якая адлюстроўвае рэальны стан нашай гаспадаркі. Такім чынам. добрыя балянсы банкаў і прадпрыемстваў – толькі частка праўды, якая на самой справе больш горкая. Таму каб не дапусьціць пагаршэньня сытуацыі, урад і хоча атрымаць гэты крэдыт”.

Цыганкоў: “На якія патрэбы будзе накіраваны крэдыт? Ці ўрад дастаткова вольна можа ім распараджацца ці ён прывязаны да нейкіх канкрэтных мэтаў?”

Раманчук: “Я думаю, што ўрад можа вольна распараджацца крэдытам. Бо ён выдаецца пад такія шырокія фармулёўкі, як “стабілізацыя”, “недапушчэньне макраэканамічных рызыкаў”. Але я думаю, што гэта частка палітыкі, і пакуль Беларусь не атрымае гэтыя грошы на сваіх рахунках, пытаньне застанецца адкрытым”.

Цыганкоў: “Дагэтуль беларуская афіцыйная прапаганда настойліва падкрэсьлівала, што краіна мае даволі маленькія даўгі ў параўнаньні з суседзямі. Але апошнія месяцы Беларусь хваліцца пераважна тым, што бярэ крэдыты. Але ж іх давядзецца вяртаць. Чым гэта пагражае эканоміцы?”

Раманчук: “Калі мы гаворым пра дзяржаўны доўг, ён сапраўды даволі малы. Беларусь нават атрымала сувэрэнны крэдытны рэйтынг. Што тычыцца банкаў і прадпрыемстваў, то яны сёлета бралі крэдыты як шалёныя, павялічыўшы іх больш як на тры мільярды даляраў. І гэта падобна на будаўніцтва піраміды.

Бо ў адрозьненьні ад расейскага дэфолту 1998 году, дзе гэта рабіў урад, то ў нас гэта робіць камэрцыйны сэктар. І ў гэтым ёсьць небясьпека перш за ўсё ў падтрыманьні плацёжнага балянсу. Калі так будзе працягвацца, то дэвальвацыя рубля будзе непазьбежная”.

• Расея гатовая даць крэдыт Беларусі , 28.11.07
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG