Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Скрабатун: “Зрабіць газэту, якая задаволіць кожнага, немагчыма”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – краязнаўца, выдавец газэты “Вольнае Глыбокае” Ўладзімер Скрабатун.

Знаткевіч: “Спадар Уладзімер, што варта ведаць пра Глыбокае і што большасьць людзей ня ведае?”

Скрабатун: “Напэўна, тое, што Глыбокае – гэта маленькая Вільня... У нас ахаваліся два выдатныя архітэктурныя помнікі віленскага барока. Гэтых розных помнікаў можна яшчэ аднавіць па старых здымках, рысунках, малюнках, і людзі ўбачаць, які наш горад цудоўны, старадаўні, куды могуць езьдзіць турысты, можна здымаць гістарычныя фільмы...”

“Глыбоцкія камэрсанты не адчулі выгодаў, якія можна займець ад разьвіцьця турызму”

Знаткевіч: “А ці шмат турыстаў цяпер прыяжджае ў Глыбокае?”

Скрабатун: “Ведаеце, вельмі шмат, асабліва ў суботу-нядзелю, на пляцы 17 верасьня стаяць два храмы... Там звычайна стаіць па 8-10 турыстычных аўтобусаў – зь Менску, Віцебску, Полацку, Наваполацку, санаторыя "Нарач"... Але зазвычай яны едуць у Мосар, каб паглядзець на той цуд, які стварыў ксёндз Юозас Булька – звычайны вясковы касьцёл, але на гэтым тле створаны амаль што другі Вэрсаль... Увесь народ едзе зь Беларусі і іншых краёў паглядзець на гэты цуд...”

Знаткевіч: “Я думаў, вы кажаце пра іншы цуд – што ўсе вяскоўцы ў Мосары падпісалі пагадненьне ня піць...”

Скрабатун: “Я маю на ўвазе і парк, і крыніцу, Кальварыю мосарскія... Наконт барацьбы з п''янствам – там барацьба ідзе 100 гадоў. Я чытаў у газэце 100-гадовай даўніны, "Беларус", якая выдавалася напачатку ХХ стагодзьдзя, там былі ў Мосары свае карэспандэнты, якія пісалі, што ксёндз вядзе барацьбу з панам – насупраць касьцёла стаіць карчма, гэтая карчма належыць пану, і той ніяк ня хоча яе зьнесьці. І што тут часта адбываюцца бойкі, п''янкі, і ўсё гэта на тле касьцёла... Сто гадоў таму барацьба пачалася, і давёў яе да перамогі ксёндз Булька – зьнесьлі гэтую краму насупраць касьцёла”.

Знаткевіч: “Ці хапае для гэтых турыстаў інфраструктуры ў Глыбокім – гатэляў, месцаў, дзе можна пад''есьці і г.д.?”

Скрабатун: “Ведаеце, якраз гэтага няма, і я імкнуся пераканаць улады, што трэба ўсё гэта ствараць. Звычайна турысты пасьля наведваньня Глыбокага і Мосара едуць у Пастаўскі раён, там ёсьць агратурыстычны комплекс “Салаўіны гай”, там страўсы, шмат розных жывёлаў у вальерах – там ёсьць добрыя кавярні, нацыянальная кухня, усе едуць туды.. А ў Глыбокім – няма ні гатэля, ні інфраструктуры... Чамусьці глыбоцкія камэрсанты гэтага не заўважылі і не адчулі выгадаў, якія можна займець ад разьвіцьця турызму...”

“Калі б гэта было лёгка, то ў кожным горадзе Беларусі былі б газэты”

Знаткевіч: “Што найцяжэйшае цяпер у жыцьці выдаўца недзяржаўнай газэты?”

Скрабатун: “Я часта ежджу на сэмінары – запрашаюць, вучаць продажу газэт у супэрмаркеце... Ну навошта вучыць мяне гэтаму, дайце мне гэтыя супэрмаркеты, я без усякіх сэмінараў буду прадаваць... Але няма на нашу газэту падпіскі, яна як бы забароненая, забаронены продаж газэт у кіёсках, і тое, што мы зможам прадаць на рынку – толькі тое і прадаем. Калі б гэта было лёгка, то ў кожным горадзе Беларусі былі б газэты. У Віцебскай вобласьці, здаецца, сёньня "Вольнае Глыбокае" – адзіная такая газэта засталася, бо "Віцебскі кур''ер" ужо ня выдаецца.

Зрабіць газэту, якая задавальняла б кожнага, немагчыма. Кожны хоча бачыць тосьці сваё. У нас у газэце шмат гісторыі, краязнаўства, а чамусьці ёсьць людзі, якія кажуць – трэба яшчэ больш... Ёсьць цікавыя матэрыялы пра славутых мясцовых людзей – кажуць, пішыце яшчэ больш... Я лічу, што наша газэта самадастатковая для 20-тысячнага горада. Людзі яе купляюць такую, якая яна ёсьць. У нас 9 тэкставых палос з 16-ці, астатняе займаюць абвесткі, рэкляма, праграма тэлеперадачаў, красворды...”

Знаткевіч: “У нашым апытаньні часта гучала, што людзям у газэтах не хапае праўды – а ў вас у газэце шмат праўды?”

Скрабатун: “У нас мы пішам толькі праўду. Зразумела, што ўсе матэрыялы напісаны толькі на фактах, неправераныя факты мы ў газэту не зьмяшчаем”.

“Ня думаю, што ўсё залежыць ад менскіх уладаў, усё можна рабіць на месцы”

Знаткевіч: “Часта можна пачуць, што ўсе беларускія праблемы – з-за цэнтральнай улады. Маўляў, калі зьменіцца ўлада ў Менску, тады і на месцах людзі гатовыя да зьменаў, працаваць па-іншаму – ці згодныя вы з гэтым на прыкладзе глыбоцкіх мясцовых уладаў?”

Скрабатун: “Вось побач два гарады на адлегласьці 60 кілямэтраў – Глыбокае і Паставы. Паставы зараз квітнеюць, туды ўкладаюцца грошы. Горад прыгажэе з году ў год. Шмат энтузіястаў – там штосьці робіцца, зьбіраюцца аднаўляць вузкакалейку да Нарачы, адноўлена старая частка гораду...

Такі самы горад – Глыбокае, яшчэ можа нават больш пэрспэктыўны, тут больш выдатныя помнікі... Але чамусьці ў нас у гэтым незацікаўленыя, абы больш пабудаваць крамаў. Я запытаўся ў аднаго старажыла, як жылося пры паляках: "Ды гэтак, як і цяпер – адны крамы". У нас кінуліся ў крамы, а вось турысты едуць, глядзяць Глыбокае, мяне часта запрашаюць паказаць нейкія аб''екты цікавыя – напрыклад, колішнюю пэдвучэльню, дзе быў свтораны Саюз беларускіх патрыётаў... Гэтага будынка няма, але людзі просяць паказаць хоць тыя падмуркі...

Усё залежыць ад асобы, ад кіраўніка прадпрыемства ці гаспадаркі – калі ён захоча аднавіць нейкі помнік, ён можа аднавіць. Ня думаю, што ўсё залежыць ад менскіх уладаў, усё можна рабіць на месцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG