Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылася фотавыстава Андрэя Лянкевіча “Жыцьцё з мастацтвам”


Радыё Свабода “Жыцьцё з мастацтвам” – пад гэтай назваю ў менскай галерэі “Падземка” адкрылася выстава фотажурналіста "Нашай Нівы" Андрэя Лянкевіча. Сэрыя прысьвечана карцінам вядомага аўстрыйскага мастака Аляксандра Вальтнэра, якія патрапілі ў прыватныя калекцыі мільянэраў.

Каб перадаць жыцьцё карцін праз іхных гаспадароў, Андрэй Лянкевіч наведаўся ў лепшыя дамы Аўстрыі. Ён кажа, што там назіраў, якім чынам карціны і людзі узьдзейнічаюць паміж сабой у прыватным, хатнім жыцьці.

“Атрымаўся абсалютны мікс паміж журналістыкай і ARTам, чаго я ніколі не рабіў раней. Абсалютны экспэрымэнт працы зь людзьмі, назіраньнем над людзьмі. Стварэньне гэткіх ня вельмі натуральных сытуацый у жыцьці, але якія цалкам маглі б адбыцца. Мне было вельмі цікава, бо я гуляў зь людзьмі”.

Крытык Максім Жбанкоў мяркуе, што Лянкевічу ўдалося падгледзець у стасунках мастацтва і чалавека новыя рысы:

“Гэта фотасэрыя пра станы чалавечай душы. Калі чалавек сустракаецца з мастацтвам і пачынае жыць у ягонай прысутнасьці. Сугучнасьць чалавечага, інтымнага – і як бы зьнешняга, што прэзэнтуецца ў выглядзе мастацкіх твораў – вось гэта вельмі цікавая штука. І вельмі трапна Лянкевіч паказвае, што няма тут нейкіх агульных формулаў. Што кожны жыве з мастацтвам вельмі інтымна, вельмі прыватна, вельмі асобна”.

На погляд адной з наведніц выставы, працы “Жыцьцё з мастацтвам” – гэта погляд на жыцьцё сучаснай моладзі:

“Яны вельмі яскравыя! Вельмі сучасныя ў тым, што я б назвала, напэўна, кліпавасьцю. Уяўленьне пра зьнешні сьвет і пра ўнутраны сьвет – як яны перамяжоўваюцца. І вось яны ў гэтай выставе, у гэтых фотаздымках такія, як мы ўсе зараз адчуваем”.

Мастак Артур Клінаў лічыць, што апроч таленту, Андрэй Лянкевіч мае вельмі істотную рысу для творчага чалавека – актыўнасьць і нават пасыянарнасьць:

“Атрымліваю ягоную рассылку і вельмі ўсьцешаны яшчэ і ягонай актыўнасьцю – некалькі дзён таму адкрылася ягоная выстава ў Дрэздэне, сёньня – ў Менску. Гэта вельмі файна, такая актыўнасьць. Гэта менавіта тое, што бракуе ў творчае плыні Беларусі – такіх вось пасыянарных, актыўных асобаў”, – сказаў мастак Артур Клінаў, які наведаў выставу менскага фотамайстра Андрэя Лянкевіча.

Адкрыцьцё фотавыставы Андрэя Лянкевіча “Жыцьцё з мастацтвам”, Менск, галерэя “Падземка”, 20 жніўня 2007 г.

Адкрыцьцё фотавыставы Андрэя Лянкевіча “Жыцьцё з мастацтвам”, Менск, галерэя “Падземка”, 20 жніўня 2007 г.

У Дрэздэне стартуе акцыя, прысьвечаная Беларусі і беларусам 14.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG