Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Шушкевіч: “Лепшыя выпускнікі цяпер за мяжой”


Любоў Лунёва, Менск 269 выпускнікоў вышэйшых навучальных установаў запрасілі на баль у Палац Рэспублікі. Урачыстую цырымонію доўга рэпэтавалі. Дзесяць выпускнікоў атрымаюць падзякі ад Аляксандра Лукашэнкі. Сярод іх ёсьць студэнты БДУ, якія вучыліся, калі там рэктарам быў Аляксандар Казулін.

На выпускным балі будзе прысутнічаць Аляксандар Лукашэнка. Паводле сцэнару ён уручыць дзесяць падзякаў выпускнікам, а потым будзе танчыць вальс з адной з выпускніц.

Мерапрыемства адзначаецца з помпай — праз вуліцы Энгельса і Леніна на некалькі гадзінаў перакрыюць рух аўтатранспарту.

Хрысьціна Запрудзкая, якая сёлета скончыла філфак БДУ, назвала сёньняшнюю цырымонію “жыцьцёвым парадоксам”. Яна прыгадала ня менш пампэзнае сьвяткаваньне Дня першакурсьніка, калі сама вучылася на другім курсе.

“Калі я была на другім курсе, Казулін прылятаў на верталёце на Дзень першакурсьніка — у зьвязку з тым, што ягоная дачка паступіла ва ўнівэрсытэт. Мы былі вельмі ўражаныя. Атрымліваецца, што адзін цяпер у турме сядзіць, а другі сустракаецца са студэнтамі й будзе зь імі танчыць... Бываюць такія калізіі ў нашым жыцьці”.

А Казулін: “Не! Я ня буду прасіць”

Тацяна Белашова, сёлетняя выпускніца філязофскага факультэту БДУ, прыгадала сустрэчу студэнтаў з рэктаратам. Менавіта тую сустрэчу, на якой Аляксандар Казулін абвясьціў, што сыходзіць з пасады рэктара.

Гаворыць Тацяна Белашова:

“Сустрэча была пабудаваная так, што студэнты задавалі пытаньні, якія хацелі, рэктару Казуліну. І там пытаньне нейкае па-беларуску задаў адзін хлапец. Казулін адказаў: “Я ня ведаў, што ў нашым унівэрсытэце ёсьць такія дурныя студэнты”. Паўза... Студэнт сказаў, што лічыць гэта абразай.

Пазьней да мікрафона падыходзілі студэнты й казалі, што рэктар мусіць папрасіць прабачэньня. А Казулін казаў: “Не! Я ня буду прасіць”. Пасьля гэтага чалавек недзе з трыццаць усталі і выйшлі. Гэта быў такі дэмарш, вельмі дэманстратыўны, менавіта з нагоды гэтае сытуацыі. Казуліна я тады бачыла першы раз, і ён паказаў сябе ня зь лепшага боку”.

Шушкевіч: гэта імітацыя клопату

Станіслаў Шушкевіч, які раней працаваў у рэктараце БДУ, лічыць, што правядзеньне ўрачыстай цырымоніі ёсьць спробай уладаў запэўніць грамадзтва ў тым, што яны клапоцяцца пра разьвіцьцё навукі й адукацыі ў краіне:

“Які ж клопат пра навуку, калі людзі, якія ніколі ня мелі ніякага дачыненьня да навукі, пачынаюць распрацоўваць праекты нейкіх “сыліконавых далінаў”. Гэта фарс. У навуцы ня можа працаваць такі тэрмін — я начальнік, ты дурань, — як у нашага чынавенства.

Я ведаю навукоўцаў маладых і таленавітых, якія ўцякаюць зь Беларусі. У свой час найбольш таленавітых маладых людзей удалося ўсадзіць у першыя рады падчас выступу прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана ў Акадэміі навук. На вялікі жаль, большасьць гэтых людзей зьехала ў замежжа”.



За ўдзел у вулічных акцыях пратэсту з ВНУ сёлета адлічылі больш за дваццаць студэнтаў. Паводле афіцыйных зьвестак Міністэрства адукацыі, у беларускіх унівэрсытэтаў не хапае інтэрнатаў для студэнтаў і яны вымушаныя здымаць кватэры. Апроч таго, хутка студэнтаў пазбавяць ільготаў. Яны будуць набываць за поўны кошт квіткі ў транспарце, у музэях, тэатрах і на выставах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG