Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілу Давыда Гарадзенскага блізу Каложы не знайшлі


Міхал Карневіч, Горадня У Горадні пачаліся раскопы побач з Калоскай царквой. Пра тое, што ўжо адшукалі, у рэпартажы Міхала Карневіча.

Побач з Каложай у шурфе (так называецца месца раскопаў) працуюць студэнты гістарычнага факультэта Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Кіраўнік раскопаў менскі археоляг Аляксандар Мядзьведзяў, старанна фатаграфуе. Падыходжу бліжэй і пытаюся, чаму пачалі раскопкі побач з Каложай?

Мядзьведзяў: “Рэч у тым, што плянуецца рэканструкцыя Калоскай царквы, каб ўмацаваць падмуркі, надаць ёй належны выгляд з мэтай далейшага ўключэньня ў спіс ЮНЭСКА”.

Карэспандэнт: “Бачу, што вы капаеце на месцы, дзе, згодна зь легендай, знаходзіцца магіла знакамітага князя Давыда Гарадзенскага, які хадзіў на крыжакоў і якога яны вельмі баяліся”.

Мядзьведзяў: “Гэта не было месцам княскай рэзыдэнцыі й калі б яго хавалі, то гэта было б на месцы іх дамавой рэзыдэнцыі, дзе таксама была царква. А тут, відавочна, што гэта вельмі прыгожая легенда. Нават, калі мы знойдзем нейкія парэшткі людзей, але безь інвентара, рэчаў, якія б сьведчылі пра дату, мы ня зможам сьцьвярджаць, што тут ляжыць Давыд Гарадзенскі”.

Адзін са студэнтаў, Аляксей працягвае мне з шуфра на рыдлёўцы рэшткі керамікі. Цікаўлюся ў хлопца пра пошукі магілы Давыда Гарадзенскага.

Аляксей: “Як гісторыкі, мы павінны разабрацца, што за чым, каб усё ўпарадкаваць. А тое, што існуюць легенды розныя, дык гэта заўсёды было, але трэба іх і разьвейваць, каб не было занадта згушчана”.

Бачу, як дзяўчына асьцярожна разграбае пясок. Знаходкі яна перакладвае ў пакецік.

Дзяўчына: “Вось гэта кераміка ХVІ стагодзьдзя, а ўчора была ХІІ стагодзьдзя”.

Карэспандэнт: “А што-небудзь значнае ўжо ёсьць?”

Дзяўчына кажа, што знайшлі чэрап малога дзіцяці, у якім былі цвікі.

Дзяўчына: “Магчыма, калі забівалі труну, гэтыя цьвікі трапілі яму ў галаву”.

Спадар Мядзьведзяў кажа студэнтам, што празь некалькі хвілінаў раскопы на сёньня завяршаюцца. І раптам з шурфа нехта са студэнтаў паведамляе пра чарговую знаходку. Гэта чэрап, дарослага чалавека.

Хлопец, які знайшоў чэрап: “Знайшлі вось чэрап, каля яго й косьці рэбравыя”.

Паколькі раскапаць знаходку сёньня ня ўдасца (тут праходзяць тоўстыя карані ад дрэва) Аляксандар Мядзьведзяў прапаноўвае закласьці яе дзёрнам, а заўтра давесьці справу да канца.

Мядзьведзяў: “Калі ўдасца прасачыць, як ляжаць астатнія косткі, то мы яго замалюем, а далей будзем глядзець, што тут рабіць, магчыма й пакінем яго на месцы, паколькі ўжо выйшлі на той узровень, на якім былі пахаваньні вакол Каложы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG