Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пахавалі загіблых у Самалі авіятараў


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Менску і Віцебску разьвітваліся з экіпажам транспартнага самалёта Іл-76, зьбітага 23 сакавіка ў раёне аэрапорту сталіцы Самалі Магадышу. У выніку падзеньня авіялайнэра загінулі адзінаццаць чалавек — усе грамадзяне Беларусі. Гэтым бортам у Самалі былі дастаўленыя дзесяць тэхнікаў, якія мусілі пачаць дэмантаж іншага Іл-76 кампаніі “Трансавіяэкспарт”. Той самалёт падбілі баевікі 9 сакавіка падчас выкананьня рэйсу пад эгідай ААН, самалёт удалося пасадзіць. Жалобы ў дзень пахаваньня не абвясьцілі.

Сёньня некалькі тысяч сяброў, калегаў, сваякоў і проста неабыякавых да лёсу сем’яў, якія страцілі бацькоў ці мужоў, прыйшлі ў будынак Дзяржаўнага камітэту авіяцыі, дзе стаялі труны зь целамі авіяспэцыялістаў зьбітага ў Самалі транспартнага самалёту Іл-76.

Пры гэтым ніводзін з высокіх дзяржаўных чыноўнікаў на цырымоніі разьвітаньня не зьявіўся. На ўсім далейшым шляху калёны амаль з сотні аўтобусаў да Маскоўскіх могілак абапал праспэкту Незалежнасьці луналі расейскія і беларускія сьцягі, а віншавальныя шыльды віталі менчукоў з Днём яднаньня народаў Расеі й Беларусі.

Зрэшты, сябры загінулых авіятараў ня схільныя лічыць, што трэба акцэнтаваць трагедыю ажно да абвяшчэньня жалобы. “Загінулі ж на працы”, — кажа адзін з авіятэхнікаў.

“Нават не патрэбен быў гэты салют, гэтая ганаровая рота, гэты гімн. Цывільныя людзі, звычайная была праца, нічога асаблівага. Рызыка — так. Але рызыка і ў мэтро ёсьць, і ў кіроўцы тралейбуса таксама рызыка. Таму, як мне падаецца, жалоба тут не абавязковая”, — адзначыў авіятэхнік.

Восем з адзінаццаці членаў экіпажу пахавалі на Маскоўскіх могілках побач зь іншымі лётчыкамі: роўна два гады таму ў Танзаніі пацярпеў катастрофу дакладна такі ж транспартны самалёт. Тады загінулі сем беларусаў.

Бацька аднаго з загінулых Юры Несьцярэнка кажа: на жаль, у беларускіх лётчыкаў няма іншай альтэрнатывы, як скарыстоўваць любую магчымасьць быць запатрабаванымі:

“Каб была пастаянная праца і аплата вартая, то, натуральна, было б усё інакш. Такім чалавек створаны — усё ж шукае, дзе лепей. Хочацца, прынамсі, лепшага. Думае, пляны складае — маўляў, паеду зараблю; будуць грошыкі, забясьпечу сям’ю, сябе. Вось так. Але часам умешваецца злы рок”.

Былы бортінжынэр кампаніі “Трансавіяэкспарт” Валеры Лапкоўскі кажа, што на ягонай памяці сёньняшняе пахаваньне далёка ня першае:

“Я так падлічыў, што гэта ўжо сёмае пахаваньне экіпажаў. У 1975 годзе наш экіпаж упаў на маскоўскім лётнішчы “Ўнукава”. Потым сутыкнуліся з узбэцкай футбольнай камандай “Пахтакор”. Потым у Бэрліне ўпаў самалёт Багалюбава. Зь Менску самалёт вылятаў у Ленінград, Бяляеў камандзір, таксама ўпалі, загінула палова каманды. У Сургуце таксама была трагедыя, усе загінулі ў агні. І ўсе тут пахаваныя”.

Найвышэйшыя дзяржаўныя кіраўнікі праігнаравалі пахаваньне авіятараў. Ніхто ня выказаў спачуваньне сем’ям загінулых. Да таго ж сёньня падчас адкрыцьця веснавой сэсіі Палаты прадстаўнікоў гэтай тэмы не заўважылі. Нічога не сказаў на гэты конт і прысутны на адкрыцьці сэсіі прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі.

Сем’і загінулых атрымаюць страхавыя выплаты на 15 тысяч даляраў. Гэта ў колькі разоў меней, чым аналягічныя кампэнсацыі ў заходніх кампаніях.

Сёньня ў часе пахаваньня кіраўніцтва кампаніі “Трансавіяэкспарт” папрасіла прабачэньня ў сем’яў, якія страцілі сваякоў у катастрофе 23 сакавіка, і паабяцала зрабіць дадатковыя выплаты. Памеру кампэнсацыі не ўдакладнілі.

На здымках: разьвітацца з загіблымі авіятарамі прыйшлі тысячы людзей (фота аўтара).


Першым у апошні шлях выправіўся камандзір экіпажу Ігар Вашкевіч


Іван Габ быў адным з самых старэйшых і кваліфікаваных спэцыялістаў


Сваякі самага маладога члена экіпажу, 23-гадовага Арцёма Сычугова


Надмагільныя крыжы ў чаканьні сталага месца


Разам у небе, разам і ў зямлі


Родным найцяжэй...


Загіблых у Самалі пахавалі побач з авіятарамі, якія два гады таму загінулі ў Танзаніі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG