Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя вынікі сьледзтва: больш таямніц, чым адказаў


Скрыншот з камэр назіраньня ў мэтро. Выбух
Скрыншот з камэр назіраньня ў мэтро. Выбух
Прадстаўнікі сьледчай групы на чале з Андрэем Шведам, якая расьсьледуе тэракт, падалі першыя зьвесткі пра выканаўцу тэракту і ягоных памочнікаў, а таксама паведамілі пра некаторыя дэталі злачынства. Аднак ад адказаў на шмат якія пытаньні журналістаў сьледчыя ўстрымаліся.

Паводле кіраўніка сьледчай групы Андрэя Шведа, ужо ў ноч на 12 красавіка, прагледзеўшы відэазапісы, зробленыя на станцыях менскага мэтро, сьледчыя вызначылі падазронага, які ўрэшце і выявіўся выканаўцам тэракту. На прэсавай канфэрэнцыі супрацоўнікі пракуратуры паказалі журналістам кадры відэа, якія сьведчылі пра дзеяньні тэрарыста на станцыі мэтро «Кастрычніцкая»:

«Вось момант, дзе ён робіць маніпуляцыі пры ўсталяваньні выбуховага прыстасаваньня. Гэта каля лавы ці пад лавай, зараз экспэрты высьвятляюць, дзе празь некалькі хвілін здарыўся выбух».



Як быў знойдзены чалавек, якога называюць выканаўцам тэракту? Мяркуючы па зьвестках Андрэя Шведа, і тут дапамаглі відэазапісы:

«Знайшлі месца, дзе злачынец зайшоў у мэтро. Апрацавалі тэрыторыю праз тэрміновыя мерапрыемствы, і была знойдзеная гэтая асоба».

Знайшлі месца, дзе злачынец зайшоў у мэтро. Апрацавалі тэрыторыю праз тэрміновыя мерапрыемствы, і была знойдзеная гэтая асоба.
Андрэй Швед не назваў станцыю, празь якую тэрарыст зайшоў у мэтро. Між тым 13 красавіка міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў сказаў, што гэта была станцыя «Фрунзенская».

Ці ёсьць пэўнасьць адносна выбуховага рэчыва, якое ўзарвалася на «Кастрычніцкай»? Нагадаю, днём раней старшыня КДБ Вадзім Зайцаў паведаміў, што гэта было незвычайнае выбуховае рэчыва, якім «вельмі зацікавіліся экспэрты». Намесьнік кіраўніка сьледчай управы пракуратуры Максім Варонін гэтага не абверг і не пацьвердзіў:

«Магу сказаць, што адносна характарыстык выбуховага прыстасаваньня ёсьць пэўныя аргумэнтаваныя меркаваньні, але ў інтарэсах сьледзтва пакуль ад камэнтару пра гэта ўстрымаемся».

Андрэй Швед пра бомбу дадаў, што яна сабраная ня ў Менску і што гэта ня першы такі выраб тэрарыста:

«Мы зараз маем доказы, што менавіта гэты чалавек вырабіў выбуховае прыстасаваньне, якое было знойдзена 3 ліпеня 2008 году на сьвяце Незалежнасьці ў Менску, але не разарвалася. Сумненьняў тут няма ніякіх».

Пра тое, што гэты ж падазроны ў тэрарызьме зрабіў і выбуховыя прыстасаваньні, якія ўзарваліся ў 2005 годзе ў Віцебску, Андрэй Швед нічога не сказаў. Пра сувязь зь віцебскімі выбухамі казаў 13 красавіка Аляксандар Лукашэнка.

Паводле Андрэя Шведа, былі затрыманыя 5 падазроных, зь іх 2 зьмешчаныя ў сьледчы ізалятар: гэта чалавек, якога непасрэдна падазраюць у зьдзяйсьненьні тэракту, і асоба, якая яму дапамагала. Пра іхнія асобы Андрэй Швед паведаміў вельмі мала:

«Што да асобаў падазроных, магу сказаць, што гэта грамадзяне Рэспублікі Беларусь, да 30 гадоў, несудзімыя. Вось і ўсё».

Прафэсійную прыналежнасьць падазроных сьледчы ня вызначыў.

Які быў матыў злачынцаў і ці былі ў тэракту замоўцы? Пра гэта кіраўнік сьледчай групы вырашыў нічога не казаць, спаслаўшыся на тое, што яшчэ вядзецца збор доказаў ды іншыя сьледчыя мерапрыемствы.

У Андрэя Шведа спыталіся, ці ёсьць пацьверджаньні, што выбуховае прыстасаваньне было начыненае мэталічнымі прадметамі, як паведамлялася адразу пасьля тэракту. У шпіталях гэта пакуль не пацьвярджаюць, сказаў карэспандэнт «Эўрарадыё». Андрэй Швед каторы ўжо раз спаслаўся на таямніцу сьледзтва:

«Паражальныя элемэнты зьбіраліся на месцы злачынства, зь целаў загінулых і параненых. Іх шмат, яны розных відаў, але якія — у інтарэсах сьледзтва пакуль казаць ня буду».

Пры гэтым кіраўнік сьледчай групы папярэдзіў журналістаў, што распаўсюднікаў неправераных чутак будуць дапытваць і прымаць адносна іх «працэсуальныя рашэньні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG