Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі называюць розную колькасьць арыштаваных тэрарыстаў


Пасьля кіраўніка сьледчай групы і старшыні КДБ пра раскрыцьцё тэракту адрапартаваў міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў, паводле якога колькасьць арыштаваных тэрарыстаў адрозьніваецца ад ранейшых лічбаў.

Кіруе сьледчай групай, якая расьсьледуе тэракт у менскім мэтро, намесьнік генэральнага пракурора Андрэй Швед. 13 красавіка, выступаючы перад журналістамі, Андрэй Швед сказаў пра двух арыштаваных падазроных у тэракце, якія прызналіся ва ўчыненым.

Таксама ў сьледчую групу уваходзяць супрацоўнікі КДБ. У сераду з журналістамі сустрэўся і старшыня КДБ Вадзім Зайцаў. Ён паведаміў пра чалавека з хваравітымі амбіцыямі, які прызнаўся ў выкананьні тэракту. Разам з тым чалавекам была затрыманая яшчэ адна асоба, якая можа аказацца саўдзельнікам, паведаміў Вадзім Зайцаў.

Пазьней стала вядома пра заяву адносна раскрыцьця тэракту міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова. Хаця фармальна структуры міліцыі толькі дапамагалі сьледзтву, але, паводле міністра Куляшова, менавіта міліцыянты адыгралі галоўную ролю ў затрыманьні магчымых злачынцаў. Паводле Куляшова іх тры:

«Учора ўвечары ў Менску супрацоўнікамі галоўнай управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і спэцпадразьдзяленьнем „Алмаз“ былі затрыманыя тры падазраваныя асобы, датычныя да выбуху на станцыі мэтро „Кастрычніцкая“. Трэба адзначыць, што сабраныя неабходныя доказы іх датычнасьці да злачынства. Зьвяртаю ўвагу і на тое, што адзін з падазраваных мае дачыненьне да выбуху 4 ліпеня 2008 году каля стэлы „Горад-герой Менск“, і да выбухаў у верасьні-кастрычніку 2005 году ў Віцебску. Цяпер ідзе збор, аналіз і сыстэматызацыя доказаў датычнасьці затрыманых да названых злачынстваў».

Аляксандр Лукашэнка ў сваёй прамове перад сілавікамі 13 красавіка зусім не назваў колькасьці арыштаваных, але сказаў, што яны працавалі «хто токарам, хто сьлесарам».

Такім чынам, дакладная колькасьць арыштаваных застаецца невядомай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG