Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейская мяжа — бяз транспартнага кантролю


З 1 красавіка адменены кантроль транспарту на ўсіх аўтамабільных пунктах пропуску, разьмешчаных на беларуска-расейскім памежжы. На аўтапераходзе «Завольша» ў Віцебскай вобласьці чэргаў практычна няма, і кіроўцы фураў спадзяюцца, што гадзінамі ў чарзе больш стаяць не давядзецца.

Аўтапераход «Завольша» месьціцца прыблізна за 50 км ад Віцебску: тут Віцебшчына мяжуе з расейскай Смаленшчынай.

Зь беларускага боку чэргаў няма

Каб праехаць на беларускі бок, чаргі чакаюць 1–2 грузавыя машыны. На ўезьдзе ў Расейскую Фэдэрацыю — 3–4 фуры.


Адзін з кіроўцаў, Вальдэмар, вяртаецца ў Коўна з Расеі — вязе груз з гораду Дзямідава:

Кіроўца Вальдэмар задаволены.

«Прыехаў, гляджу — няма чаргі. І ня трэба выходзіць, ставіць пячаткі, чакаць, пакуль увядуць у кампутар… Гэта добра!»

Спадар Вальдэмар кажа, што яму даводзілася нават начаваць у чэргах. А сёньня ў шапіку пад шыльдай «Транспартны кантроль» нікога няма. Кантроль зьняты.

Кіроўца Саўлюс: «Раней у беларусаў стаялі доўга»

Пра колішнія чэргі на аўтапераходзе згадвае і спадар Саўлюс, ён таксама едзе ў Літву з Расеі:

«Еду ў Шаўляй з Масквы. Бывала, чэргі па два кілямэтры стаялі. А зараз няма чаргі — і нармальна! Доўга раней стаялі, калі шмат машын было. Гэта доўга, бо чэргі былі і каля акенца на афармленьне. Таму ў беларусаў звычайна доўга стаялі».

Кіроўца Саўлюс распавядае, што працэдура афармленьня непрацяглая па часе — калі ёсьць дазвол на бясплатны ўезд — то 5 хвілін, калі дазвол платны — то 10. Затрымкі здараліся таму, што машын зьбіралася шмат, а работнікі транспартнага кантролю працавалі ня дужа апэратыўна.

На расейскім баку транспартнага кантролю няма.

На расейскім баку стаіць пусты легкавік зь лягатыпам «транспартны кантроль». Але ніхто нікога не спыняе. Прадстаўнікі іншых памежных службаў толькі махаюць рукой, маўляў, «праяжджай», заўважае кіроўца Андрэй, які едзе зь Вільні да Масквы:

«Цяпер стала прасьцей — ня трэба заходзіць да транспартнікаў, і чэргаў няма, адпаведна. Хутчэй перасякаць мяжу цяпер стала, і значна прасьцей!»

Кіроўца Андрэй: Да транспартнікаў заходзіць больш ня трэба

Цяпер на беларуска-расейскай мяжы працуюць выключна вагавымяральныя комплексы. Транспартны кантроль будзе ажыцьцяўляцца толькі на зьнешняй мяжы саюзнай дзяржавы. Беларускія спэцыялісты будуць спраўджваць, ці маюць перавозчыкі, якія едуць у Расею, расейскія дазволы і ці адпавядаюць вагавыя парамэтры аўтатранспарту расейскім нормам.

На тэрыторыі Віцебскай вобласьці на беларуска-расейскім памежжы дзейнічалі 6 пунктаў транспартнага кантролю. На пунктах пропуску ня толькі кантралявалі транспартныя дакумэнты, але й аплочвалі дазволы на праезд. Паводле справаздачы абласной транспартнай інспэкцыі за 2010 год, кожны зь пяці транспартных інспэктараў на пераходзе «Завольша» зьбіраў за суткі амаль 5 мільёнаў рублёў, якія ішлі ў дзяржаўны бюджэт. Прыбыткі зь пераходу за мінулы год склалі больш за тры з паловай мільярда рублёў.Цяпер паступленьняў у бюджэт адсюль ня будзе.

Цягам месяца зьнікнуць зь мяжы і шапікі транспартнай інспэкцыі. Супрацоўнікаў памежных пунктаў транспартнага кантролю ўжо пераводзяць на іншую працу — у аршанскую і полацкую рэгіянальныя філіі, а таксама ў вагавымяральны кантроль, які функцыянуе бязь зьменаў.


Рашэньне скасаваць транспартны кантроль на беларуска-расейскай мяжы было прынятае на пасяджэньні камісіі Мытнага саюзу, якое прайшло ў Менску 14 сакавіка. Чакаецца, што 1 ліпеня гэтага году транспартны кантроль будзе адменены і на мяжы паміж Расеяй і Казахстанам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG