Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У банках чэргі. Валюты няма


Нацбанк ніяк не рэагуе на валютны ажыятаж: курс абмену беларускага рубля застаецца нязьменным. Але купіць у банках даляры і эўра па гэтым курсе практычна немагчыма.

Што пра гэта гавораць людзі, якія бязвынікова стаяць у чэргах ля вакенцаў пунктаў абмены валюты?



ГОМЕЛЬШЧЫНА


У абменьніках па-ранейшаму бракуе валюты

Ля гомельскіх валютных абменьнікаў людзі дзяжураць у чэргах, чакаючы, калі хто-небудзь здасьць даляры. Інакш касіры могуць валюту і прыхаваць. Такое, прынамсі, назіралася ў абменным пункце БПС-банку на вуліцы Савецкай.

Гаворыць спадарыня Кацярына, якая толькі што адышла ад касы:

«Даляры хаваюць. Вось зараз я ледзь вырвала 20 даляраў. Каб я ня бачыла, што здавалі, касірка б сказала, што няма. І ў любы абменьнік зойдзеш — нідзе няма. Толькі калі ўвачавідкі. І то адразу ж абвяшчаюць тэхналягічны перапынак. «Не, — кажу, — дайце 20 даляраў. У суседзяў ва Ўкраіне — даляры спакойна, у Расеі — спакойна. Чаму ў нас, у Беларусі, даляры хаваюць?».
Каб я ня бачыла, што здавалі, касірка б сказала, што няма.


Пэнсіянэрка таксама бавіць час ля абменьніка. Пазычала ў знаёмых на патрэбу даляры, а аддаць ня можа:

«Мне патрэбныя даляры, каб разьлічыцца. Я пазычала валюту, а беларускімі назад ніхто не бярэ. Купі — і аддай доўг. Вось цяпер і трэба хадзіць. Праблема! Я хаджу ўжо 2 тыдні і не магу з чалавекам разьлічыцца. Яны беларускія не бяруць, а валюту я не магу купіць».

Кабета кажа, што ўлады абяцалі стабільны курс беларускага рубля, а ён ужо, па сутнасьці, абрынуўся на 10 адсоткаў:

«Нам абяцалі, што ўсё будзе ў парадку. Ніякай дэвальвацыі, нацэнак. Бачыце, спачатку прытрымалі валюту, а цяпер яна падрасла ўжо на 10 працэнтаў. Трэба ж нешта вырашаць!».

Прадпрымальнік Уладзімер лічыць, што ў гэтай сытуацыі Нацыянальны банк паводзіць сябе не найлепшым чынам. Маўляў, вы, камэрцыйныя банкі, падвышайце кошт валюты на 10 адсоткаў, а мы тут нібыта й ні пры чым:

«Нацыянальны банк паводзіць сябе, як вулічная дзеўка. Ня больш і ня менш. Гэта значыць, вы, камэрцыйныя банкі, можаце падвышаць курс даляра, а мы ня будзем. Хочуць паказаць сябе добрымі падчас кепскай гульні».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Сытуацыя ў рэгіёне не зьмянілася: ля абменьнікаў чэргі, валюты няма

На Гарадзеншчыне сытуацыя з продажам валюты ў абменьніках зь першага красавіка не зьмянілася: людзі стаяць у чэргах і чакаюць, пакуль нехта здасьць валюту, каб потым яе набыць.

На чыгуначным вакзале ў Горадні побач тры абменьнікі, і ўва ўсіх даляры скупляюць па 3102 рублі, а прадаюць па 3105. Адзіная праблема — што тых даляраў у касе няма і людзі вымушаныя чакаць, пакуль ня прыйдзе хто здаваць валюту.

Маладая спадарыня тлумачыць, чаму, на яе думку, у абменьніках няма валюты.

Спадарыня: «Людзі скупляюць, бо баяцца, чуткі ўжо пайшлі, што даляр падаражэе да ўзроўню эўра. Я такое чула».

Слонімская прадпрымальніца спадарыня Валянціна кажа, што гэта ўсё часова, Нацбанк нібыта робіць захады ў гэтым кірунку і шмат хто спадзяецца, што ў хуткім часе сытуацыя з валютай нармалізуецца.

Усе кінуліся па іншамаркі і скупілі валюту.
Спадарыня: «Наагул, нічога няма, усе ходзяць шукаюць — безвынікова. Ну, зараз далі магчымасьць банкам прадаваць на 10% даражэй, то, можа, і зьявіцца. А яшчэ прэзыдэнт казаў, што трэба зрабіць „падушку бясьпекі“, бо ўсе кінуліся па машыны і скупілі валюту. Таму цяпер і няма яе».

Прадпрымальнік са Сьвіслачы спадар Аляксандар таксама распавядае, што ў ягоным невялікім гарадку людзі стаяць ля абменьнікаў у чэргах і чакаюць, пакуль нехта здасьць валюту. Ён думае, што ўрад ня пойдзе на продаж валюты па свабодных цэнах і што да правядзеньня непапулярных рэформаў кіраўніцтва краіны не гатовае.

Спадар: «Хутчэй за ўсё, на рэальныя зьмены ніхто ня пойдзе, бо наш урад больш займаецца папулізмам, а правесьці дэвальвацыю рубля — мера непапулярная. Адразу ўпадзе заробак у даляравым эквіваленце з 500 да 300. Гэта можа выклікаць сацыяльны выбух».

Яшчэ адзін прадпрымальнік, спадар Віталь з Мастоў кажа, што ўлады ня здольныя на рэформы, але добра навучыліся выпрошваць крэдыты.

Спадар: «Выйсьця ў іх няма, але яны ізноў дамаўляюцца з расейцамі на крэдыт у тры мільярды, а потым пачнуць прадаваць ім нашы прадпрыемствы. Здаецца ж, зацьвердзілі праграму прыватызацыі на бліжэйшыя гады».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG