Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: Эмігранцкі раман


Аўстрыйскі пісьменьнік і журналіст Марцін Полак атрымаў прэмію "За ўклад у эўрапейскае ўзаемаразуменьне". У сваёй прамове ён палічыў важным сказаць пра становішча беларускіх творцаў. Дзякуй яму. Мастакі і пісьменьнікі мусяць пакідаць краіну, зважаючы на рэпрэсіі, іншага выйсьця ў іх няма, сказаў ён…

Дзе пісаць, ці — што пісаць?

Тэма эміграцыі, закрану толькі літаратараў, на слыху. Але выглядае: пакуль небясьпечна перш палітыкам, грамадзкім дзеячам, якія, скажам, дапамагалі на апошніх выбарах апазыцыйным кандыдатам. Калі яны адначасова і пісьменьнікі ці паэты, тады сапраўды — два ў адным атрымліваецца. Словам, масавага зыходу пішучага люду пакуль не назіраецца. Але Марцін Полак мае рацыю, калі гаворыць пра вузкія рамкі для існаваньня незалежных творцаў, якія ім пакінуў рэжым. Так-так, нешта накшталт рэзэрвацыі.

Для большасьці пісьменьнікаў, аднак, сёньня менш важна — дзе пісаць, важней — што. Урэшце кожны імкнецца да сваёй вежы, яна будуецца звычайна дома. Ніхто не аспрэчвае: для творцы адчуваць сябе ў бясьпечных умовах, у адрознай ад сёньняшняй Беларусі краіне — даволі пажаданая рэч, але не абавязковая. Невядома яшчэ — як ён уладкуецца за мяжой, ці будзе ў стане пісаць? Я ня бачу пакуль сюжэту: унутры краіны ўсе сядзяць, падцяўшы хвасты, а як толькі апынаюцца “на экзылі”, пачынаюць выдаваць а-ля “1984” і “Архіпэляг ГУЛАГ”. Унутраны беларускі цэнзар? Так, але ня толькі. Пачалі ж нарэшце паяўляцца кнігі пра нашую рэчаіснасьць, прычым на месцы. “Рыбін горад” Наталкі Бабінай, “Плошча” Барыса Пятровіча. Дазволю сабе здагадку: часам нават карысна адчуваць сябе тым самым унутраным эмігрантам, каб быць мацнейшым за сябе-цэнзара, прынамсі падужацца зь ім.

Беларусь зрабілася цікавай іншым не лядовымі палацамі або наяўнасьцю свайго трактара, а тым, што афішуе мазахісцкую асалоду, амаль што ганарыцца сваім статусам апошняй дыктатуры. Я лічу, гэта будзе датычыць і літаратуры, але без афіцыйных літаўраў: раскажыце, як апынуліся ў пастцы, што адчуваюць, як трываюць нашчадкі партызанаў? Наўрад ці эўрапейцаў больш зацікавіць факт, што беларусы здолелі выпусьціць кулінарную энцыкляпэдыю на расейскай мове “500 страваў з бульбы”.

Соль становішча пісьменьніка — у падвойнай, скажам, маргінальнасьці: пісаць на беларускай мове ў гэтай краіне — азначае разьлічваць на мінімум чытачоў, не мяняць пісьменьніцкі білет на “чаргінцоўскі” — заставацца ў “чорным сьпісе”. Цябе не надрукуюць у вялікім выдавецтве, ня возьмуць тваю кніжку ў бібліятэку і ў кнігарню. Так, але застаецца плюс — быць свабодным. Хаця падтрымка таксама вельмі важная. Той жа “Рыбін горад” — прыклад, што беларуская кніга мусіць і можа зьвяртацца да чытачоў-суседзяў. Бачыў у самай буйной варшаўскай кнігарні пераклад раману Наталкі Бабінай на паліцы — “раім набыць”.

Перакласьці на расейскую мову, вядома, лягчэй, але на ўсходнім фронце мы зьменшылі прысутнасьць. Праўда, у Маскве адбыўся кніжны кірмаш і ў першых шэрагах, чытаю, “беларуская пісьменьніца”, якая напісала пра Гітлера і Калчака. Ніякавата, але прозьвішча першы раз бачу, прычым на канцы — цьвёрды знак (?!). Не чакаў, што беларусы адметныя такім знакам, хіба што ўзгадаць вялікую шыльду піўнога рэстарана ў сталічным Верхнім горадзе, зробленую на “дарэвалюцыйны” капыл.

Уцякацкі хлеб


У “Дзеяслове” пачаў друкавацца раман Славаміра Адамовіча, ягонае нарвэскае “хаджэньне па пакутах”. Наяўнасьць такой кнігі ў літаратуры — рэч цікавая. Хаця відавочна, што калі ўцёк за жалезную заслону Дзьмітры Савіцкі альбо той самы Лімонаў, іхныя творы для расейскай літаратуры былі значна больш нечаканымі, унікальнымі (што праўда: проза першага відавочна лепшая за кніжкі другога зь іх).

“Цана Эўропы, альбо гісторыі Вільмана” Адамовіча — прыклад сучаснай беларускай эмігранцкай кнігі. Чытача бянтэжыць, што аўтар, рашыўшыся папрасіць прытулку ў Нарвэгіі, ледзь не адразу пачаў марыць: хутчэй бы дахаты. Як можна зразумець, ён хацеў зарабіць і вярнуцца. Добра хоць не далі прытулак палітычны, на які ён разьлічваў пачаткова, бо тады з гэтым было б складана. Але вярнуўшыся дахаты, ён не знайшоў палёгкі, ён стаў ужо іншым — з увагі на новы досьвед. Такі твор нагадвае экспэрымэнт на сабе.

З Нарвэгіі нядаўна дэпартавалі 25-гадовую пісьменьніцу-расейку. Пад псэўданімам Мары Амэлі яна выдала кнігу “Нелегальная нарвэжка”, якая стала бэстсэлерам. Адзін часопіс нават назваў аўтарку “Нарвэжкай году”. Паколькі яна з добрым веданьнем напісала пра жыцьцё нелегальнага імігранта, улады зацікавіліся яе асобай. Пісьменьніцу арыштавалі і дэпартавалі, бо сама яна жыла ў краіне без дазволу. Таксама, дарэчы, на сабе экспэрымэнт паставіла.

Два прыклады: Мары Амэлі, якая імкнулася далучыцца да грамадзтва, стаць сваёй, вывучыла мову, напісала кнігу, разьлічаную на нарвэскага чытача, але якой не далі статус уцекача, і наш Славамір Адамовіч, які меў дазвол на жыхарства, але пачуваўся чужынцам і напісаў кнігу для беларусаў пра сваё незайздроснае жыцьцё ў краіне ф’ёрдаў. Хаця любы аўтар ня супраць, каб яго пераклалі. Але ці хацеў бы Адамовіч, каб нарвэжцы прачыталі, як чужакі па-партызанску цягаюць пратэрмінаваную ежу, якая выглядае яшчэ о’кэй, але якую яны, нарвэжцы, выкінулі? У сваім рамане ён падрабязна піша пра гэты свой эмігранцкі хлеб: прыгожы, з гарэхамі, семкамі і бог ведае чым, ажно выклікае прыкрасьць, пратэст. Да слова: такі самы выпякаюць цяпер і дома. Але са свайго нядаўняга готляндзкага досьведу магу пацьвердзіць: у “капіталістаў” ён атрымліваецца звычайна смачнейшым. Яны даўно заўважылі, што якасьць хлеба павінна адпавядаць якасьці жыцьця, не адставаць ад яго.

Раман “Цана Эўропы, альбо гісторыі Вільмана” каштоўны практычнымі парадамі: як, уласна кажучы, знайсьці ўцякацкі хлеб на чужыне. Але твор хутчэй адбівае ахвоту паўтарыць шлях аўтара, чым заахвочвае… Сёньня мы маем ужо іншыя прыклады: атрымаўшы літаратурную стыпэндыю, пісьменьнік хоча застацца за мяжой, каб жыць і пісаць. Зразумела, для беларускага чытача, але таксама робіць крокі, каб зацікавіць і замежнага.

Дачакаліся: нашая літаратура пачала нарэшце вымыкацца па-за свае звычайныя рамкі, з савецкага пісьменьніцкага шыняля. Зь іншага боку, я б зьдзёр зорачкі разам з пагонамі, мэдалькі здаў у літаратурны музэй, наставіў бы каўнер і напісаў раман аб унутранай эміграцыі. Падобна, што ў астатняй Эўропе мы апошнія ўнутраныя эмігранты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG