Пятага траўня праваслаўныя вернікі Беларусі адзначаюць Вялікдзень. Каталікі сьвяткавалі яго 31 сакавіка. Для гэтага сьвята існуюць традыцыйныя стравы: фарбаваныя яйкі, паска. Паглядзелі, як гэтыя прадукты падаражэлі за год. Летась Вялікдзень праваслаўныя сьвяткавалі 16 красавіка. Мы параўналі цяперашнія цэны зь леташнімі красавіцкімі з дапамогай папулярнага сэрвісу дастаўкі прадуктаў і зьвестак Белстата.
Яйкі і паска
Аснова велікоднага стала — фарбаваныя яйкі і сьвяточная булка-паска. Год таму дзясятак яек каштаваў 3 рублі 8 капеек.
Цяпер сярэдняя цана — 3 рублі 50 капеек. За год +12,5%.
Каб пафарбаваць яйкі, беларусы часта выкарыстоўваюць шалупіньне ад цыбулі. Кіляграм цыбулі цяпер каштуе ў сярэднім 2 рублі 60 капеек (згодна з сэрвісам «Е-дастаўка»). Год таму сярэдняя цана на цыбулю была 2 рублі 11 капеек. За год +18%.
Для паскі спатрэбіцца паўлітра малака, мука (для падлікаў возьмем кошт аднаго кіляграма), масла, 300 грамаў цукру, 6 яек, а таксама разынкі, сухія дрожджы і соль.
Калі пералічыць усе прадукты на цяперашнія цэны ў патрэбных прапорцыях, то яны будуць каштаваць 10 рублёў 70 капеек. У пераліку на цэны леташняга красавіка, калі сьвяткавалі Вялікдзень, такі ж набор прадуктаў абышоўся б у 9 рублёў 60 капеек. То бок за год ён падаражэў на 10%.
Яшчэ адна традыцыйная велікодная страва — паска з тварагу. Для яе спатрэбіцца сам тварог, вяршкі, масла, цукар, разынкі. Пры цяперашніх цэнах такая страва абыдзецца ў 10 рублёў 85 капеек.
На леташні Вялікдзень на яе хапіла б 9 рублёў 70 капеек. Рост таксама 10%.
Мяса
На велікодны стол таксама прынята падаваць мяса, асабліва калі перад гэтым чалавек выконваў Вялікі пост. Звычайна рыхтуюць бужаніну, каўбасу, гатуюць індычку ці курыцу.
Кіляграм гатовай бужаніны цяпер каштуе 20 рублёў 65 капеек. Год таму цана была — 16 рублёў 99 капеек: падаражэла на 3 рублі 66 капеек (плюс 17,7%).
Кіляграм курыцы цяпер каштуе 6 рублёў 30 капеек, на мінулы Вялікдзень — 5 рублёў 80 капеек (плюс 8%).
Гародніна
Таксама на Вялікдзень прынята рабіць лёгкія салаты з гародніны. Возьмем звычайны набор з памідораў, агуркоў, перцаў і капусты. Па цяперашніх цэнах, калі купляць усяго па адным кіляграме, выйдзе 22 рублі 29 капеек. На мінулы Вялікдзень такі ж набор каштаваў 18 рублёў 95 капеек — быў таньнейшы на 15%.
У колькі абыдзецца стол
Сьвяточны стол на Вялікдзень, калі ўлічваць дзясятак фарбаваных яек, паску, бужаніну і мяса птушкі з гароднінай, пацягне амаль на 77 рублёў, і гэта без уліку напояў.
Летась накрыць такі ж стол каштавала 66 рублёў, таньней на 14%.
Форум