Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя беларускія палітвязьні расказалі, як ім у зьняволеньні дапамагала Радыё Свабода


 Праваабаронца Леанід Судаленка, актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк, журналістка «Народнай волі» Вольга Класкоўская. Каляж
Праваабаронца Леанід Судаленка, актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк, журналістка «Народнай волі» Вольга Класкоўская. Каляж

Леанід Судаленка пасьля СІЗА на этапе ў калёнію атрымаў раздрукоўкі публікацыяў на сайце Радыё Свабода пра ягоны перасьлед, а Паліна Шарэнда-Панасюк падчас ператрусу перад самым арыштам пасьпела паведаміць дэталі журналісту Свабоды. Журналістцы «Народнай волі» Вользе Класкоўскай сваякі на спатканьнях пераказвалі навіны са Свабоды.

Цяпер былыя палітвязьні выказваюцца ў падтрымку Радыё Свабода, якое апынулася перад бюджэтнымі праблемамі, выкліканымі рашэньнем Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM) спыніць пералічэньне Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС) сродкаў, вылучаных для гэтай мэты Кангрэсам ЗША.

Судаленка: чвэрць стагодзьдзя з Радыё Свабода

Праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка кажа, што ня менш за чвэрць стагодзьдзя бачыць сваё прозьвішча на сайце Радыё Свабода. Гісторыя гэтых адносін налічвае сотні згадак, з гонарам кажа былы палітвязень.

«Вось заходжу на сайт Свабоды, набіраю ў пошукавіку сваё прозьвішча, і той выдае мне ажно 558 згадак Судаленкі. Самы першы артыкул, які пра мяне дае інтэрнэт-архіў Свабоды, выйшаў у сьнежні 2001 году. Але насамрэч былі публікацыі і раней, яшчэ і ў 2000 годзе. Таму з поўнай упэўненасьцю магу сказаць, што я 25 гадоў, чвэрць стагодзьдзя, зьвязаны з Радыё Свабода», — адзначае Леанід Судаленка.

Паводле праваабаронцы, у артыкулах Свабоды розных часоў адлюстраваная ня толькі ягоная праца ў гомельскай «Вясьне», але і дзейнасьць яго як інспэктара ў незалежным прафсаюзе, удзел у розных акцыях і палітычных кампаніях, у тым ліку ліставаньне з Камітэтам правоў чалавека ААН.

«За гэта таксама вельмі ўдзячны, бо з гэтай перапіскі бачна шмат цікавага пра Беларусь і пра нашу барацьбу за правы людзей», — кажа праваабаронца.

Леанід Судаленка з удзячнасьцю згадвае карэспандэнтаў Радыё Свабода, зь якімі кантактаваў падчас сваёй праваабарончай працы.

«І згадваю мой першы камэнтар для Свабоды. 2001 год, прэзыдэнцкая кампанія, гісторыя была зьвязаная з вылучэньнем Сямёна Домаша. У Лоеве пакаралі мясцовага жыхара, і мне як сябру каманды кандыдата на прэзыдэнта давялося быць прадстаўніком гэтага чалавека ў адміністрацыйным працэсе — тады закон такое яшчэ дазваляў. Журналіст Свабоды браў у мяне інтэрвію, і я дагэтуль памятаю, як моцна хваляваўся, бо камэнтар быў для Радыё Свабода!»

Леанід Судаленка адбыў больш за 2,5 года ў зьняволеньні і мае гісторыю адносінаў з Радыё Свабода і як палітвязень.

«Калі сядзеў у СІЗА ў Гомлі, калегі дасылалі копіі артыкулаў з Радыё Свабода пра мяне. Іх было ня меней за 10, але я пра гэта пазьней даведаўся. А ў СІЗА, натуральна, мне іх на рукі не давалі. Аднак і не выкідвалі ў сьметніцу, яны ўсе захоўваліся на складзе. Перад этапам у калёнію я напісаў заяву, каб усю маю пошту аддалі жонцы, у чым адмовілі, затое ўсе лісты разам з раздрукоўкамі свабодаўскіх публікацыяў выдалі мне на рукі: маўляў, сам іх вязі ў калёнію. Вось тады я іх пабачыў і прачытаў. Пра тое, як затрымлівалі, як судзілі, як сядзеў пад сьледзтвам і як у гэты час мяне падтрымлівалі на волі. Вядома, было вельмі прыемна, што пра мяне не забыліся, проста адчуў прыліў новых сіл! Дарэчы, гэта потым дапамагала і ў калёніі, бо пэўна ведаў, што падтрымка працягваецца. А тады, як прыехаў у сваю калёнію, у „Віцьбу-3“, там опэр усе раздрукоўкі адразу забраў і зьнішчыў», — згадаў праваабаронца Леанід Судаленка.

Леанід Судаленка прызнаўся, што цяпер кожны працоўны дзень пачынае з прагляду сайту Радыё Свабода, сочыць за навінамі на сайце цягам дня і працягвае супрацоўнічаць з Радыё Свабода як праваабаронца.

«Вырвалі з рук тэлефон, калі размаўляла з «Свабодай», — Паліна Шарэнда-Панасюк

Актывістка «Эўрапейскай Беларусі», былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк згадала, што пачала рэгулярна цікавіцца сайтам «Радыё Свабода» яшчэ ў канцы 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

«Мажлівасьці слухаць радыё ў мяне не было, але ў сайт я паступова ўцягнулася. У тым ліку таму, што адсочвала на сайце сваю ўласную дзейнасьць як актывісткі. У Берасьці часта ладзілі пратэсныя акцыі: надпісы, расьцяжкі, мы вывешвалі сьцягі, клеілі ўлёткі. За гэтымі акцыямі часта стаяла асабіста я і мае сябры з «Маладога фронту» і «Зубра». «Радыё Свабода» заўсёды добра асьвятляла гэтую дзейнасьць, і ў выніку я зрабілася сталай чытачкай сайту. Дарэчы, гэтая звычка засталася і па вызваленьні, бо вось я прыехала зь Беларусі ў Вільню і зноў абавязкова штодня чытаю сайт «Радыё Свабода», — расказала былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.

У інтэрнэт-архіве «Свабоды» пра Паліну згадваецца 187 разоў. Сама яна запомніла дзьве гісторыі, бо непасрэдна спрычынілася да гэтых навінаў на Свабодзе.

Першая адбылася ў 2010 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, якія закончыліся пратэстамі тысяч беларусаў супраць фальшаваньня вынікаў.

«У дом да нас а 7-й раніцы прыйшлі кадэбэшнікі і пачалі ператрус, а мне ўдалося зрабіць запіс на дыктафон таго ператрусу, запіс я пераслала знаёмым, і ўпершыню ён зьявіўся на Радыё Свабода. На запісе быў дыялёг мой і майго мужа Андрэя з супрацоўнікамі КДБ, якія рабілі ператрус. Пра тое, чаго яны прыйшлі, у чым мы нібыта вінаватыя. Тады ўжо пачалі ціснуць на актывістаў у сувязі з выбарчай кампаніяй, але гэта старанна прыхоўвалася, а мне хіба ўпершыню ў Беларусі ўдалося зрабіць запіс пра гэты ціск як доказ. Ведаю, што ён пайшоў у эфір Радыё Свабода», — расказала Паліна Шарэнда-Панасюк.

Другая гісторыя, якую згадала былая палітзьняволеная, адбылася зь ёю праз амаль 11 гадоў. Уласна, з гэтай гісторыі, кажа, і пачалася яе «чатырохгадовая турэмная эпапэя».

«Ну і 3 студзеня 2021 году, калі Андрэй быў на «сутках», да нас у кватэру зноў уварваліся супрацоўнікі, выбілі дзьверы, адразу кінуліся на мяне і літаральна вырвалі з рук тэлефон.

Але да таго я пасьпела сказаць журналісту «Свабоды», які акурат набраў мой нумар, што «мянты ламаюць дзьверы». Таму і лічу, што двойчы пабывала ў жывым эфіры «Свабоды», — усьміхаецца Паліна Шарэнда-Панасюк.

Пры гэтым актывістка згадала, як некалькі гадоў раней ёй давялося пабываць у офісе Радыё Свабода як госьці.

«Недзе напачатку 2000-х зь сябрамі зь Берасьця мы паехалі ў вандроўку ў Прагу і там наведалі офіс „Радыё Свабода“, у тым ліку пазнаёміліся з маці дырэктара Беларускай службы Аляксандра Лукашука Марыяй Лукашук. Яна сама была з Берасьця, адкуль і мы, гэта нас яшчэ больш зблізіла. Вельмі нам запомнілася гэтая інтэлігентная, прыемная жанчына. Дзякуй ёй, што выхавала такога сына, мяркую, тое, што Аляксандар Лукашук стаў дырэктарам Беларускай службы Радыё Свабода — гэта і яе заслуга таксама».

З 2021 году цягам зьняволеньня Паліны Шарэнды-Панасюк «Свабода» апублікавала пра яе дзясяткі новых артыкулаў. Гэта былі артыкулы пра новыя судовыя працэсы над актывісткаю, пра ўмовы ў калёніях і ШЫЗА, зьдзекі і катаваньні ахоўнікаў, стан здароўя. Былая палітзьняволеная прызнаецца, што да яе даходзілі толькі агульныя зьвесткі пра гэтыя артыкулы — бо паўсюль адміністрацыя строга сачыла за тым, каб да яе ніякай інфармацыі звонку не даходзіла.

«Мяне ж трымалі фактычна ў інфармацыйным вакууме, асабліва апошнія два гады. Гэтыя бясконцыя ШЫЗА, ПКТ... Толькі аднаго разу адвакат намякнуў, што пра мяне пішуць, і то не асьмеліўся назваць мэдыя. І яшчэ ў 24-й калёніі аднаго разу чула фразу, што пра мяне „ў інтэрнэце стракаціць“. А калі пабачыла ў канцы мінулага году тыя фільмы, дзе паказалі зьняволеных журналістаў Радыё Свабода, дык зразумела, як моцна і на іх ціснуць. Усё роўна вялікі дзякуй Радыё Свабода за падтрымку, пакуль сядзела па вязьніцах», — сказала Паліна Шарэнда-Панасюк.

Былая палітзьняволеная выказала свае пажаданьні свабодаўцам:

«Трымайцеся, захоўвайце журналісцкі калектыў, не перакідвайцеся на іншыя тэмы, не ўласьцівыя „Свабодзе“. А што да праблемаў, то мая парада такая: грукайцеся ў дзьверы — і вам будзе адчынена».

Класкоўская: Сваякі пераказвалі нам навіны са Свабоды

«З Радыё Свабода ў мяне зьвязана вельмі шмат», — расказала былая журналістка «Народнай волі» Вольга Класкоўская.

«Памятаю, як аднойчы ў дзевяностых зайшла ў пакой да таты — а ён слухаў праз прыёмнік Радыё Свабода. Быў акурат нейкі эфір з Паўлам Севярынцам. Прысела побач з татам і пачалі слухаць разам. Мяне захапіла гэтая плынь шчырай гаворкі пра беларускія праблемы на беларускай мове. Дакладна магу сказаць, што Радыё Свабода адыграла вялікую ролю ў фармаваньні маёй самасьвядомасці», — прызналася Вольга Класкоўская.

Паводле былой журналісткі «Народнай волі» яна з 90-х гадоў стала рэгулярным слухачом Радыё Свабода і цяпер застаецца пастаянным чытачом сайту svaboda.org.

Нават у зьняволеньні Вользе, па яе словах, дапамагала інфармацыя са Свабоды.

«У СІЗА і гомельскай калёніі, ва ўмовах амаль што суцэльнай ізаляцыі, Свабода ўсё роўна прабівалася да нас: калі зьяўлялася хоць нейкая магчымасьць камунікацыі са зьнешнім сьветам (званкі, спатканьні) нашыя сваякі пераказвалі нам навіны са Свабоды, а таксама распавядалі, што Радыё Свабода шмат піша пра палітвязьняў, што нас не забываюць. Гэта ўмацоўвала сілу духу ў няволі, натхняла і абнадзейвала», — згадала Вольга.

У зьняволеньні Класкоўская адбыла больш за 2 гады, зь іх амаль 9 месяцаў у жаночай калёніі № 4 у Гомлі. Вольга распавяла, што асабіста ведае многіх журналістаў Свабоды.

«Свабодаўцы — сапраўдныя прафэсіяналы, заўсёды трымаюць марку ва ўсіх сэнсах. Амаль кожную раніцу я пачынаю з таго, што адкрываю сайт Радыё Свабода», — сказала былая палітзьняволеная Вольга Класкоўская.

Што папярэднічала

14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM)

«На працягу 7 дзён з даты падпісаньня гэтага ўказу кіраўнік кожнай зь пералічаных [у дакумэнце] дзяржаўных установаў павінен падаць дырэктару Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня справаздачу, якая пацьвярджае поўнае выкананьне ўказу, а таксама тлумачыць, якія падразьдзелы ці функцыі гэтай установы прадпісаныя законам і ў якой ступені», — гаварылася ў тэксьце ўказу.

Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу СМІ распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, спынены.

Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як старшая дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара USAGM з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара.

24 сакавіка Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM) абавязалася перадаць Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС) частку сродкаў, вылучаных для гэтага Кангрэсам ЗША.

Гэта стала вядома перад заплянаваным пачаткам судовага слуханьня гэтага пытаньня ў рамках працэсу, распачатага РСЭ/РС супраць ураду ў сувязі з спробай агенцтва спыніць фэдэральнае фінансаваньне РСЭ/РС.

Рашэньне Агенцтва глябальных мэдыя ЗША ад 24 сакавіка азначае, што РСЭ/РС атрымае 7,46 мільёна даляраў, суму, якая ахоплівае пэрыяд з 1 па 14 сакавіка (15 сакавіка USAGM заявіла аб спыненьні свайго гранту для РСЭ/РС).

  • Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода — некамэрцыйная мэдыякарпарацыя, якая распаўсюджвае інфармацыю на розных плятформах для аўдыторыі ў 23 краінах Усходняй, Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі на 27 мовах. Місія карпарацыі — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі ў краінах, дзе свабодная прэса пад пагрозай і навязваецца дэзынфармацыя.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG