Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэцкая паліцыя сілай разагнала пратэсты ва ўнівэрсытэце ў Стамбуле


Пратэстоўцы на маршы ў Стамбуле
Пратэстоўцы на маршы ў Стамбуле

Паліцыя выкарыстала пярцовыя балёнчыкі, гумовыя кулі і вадамёты супраць дэманстрантаў ранкам 27 сакавіка. Напружанасьць пасьля двух дзён адноснага спакою аднавілася. У краіне працягваюцца найбуйнейшыя за больш чым дзесяць гадоў антыўрадавыя пратэсты.

Дэманстрацыі пачаліся на мінулым тыдні пасьля арышту мэра Стамбулу Экрэма Імамоглу, ключавога суперніка прэзыдэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана.

Імамоглу апынуўся ў турме з абвінавачваньнем у хабарніцтве. Апанэнты Эрдагана лічаць такія закіды палітычна матываванымі. Таксама палітыка вінавацяць у падтрыманьні тэрарызму. Урад настойвае на тым, што судовая сыстэма незалежная, але крытыкі кажуць, што доказы грунтуюцца на паказаньнях таемных сьведак і не заслугоўваюць даверу, піша AP.

Рана ў чацьвер студэнты-дэманстранты спрабавалі прайсьці маршам і сабраліся, каб прачытаць заяву каля брамы Блізкаўсходняга тэхнічнага ўнівэрсытэту, паведамілі праапазыцыйная тэлекампанія Halk TV і мясцовыя мэдыя. Іх сустрэлі сілы бясьпекі, якія ўжылі пярцовы газ, вадамёты і гумовыя кулі. Пачалося супрацьстаяньне, студэнты схаваліся за барыкадай са сьмецьцевых бакаў, паліцыя загадала затрымаць пратэстоўцаў.

Мэліх Мэрык, дэпутат ад Рэспубліканскай народнай партыі, пацярпеў ад пярцовага балёнчыка, які ўжылі сілавікі.

«Мае сябры-студэнты толькі хацелі зрабіць заяву для прэсы, але паліцыя катэгарычна не дазволіла гэтана зрабіць, вось вынік», — сказаў Мэрык на відэа ў сацыяльных сетках.

Афіцыйныя асобы не паведамляюць, колькі чалавек затрымана гэтым разам.

Эзгюр Эзэль, лідэр Рэспубліканскай народнай партыі, да якой належыць Імамоглу, паабяцаў, што дэпутаты ад партыі застануцца на баку пратэстоўцаў у надзеі зьнізіць напружанасьць. Эзэль таксама папярэдзіў, што калі паліцыя справакуе дэманстрантаў, ён «закліча 500 000 чалавек прыйсьці ў месца, якое будзе больш за ўсё турбаваць» Эрдагана.

Міністар унутраных спраў Алі Ерлікая заявіў, што за мінулы тыдзень у сувязі з пратэстамі сілы бясьпекі затрымалі 1418 чалавек.

Дэманстрацыі прайшлі ў буйных гарадах, сотні тысяч выйшлі на акцыі пратэсту і мітынгі Рэспубліканскай народнай партыі каля мэрыі Стамбулу. Гістарычны аквэдук каля мэрыі стаў штодзённым месцам супрацьстаяньняў паміж паліцыяй і дэманстрантамі, якія ў канцы дня паліцыя скончыла газавымі балёнчыкамі, гумовымі кулямі і затрыманьнямі.

Іншыя буйныя акцыі пратэсту прайшлі ў раёнах Кадыкёй і Шышлі, куды пасьля арышту мэра на мінулым тыдні прызначылі ўрадавую давераную асобу. Тысячы пратэстоўцаў прайшлі па навакольлі, а жыхары з вокнаў і гаўбцоў пляскалі і грукацелі рондлямі й патэльнямі на знак салідарнасьці.

Эрдаган абвінаваціў апазыцыю ў «патапленьні эканомікі» і заявіў, што вінаватых у нанясеньні шкоды фінансавай стабільнасьці прыцягнуць да «адказнасьці».

Апазыцыя заклікала байкатаваць кампаніі, якія, зь яе словаў, падтрымліваюць урад Эрдагана. Прэзыдэнт Турэччыны абвінаваціў апазыцыю ў «такой ступені адчаю, што яна гатовая кінуць краіну і нацыю ў агонь».

Тым часам Імамоглу, выступаючы з турмы праз сацыяльныя сеткі, асудзіў паліцэйскі гвалт супраць пратэстоўцаў: «Я не магу назваць іх паліцыяй, бо мая шаноўная паліцыя не чыніла б такой жорсткасьці над юнымі дзецьмі нацыі», — сказаў ён.

Чарговыя выбары ў Турэччыне адбудуцца толькі ў 2028 годзе, але ня выключана, што Эрдаган прызначыць датэрміновае галасаваньне, каб пайсьці на новы тэрмін.

Імамоглу зацьвердзілі ў якасьці кандыдата ад Рэспубліканскай народнай партыі. Ён паказаў добрыя вынікі ў апошніх апытаньнях. Яго абраньне мэрам найбуйнейшага гораду Турэччыны ў 2019 годзе стала моцным ударам для Эрдагана і яго партыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG