Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Турэччыне з санкцыі суду арыштавалі мэра Стамбулу, магчымага суперніка Эрдагана


Пратэсты супраць затрыманьня мэра Стамбулу
Пратэсты супраць затрыманьня мэра Стамбулу

У Турэччыне ў нядзелю суд выдаў санкцыю на арышт мэра Стамбулу Экрэма Імамоглу, якога абвінавачваюць у карупцыі. Яго затрыманьне раней на гэтым тыдні, 19 сакавіка, прывяло да адных з найбуйнейшых пратэстаў па ўсёй краіне за больш як дзесяцігодзьдзе.

Імамоглу займае пасаду мэра Стамбулу з 2019 году. Ён лічыцца асноўным палітычным супернікам прэзыдэнта Рэджэпа Эрдагана.

Галоўная апазыцыйная партыя Турэччыны — Рэспубліканская народная партыя, а таксама эўрапейскія лідэры і дзясяткі тысяч удзельнікаў ужо распачатых выступаў у падтрымку Імамоглу крытыкуюць яго крымінальны перасьлед як палітызаваны і супярэчны прынцыпам дэмакратыі.

Сам Экрэм Імамоглу, які ў шэрагу апытаньняў апярэджвае Рэджэпа Эрдагана, назваў абвінавачаньні «надуманымі і паклёпніцкімі».

Большасьць пратэстаў супраць затрыманьня Імамоглу былі мірнымі, але паведамлялі і аб сутыкненьнях дэманстрантаў з паліцыяй на акцыях у Ізьміры, у Анкары. Супрацоўнікі сіл бясьпекі прымянялі вадамёты, пярцовы газ. З нарастаньнем хвалі пратэстаў улады на некалькі дзён забаранілі ўсе вулічныя акцыі ў Стамбуле і шэрагу іншых рэгіёнаў. У нядзелю МУС паведаміла аб затрыманьні, пачынаючы зь серады, больш за 320 дэманстрантаў.

Прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган асудзіў беспарадкі, абвінаваціўшы Рэспубліканскую народную партыю Імамоглу ў спробах «парушыць мір і раскалоць народ».

  • Імамоглу быў затрыманы за некалькі дзён таго, як яго плянавалі абраць кандыдатам на пасаду прэзыдэнта на выбарах 2028 году. Нараўне з ім 19 сакавіка ў рамках расьсьледаваньня затрымалі больш за 100 чалавек, уключаючы палітыкаў, журналістаў, бізнэсоўцаў. Раней Стамбульскі ўнівэрсытэт абвясьціў, што анулюе дыплём Экрэма Імамоглу з прычыны нейкай «відавочнай памылкі». Калі рашэньне застанецца ў сіле, яно пазбавіць мэра Стамбула магчымасьці ўдзельнічаць у выбарах, бо кандыдат павінен мець унівэрсытэцкі дыплём.

    Пракуратура Стамбула выставіла супраць Экрэма Імамоглу і яшчэ некалькіх муніцыпальных службоўцаў абвінавачаньні ў «стварэньні і кіраўніцтве» злачыннай арганізацыяй, «подкупе», «махлярстве ў тэндэрах» і «незаконным атрыманьні пэрсанальных зьвестак». Акрамя таго, Імамоглу і яшчэ трох чалавек абвінавачваюць у сувязях з забароненай Рабочай партыяй Курдыстану, якая лічыцца ў Турцыі тэрарыстычнай.

    Пад вартай суд у нядзелю пакінуў, акрамя 54-гадовага Экрэма Імамоглу, яшчэ каля 20 чалавек.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG