Апазыцыйная Народна-рэспубліканская партыя Турэччыны вылучыла кандыдатам у прэзыдэнты краіны арыштаванага і адхіленага ад пасады мэра Стамбулу Экрэма Імамоглу. На партыйных выбарах за яго аддалі галасы каля 15 мільёнаў чалавек.
Такія лічбы ў час сходу ў Стамбуле назваў старшыня партыі Эзгюр Эзэль. Тое самае апублікавана ў сетцы Х на старонцы самога Імамаглу.
«Я хацеў бы падзяліцца з вамі навінамі з турмы Сыліўры, якія мяне вельмі цешаць. 15 мільёнаў нашых грамадзян прагаласавалі і сказалі Эрдагану: „Хопіць!“».
Ён падзякаваў аднадумцам за тое, што сьмела ў твар выказваюць словы падтрымкі яму і выступаюць супраць далейшага кіраваньня краінай Эрдаганам.
Азэль заклікаў Рэджэпа Эрдагана прызначыць датэрміновыя выбары кіраўніка дзяржавы і правесьці справядлівае палітычнае змаганьне з Экрэмам Імамаглу.
Імамаглу затрымалі за некалькі дзён таго, як яго плянавалі абраць кандыдатам на пасаду прэзыдэнта на выбарах 2028 году. Разам зь ім 19 сакавіка затрымалі больш за 100 чалавек. Гэта палітыкі, журналісты, прадпрымальнікі.
Раней Стамбульскі ўнівэрсытэт заявіў, што анулюе дыплём Экрэма Імамаглу з прычыны нейкай «відавочнай памылкі». Калі рашэньне застанецца ў сіле, яно пазбавіць мэра Стамбулу магчымасьці ўдзельнічаць у выбарах, бо кандыдат павінен мець унівэрсытэцкі дыплём.
Пракуратура Стамбулу выставіла супраць Экрэма Імамаглу і яшчэ некалькіх муніцыпальных службоўцаў абвінавачаньні ў «стварэньні і кіраўніцтве» злачыннай арганізацыяй, «подкупе», «махлярстве ў тэндэрах» і «незаконным атрыманьні пэрсанальных зьвестак». Акрамя таго, Імамаглу і яшчэ трох чалавек абвінавачваюць у сувязях з забароненай Рабочай партыяй Курдыстану, якая лічыцца ў Турэччыне тэрарыстычнай.
Пад вартай суд пакінуў, акрамя 54-гадовага Экрэма Імамоглу, яшчэ каля 20 чалавек.
Імамаглу займае пасаду мэра Стамбулу з 2019 году. Ён лічыцца асноўным палітычным супернікам прэзыдэнта Рэджэпа Эрдагана.
Галоўная апазыцыйная партыя Турэччыны — Рэспубліканская народная партыя, а таксама эўрапейскія лідэры і дзясяткі тысяч удзельнікаў ужо распачатых выступаў у падтрымку Імамоглу крытыкуюць яго крымінальны перасьлед як палітызаваны і супярэчны прынцыпам дэмакратыі.
Сам Экрэм Імамаглу, які ў шэрагу апытаньняў апярэджвае Рэджэпа Эрдагана, назваў абвінавачаньні «надуманымі і паклёпніцкімі».
На пратэстах супраць Эрдагану ў розных гарадах краіны паліцыя выкарыстоўвае сьлёзацечны газ, дубінкі. Сілавікі затрымалі некалькі сотняў чалавек.
Форум