Эміграцыя стала выпрабаваньнем ня толькі для дарослых беларусаў, якія вымушана пакінулі Радзіму, але і для іхных дзяцей. Яны вырваныя са звыклага асяродку, побач няма сяброў і аднаклясьнікаў, трэба вывучаць іншую мову і інтэгравацца ў новае грамадзтва. Усё гэта не спрыяе захаваньню цікавасьці да роднай мовы і культуры. Аднак часам маладыя беларусы пачынаюць праяўляць больш увагі да свайго, акурат трапіўшы за мяжу. Расказваем пра тое, як беларускія падлеткі знайшлі адзін аднаго ў польскім Уроцлаве і стварылі музычны гурт.
«Навошта»
Леаніду 16. З 2021 году ён разам з маці вымушана жыве ў польскім Уроцлаве. Спачатку Леанід займаўся музыкай адзін, іграў пост-панк.
«Сябар кажа, што мне трэба прыдумаць назву для гурту. Я кажу: „Навошта мне назва?“. Потым падумаў: а хай і будзе „Навошта“», — успамінае падлетак.
Ва Ўроцлаве Леанід хадзіў у падлеткавы клюб «Спадчына», створаны для малых і маладых беларусаў. Там пазнаёміўся з падлеткамі, якіх таксама вабіла музыка. Пазнаёміліся і пачалі рабіць музыку разам. Было гэта ў сакавіку 2024 году. Леанід гаворыць, што доўга не маглі знайсьці басіста. Але цяпер гурт мае сталы склад зь пяці ўдзельнікаў.
Апроч асноўнага складу, гурт «Навошта» мае сяброў, якія дапамагаюць са здымкамі, сацыяльнымі сеткамі і нават з тэкстамі песень.
«Тэксты пішам разам. У некага ёсьць ідэя ці гісторыя — ён кідае ў чат. Абмяркоўваем, зьбіраемся і разам пішам тэксты. Расказвалі гісторыі — і ад гэтых гісторый потым адштурхоўваліся і зьяўляўся тэкст. Напрыклад, адна зь песень, мая любімая, пра выгараньне. Вельмі клясная песьня, мне блізкая яна да сэрца. Напісаная на асабістым досьведзе», — дзеліцца Леанід.
Песьні, як кажа падлетак — пра жыцьцё, пра цяжкасьці, каханьне («Сонца згарэла», «Ужо ўсё роўна») і нават пра біпалярны разлад («Апошняя бітва»).
Адзін з твораў напісаў украінскі падлетак Орэст, а яны пераклалі яе на беларускую мову. Гэта песьня «Абалонка». Яна, як кажуць удзельнікі гурту, пра недахоп часу ў жыцьці.
Яшчэ адна з удзельніц «Навошта», Марыя, пераехала зь Беларусі ў Польшчу ў 2022 годзе. На радзіме яна займалася вакалам. Кажа, што з дзяцінства любіла сьпяваць, выступаць на сцэне. У Беларусі дзяўчына скончыла 8 клясаў. Пасьля пераезду былі цяжкасьці з камунікацыяй. Марыя ня ведала польскай мовы, кантактавала пераважна з украінцамі.
«Неяк на паркоўцы на нашым раёне я ўбачыла аўтамабіль на беларускіх нумарах. Захацела падысьці, пагутарыць, пазнаёміцца зь беларусамі. У іх аказалася дачка прыкладна майго ўзросту, яны далі кантакт — і мы пазнаёміліся. Яна мяне запрасіла ў клюб „Спадчына“, тут я знайшла сяброў», — расказала Марыя.
Леанід кажа, што мінімальныя музычныя пляны зараз — запісаць першы альбом. Гэта хочуць зрабіць да чэрвеня. Максымальныя — выправіцца выступаць, стаць папулярнымі і папулярызаваць беларускую мову праз музыку.
«І ня толькі ў Польшчы. Калі ўсё зьменіцца, то ўжо ў Беларусі выступаць», — дадаў падлетак.
Увосень 2024 году удзельнікі «Навошта» езьдзілі на моладзевы культурны фэстываль у Нямеччыне. Леанід кажа, што публіка сустрэла іх там вельмі прыязна, а арганізатары адразу далі запрашэньне выступіць налета.
«Дзіця, якое робіць першыя крокі»
Падлеткавы клюб і фонд «Спадчына» дзейнічае ў Вроцлаве ўжо два гады. Адна зь яго заснавальніц, Наста Сасыкбаева, кажа, што стварала клюб у першую чаргу праз клопат пра свайго сына Леаніда, які цяпер іграе ў гурце. Яна зазначае, што ў эміграцыі многія дзеці і падлеткі адчувалі сябе самотнымі, ня мелі сяброў, сядзелі ў кампутарных гульнях ці тэлефонах нон-стоп. Мэта была — перазнаёміць дзяцей і арганізаваць для іх тыя віды дзейнасьці, якіх яны самі патрабуюць.
«Мы ў „Спадчыне“ ствараем бясьпечную прастору, куды прыходзяць дзеці. Мы іх уважліва слухаем, чым яны хочуць займацца, і ад гэтага будуем сваю праграму. Гэта такое месца, дзе дзеці могуць выбраць сабе тыя актыўнасьці, якія яны хочуць рабіць», — кажа Наста.
У клюбе дзеці глядзяць фільмы на беларускай мове, абмяркоўваюць іх, знаёмяцца з правамі чалавека, арганізоўваюць экскурсіі і пікнікі. Па словах Насты, дзеці, якія любяць маляваць, арганізаваліся і намалявалі комікс. Аматары музыкі стварылі гурт. Яны ўжо маюць больш за 20 дэма-вэрсій песень, плянуюць запісаць паўнавартасны альбом.
«Але на ўсё трэба немалыя грошы — на абсталяваньне, на студыю, на рэпэтыцыйны пункт. Бацькі ня могуць гэта ўсё пацягнуць. Гурт — гэта „дзіця“, якое нарадзілася ў нас у „Спадчыне“ і цяпер робіць першыя крокі. І мы хочам ім больш даць самастойнасьці», — кажа заснавальніца клюбу.
Наста зазначыла, што ў Беларусі бацькі ведалі, як і куды прасунуць сваё дзіця. У эміграцыі гэта складана.
«Хацелася б, каб яны паезьдзілі па нашых дыяспарах, выступілі, каб атрымалі зваротную сувязь, каб запісалі якасны альбом. Хацелася б прыцягнуць мэнтараў да іх падтрымкі — бо ім па 16 гадоў, дзе ім пакуль вучыцца», — дзеліцца заснавальніца клюбу.
Наста кажа, што хацела б, каб падлеткавы гурт са «Спадчыны» запрасілі на розныя беларускія фэстывалі, якія праходзяць у Польшчы.
«Іхная мэтавая аўдыторыя — такія ж беларускія падлеткі. Таму праз музыку да іх можна пастукацца, папулярызаваць нашу беларускую мову, каб яна гучала», — дадала Наста.
Форум