Ва Ўкраіне на 9 месяцаў падоўжылі тэрміны расьследаваньня справы, якую завялі на дэпутата ўкраінскага парлямэнту Яўгена Шаўчэнку праз падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе.
Як паведаміла Свабодзе крыніца ў праваахоўных органах Украіны, у часе вобшукаў па месцы пражываньня і ў парлямэнцкім кабінэце Яўгена Шаўчэнкі знайшлі дакумэнты, якія могуць сьведчыць пра яго спрыяньне незаконным пастаўкам беларускіх угнаеньняў ва Ўкраіну, а таксама атрыманьне грошай ад беларускіх кампаній для паездак у Менск.
Яўген Шаўчэнка знаходзіцца пад вартай. 15 лістапада 2024 году кіеўскі суд ухваліў рашэньне аб арышце дэпутата да 11 студзеня 2025 году. Неўзабаве сьледзтва мае зьвярнуцца ў суд па падаўжэньне ўтрыманьня Яўгена Шаўчэнкі пад вартай. У абвінавачаньні — шэраг эпізодаў, зьвязаных зь ягонымі паездкамі ў Беларусь і сустрэчамі з Аляксандрам Лукашэнкам.
Цяпер сьледзтва плянуе правесьці допыт службовых асобаў беларускіх кампаній, якія працавалі на ўкраінскім рынку да пачатку вайны і займаліся пастаўкамі ўгнаеньняў, а таксама ўкраінскіх прадпрыемстваў, што супрацоўнічалі зь Беларусьсю.
Апроч таго, сьледчыя хочуць праверыць банкаўскія рахункі гэтых кампаній і рух фінансавых сродкаў, а таксама атрымаць вынікі фінансавага маніторынгу апэрацый Яўгена Шаўчэнкі і ягоных блізкіх сваякоў, падкантрольных асобаў і прадпрыемстваў, празь якія ажыцьцяўляліся пастаўкі мінэральных угнаеньняў зь Беларусі.
Сярод кампаній, празь якія ажыцьцяўлялася фінансаваньне паездак Яўгена Шаўчэнкі ў Беларусь, маглі быць украінскія ТАА Гандлёвы дом «Агроімпорт ЛТД» (адна з найбуйнейшых і непразрыстых кампаній Украіны на рынку ўгнаеньняў. — РС) і «СанАгро Україна» (да вайны — адзіны ва Ўкраіне афіцыйны дылер беларускага калію. — РС), а таксама ТАА «Белферт Україна», якую ачольваў Алег Вялічка, сын былога амбасадара Беларусі ва Ўкраіне Валянціна Вялічкі.
Дзейнасьць усіх трох гэтых кампаній пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў розны час былі аб’ектам цікавасьці праваахоўных органаў Украіны.
У якіх справах фігуруюць кампаніі, якія маглі фінансаваць украінскага дэпутата
«СанАгро Україна»
З жніўня 2022 году сьледчыя расьсьледуюць датычнасьць кампаніі «СанАгро Україна» да фінансаваньня дзеяньняў, учыненых для гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады і зьмены дзяржаўных межаў Украіны. Паводле вэрсіі сьледзтва, украінская кампанія «дзейнічала ў інтарэсах юрыдычных асоб, рэзыдэнтаў Беларусі, у прыватнасьці ВАТ „Беларуская калійная кампанія“ і ТАА „Белаграфэрт“, якія ў сваю чаргу спрыяюць Расеі ў правядзеньні баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны».
Кампанію «Белаграфэрт» у свой час кантраляваў Віктар Шэйман. Гэтае прадпрыемства зарэгістравана ў Горадзенскай свабоднай эканамічнай зоне. Там яно пабудавала завод па вытворчасьці грануляванага сульфату амонію на аснове сыравіны ААА «Гродна Азот». Раней паведамлялася, што гэты завод вырабляе да 200 тысяч тон угнаеньняў за год. Большую іх частку пастаўлялі ва Ўкраіну якраз праз кампанію «СанАгро Україна».
Кіраўніком і ўласьнікам украінскай «СанАгро Україна» зьяўляецца Аляксандар Скрыпка. Паводле ініцыятывы «Рабочы рух», створанай пасьля акцыяў пратэсту ў 2020 годзе для абароны правоў працоўных, Аляксандар Скрыпка ў 2015 годзе наведваў Віетнам як генэральны дырэктар Agrofertrans Ltd разам з Аленай Кудравец, генэральнай дырэктаркай Беларускай калійнай кампаніі. Agrofertrans Ltd у свой час заснавала кампанію «СанАгро Україна» і горадзенскую «Белаграфэрт».
«Белферт Україна»
Крымінальную справу датычна дзейнасьці кампаніі «Белферт Україна» завялі 20 красавіка 2022 году паводле ч. 3 артыкула 258-5 і ч. 3 артыкула 212 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны («фінансаваньне тэрарызму» і «наўмыснае пазьбяганьне аплаты падаткаў» адпаведна). Гэтыя дзеяньні караюцца вялікім штрафам і пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 12 гадоў з пазбаўленьнем права займацца пэўным відам дзейнасьці. Яе расьсьледуе Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.
Гэтая кампанія пачала працаваць на рынку Ўкраіны ў 2003 годзе. На той момант надзвычайным і паўнамоцным паслом ва Ўкраіне працаваў Валянцін Вялічка (ён памёр у 2018 годзе, а ачольваў беларускую амбасаду з 2001-га да 2016 году. — РС).
Заснавальнікам прадпрыемства спачатку быў Беларускі дзяржаўны канцэрн нафты і хіміі, а пазьней «Беларускі нафтавы гандлёвы дом» і наваполацкі «Нафтан», а калі ўвялі санкцыі супраць апошніх двух прадпрыемстваў, уласьнікам кампаніі стаў Гомельскі хімічны завод.
У статуце прадугледжана шырокая сфэра дзейнасьці кампаніі — гуртовы гандаль хімічнай і сельскагаспадарчай прадукцыяй (малако, яйкі, харчовыя алеі, збожжа), нафтапрадуктамі, тытунём, грузавыя перавозкі, перадача ў арэнду сельскагаспадарчай тэхнікі і нават дасьледаваньні каньюнктуры рынку і грамадзкай думкі.
У межах крымінальнага расьсьледаваньня маёмасьць кампаніі арыштавалі.
Гандлёвы дом «Агроімпорт ЛТД»
Кампанія працуе на рынку Ўкраіны з 2008 году і лічыцца адной з самых закрытых у аграрным бізнэсе. Цягам усёй дзейнасьці яе ўласьнік Віктар Дубавенка атрымаў рэпутацыю надзвычай непублічнага чалавека, які ня даў ніводнага інтэрвію ці камэнтара СМІ, хоць сама кампанія заўсёды ўваходзіла ў рэйтынгі найбуйнейшых ва Ўкраіне і ўваходзіла ў «дзясятку» прадпрыемстваў па аб’ёме вяртаньня ПДВ. Ва Ўкраіне ў часы праўленьня Віктара Януковіча атрыманьне ад дзяржавы кампэнсацыі ПДВ часта выкарыстоўвалі ў якасьці незаконных схем для ўзбагачэньня.
Прадпрыемства займалася пастаўкамі мінэральных угнаеньняў расейскай і ўкраінскай вытворчасьці, асноныя партнэры — расейскія «КуйбышаўАзот» і «Уралхім». За некалькі гадоў да ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну Расея ўвяла санкцыі супраць «Агроімпорт ЛТД», але, паводле ўкраінскіх СМІ, гэта не перашкодзіла працягваць пастаўкі расейскіх угнаеньняў на рынак ва Ўкраіне.
- Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.
Форум