Ва Ўкраіне арыштавалі маёмасьць кампаніі «Белферт Україна», якую ачольваў Алег Вялічка, сын былога амбасадара Беларусі ва Ўкраіне Валянціна Вялічкі.
Гэта стала вядома з апублікаванага судовага рашэньня, у якім кампанія «Белферт Україна» спрабавала скасаваць арышт на некаторую прадукцыю, увезеную ва Ўкраіну для рэалізацыі.
Гэтая кампанія пачала працаваць на рынку Ўкраіны ў 2003 годзе. На той момант надзвычайным і паўнамоцным паслом ва Ўкраіне працаваў Валянцін Вялічка (ён памёр у 2018 годзе, а ачольваў беларускую амбасаду з 2001 да 2016 году. — РС).
Заснавальнікам прадпрыемства спачатку быў Беларускі дзяржаўны канцэрн па нафце і хіміі, а пазьней «Беларускі нафтавы гандлёвы дом» і наваполацкі «Нафтан», а калі ўвялі санкцыі супраць апошніх двух прадпрыемстваў, уласьнікам кампаніі стаў Гомельскі хімічны завод.
У статуце прадугледжана шырокая сфэра дзейнасьці кампаніі — гуртовы гандаль хімічнай і сельскагаспадарчай прадукцыяй (малако, яйкі, харчовыя алеі, збожжа), нафтапрадуктамі, тытунём, грузавыя перавозкі, перадача ў арэнду сельскагаспадарчай тэхнікі і нават дасьледаваньні каньюнктуры рынку і грамадзкай думкі.
Крымінальную справу расьсьледуе Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны. Яе завялі 20 красавіка 2022 году паводле ч. 3 артыкула 258-5 і ч. 3 артыкула 212 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (фінансаваньне тэрарызму і наўмыснае пазьбяганьне аплаты падаткаў, адпаведна). Гэтыя дзеяньні караюцца вялікім штрафам і пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 12 гадоў з пазбаўленьнем права займацца пэўным відам дзейнасьці.
Кампанія «Белферт Україна» ўваходзіла ў пералік найбольшых падаткаплатнікаў Украіны. Яна займала ў ім 193-е месца.
У пераліку 300 найбольшых падаткаплатнікаў Украіны яшчэ дзьве арыштаваныя кампаніі
Беларуская кампанія «БНК-Україна» заняла 27 месца, а «БЗТ-Україна» — 205, паведаміла кампанія «Опендатабот», якая займаецца аналізам адкрытых зьвестак ва Ўкраіне.
Актывы гэтых кампаній таксама былі арыштаваныя праз пэўны час пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Беларуская ўлада падтрымала расейскую агрэсію супраць Украіны і надала расейскім войскам тэрыторыю для ўварваньня і абстрэлаў украінскіх гарадоў, а таксама ўсю вайсковую інфраструктуру.
«БНК-Україна»
Справу кампаніі «БНК-Україна» расьсьледуе Падольская акруговая пракуратура Кіева. Завялі справу паводле ч. 2 артыкула 110-2 (фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны), а таксама паводле ч. 5 артыкула 191 (прыўлашчваньне маёмасьці шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, учыненае ва ўмовах ваеннага становішча).
Згодна з Крымінальным кодэксам Украіны, за такія злачынствы пагражае ад 2 да 12 гадоў пазбаўленьня волі з забаронай займаць адказныя пасады.
Цяпер усе актывы перададзены ў кіраваньне Нацыянальнага агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях знаходжаньня, вышуку і кіраваньня актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў (АРМА).
Цяпер у судзе слухаецца справа аб банкруцтве кампаніі.
«БЗТ-Україна»
«БЗТ-Україна» — даччыная кампанія падсанкцыйнага беларускага прадпрыемства «Белзарубежгандаль». У Беларусі яно было створана ў 2014 годзе Кіраўніцтвам спраў прэзыдэнта, «дачка» ва Ўкраіне пачала працаваць са студзеня 2017 году.
Служба бясьпекі Ўкраіны завяла справу паводле ч. 1 артыкула 111-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на дапамогу дзяржаве-агрэсару, узброеным фармаваньням акупацыйных адміністрацый, учыненыя грамадзянінам Украіны, іншаземцам ці асобай без грамадзянства з мэтай нанясеньня шкоды Ўкраіне). Такія дзеяньні караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 12 гадоў з пазбаўленьнем права на 10–15 гадоў займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, з канфіскацыяй ці безь яе.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.