Пра гэта сам Аляксей Дзікавіцкі распавёў у сябе ў Фэйсбуку.
«Belarus Tomorrow — гэта зусім малады праект па стварэньні відэаплятформы для незалежных беларускіх мэдыяў. Часы зьмяняюцца і відэа можа рабіць цяпер ня толькі клясычная тэлевізія, дзеля гэтага хаця часам і пажадана, але ўжо часта не абавязкова мець вялізныя студыі і вельмі дарагое абасталяваньне. А робіцца гэтага беларусамі шмат, рознай якасьці, на розную тэматыку і ў розных краінах сьвету», — патлумачыў ідэю праекту Аляксей Дзікавіцкі.
Паводле яго, мэта Belarus Tomorrow у тым, каб паспрабаваць сабраць гэты відэа-кантэнт на адной плятформе, агульнымі намаганьнямі палепшыць якасьць ды стварыць на пачатку прататып агульнай сеткі вяшчаньня, а ў выніку — закласьці падмурак для стварэньня будучага, цалкам беларускага, грамадзкага тэлебачаньня.
«І менавіта да гэтага праекту я цяпер далучаюся ў якасьці галоўнага мэнэджара, дзякуючы за запрашэньне і давер. Практычна ўсё трэба пачынаць з нуля, дарога складаная і пры пакуль абмежаваных сродках, але затое з поўнай запалу і ідэяў невялікай камандай», — паведаміў Аляксей Дзікавіцкі.
Ён параўнаў новы праект з тым, як 18 гадоў пачаў сваю працу на «Белсаце», выказаўшы спадзяваньне, што і з праекту Belarus Tomorrow таксама «вырасьце сапраўдная тэлевізія».
Таксама Дзікавіцкі ўдакладніў, што разьвітваючыся зь «Белсатам», ён яшчэ ня ведаў пра тое, што ў Belarus Tomorrow патрэбны кіраўнік праекту і гэтая прапанова стала для яго «поўнай нечаканасьцю».
- Тэлеканал «Белсат» зазнаў глябальныя зьмены пасьля парлямэнцкіх выбараў у Польшчы. У сакавіку 2024 году з пасады дырэктаркі звольнілі стваральніцу каналу Агнешку Рамашэўскую-Гузы, якая ўзначальвала канал ад моманту стварэньня да сакавіка 2024 году, агулам — больш за 18 гадоў. З таго часу абавязкі дырэктара «Белсату» выконваў Аляксей Дзікавіцкі.
- 15 лістапада рэдакцыя «Белсату» разам з выканаўцам абавязкаў дырэктара даведалася пра прызначэньне новай кіраўніцы — Аліны Коўшык. Чаму кіраўніцтва Польскага тэлебачаньня пастанавіла не пакідаць Дзікавіцкага на чале беларускай рэдакцыі, журналістам не патлумачылі.
- Аляксей Дзікавіцкі меўся заставацца на пасадзе да 3 сьнежня, але падаў заяву аб звальненьні ўжо ад 22 лістапада. Як патлумачыў сам Дзікавіцкі, ён вырашыў зрабіць гэта, каб яму не давялося фармальна ліквідаваць структурную адзінку «Белсат TV».
- Журналістам таксама абвясьцілі, што «Белсат» перастане быць самастойнай адзінкай, а стане часткай новага цэнтру замежнага вяшчаньня TVP, куды таксама залучаць англамоўны канал TVP World. Эфір «Белсату» падзеляць паміж трыма рэдакцыямі: беларускай, расейскамоўнай рэдакцыяй «Вот Так» і ўкраінскай, якая пакуль ня мае назвы. Кожная будзе мець сваіх 6 гадзінаў.
- Аліна Коўшык цягам 15 гадоў працавала на «Белсаце», у тым ліку ў якасьці вядоўцы, рэдактаркі і прадусаркі тэлепраграмаў. У верасьні 2022 году яна пайшла ў палітыку: далучылася да Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі, а потым трапіла ў Каардынацыйную раду. Яна ўжо пакінула абедзьве структуры дзеля працы на тэлеканале. Пасьля прызначэньня Аліна Коўшык паабяцала, што «Белсат» застанецца незалежным каналам, без цэнзуры, каналам для беларусаў, які робяць беларусы.
Форум