Сутыкнуўшыся з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі, Андрэй Ліпскі быў вымушаны ўцякаць зь Беларусі. Ён прыехаў у Нямеччыну, дзе ў яго жыве дачка ад першага шлюбу, здаўся паліцыі і папрасіў палітычнага прытулку.
Чакаючы рашэньня, журналіст жыў у лягерах для ўцекачоў, адкуль яго дэпартавалі ў Польшчу, не вярнуўшы пашпарта. Андрэй некалькі разоў беспасьпяхова спрабаваў легалізавацца на новым месцы. Пасьля таго як памежнікі паведамілі, што ён абавязаны добраахвотна вярнуцца ў Беларусь, Ліпскі напісаў апэляцыю. Пашпарт урэшце знайшлі і перадалі зь Нямеччыны ў польскія інстанцыі.
- Выданьне «Ранак» (тэлевізія, газэта, затым сайт. — РС) працавала ў Сьветлагорску з 1993 году. Палітычныя тэмы журналісты стараліся абмінаць, але гэта не ўратавала іх ад рэпрэсіяў.
- 7 чэрвеня 2023 году на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце здарылася трагедыя — пасьля выбуху на вытворчасьці загінулі трое рабочых. «Ранак» першым напісаў пра аварыю, апублікаваў фатаздымкі. Праз два дні па супрацоўнікаў выданьня прыйшла міліцыя.
- Сайт заблякавалі, сацыяльныя сеткі прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пазьней «экстрэмісцкім фармаваньнем» стаў увесь «Ранак». У сьнежні таго ж году журналісты выданьня трапілі пад крымінальны перасьлед.