Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка заявіў аб запрашэньні калег з краін СНД зь місіямі па назіраньні за выбарамі прэзыдэнта 26 студзеня 2025 году, а за два дні да выбараў у Менску адбудзецца пасяджэньне Кансультацыйнага савету кіраўнікоў выбарчых органаў краін СНД.
«Ужо правялі акрэдытацыю місіі назіральнікаў СНД, але яна прадоўжыцца. Кіраўнік місіі Сяргей Лебедзеў традыцыйна атрымае акрэдытацыйнае пасьведчаньне пад нумарам адзін», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Ігара Карпенку.
Апроч таго, паводле яго, запрасілі «прадстаўнікоў шэрагу выбарчых камісій, зь якімі беларускі бок узаемадзейнічае ў рамках Усясьветнай асацыяцыі выбарчых органаў».
Ігар Карпенка нагадаў, што 6 студзеня завяршаецца тэрмін збору подпісаў для падтрымкі прэтэндэнтаў на кандыдыта ў прэзыдэнты.
«Папярэдне магу сказаць, мы плянуем на 23 сьнежня пасяджэньне ЦВК па рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь», — сказаў старшыня ЦВК Беларусі.
З 2001 году вынікі выбараў у Беларусі не прызнае міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі.
У 2020 годзе ўлады Беларусі накіравалі запрашэньне для назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ на прэзыдэнцкія выбары са спазьненьнем. Арганізацыя адмовілася накіроўваць сваіх прадстаўнікоў. Тая кампанія скончылася масавымі затрыманьнямі, а супраць удзельнікаў пратэстаў ужылі зброю. Дзясяткі тысяч людзей трапілі за краты, сотні тысяч вымушаныя былі эміграваць.
У 2022 годзе ўлады ўвогуле не запрасілі місію БДІПЧ АБСЭ для назіраньня на так званым канстытуцыйным рэфэрэндуме 27 лютага.
Беларусь як дзяржава АБСЭ з уласнай волі ўзяла на сябе абавязаньне ладзіць свабодныя і справядлівыя выбары.
Што вядома пра Ўсясьветную асацыяцыю выбарчых органаў
Усясьветную асацыяцыю выбарчых органаў (The Association of World Election Bodies, А-WEB) стварылі ў 2013 годзе. Беларусь, як адзначаецца на афіцыйным сайце беларускай ЦВК, лічыць сябе адной з заснавальніц гэтай арганізацыі. Хоць папраўдзе яе заснавалі па ініцыятыве Нацыянальнай выбарчай камісіі Рэспублікі Карэі і Асацыяцыі азіяцкіх выбарчых органаў. У канфэрэнцыі, на якой заснавалі А-WEB, удзельнічалі больш за 400 прадстаўнікоў з 140 органаў кіраваньня выбарамі, міжнародных і няўрадавых арганізацый, у тым ліку і зь Беларусі.
Цяпер асацыяцыя аб’ядноўвае 119 органаў адміністраваньня выбараў з 109 краін сьвету.
Старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка ў канцы 2023 году запрасіў прадстаўнікоў А-WEB прыехаць у Беларусь для назіраньня за Адзіным днём галасаваньня, які праводзіўся сёлета ў лютым. Але сярод задач асацыяцыі назіраньня за выбарамі няма. Яе стваралі для ўзмацненьня супрацы між органамі адміністраваньня выбараў з мэтай забесьпячэньня даверу да выбарчых працэсаў у сьвеце, а таксама для абмену тэхналёгіямі. Кожны сябар асацыяцыі мусіць штогод пералічваць у яе бюджэт 10 тысяч даляраў.
Прадстаўнікі гэтай арганізацыі неаднойчы падыгравалі аўтарытарным рэжымам, у тым ліку ў часе прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўзбэкістане і Расеі. Па выніках назіраньня прадстаўнікі А-WEB заяўлялі, што выбары прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні, а галасы падлічваліся «адкрыта, галосна і апэратыўна».
Апошняя асамблея Ўсясьветнай асацыяцыі выбарчых органаў прайшла 22–25 кастрычніка ў Калюмбіі. На ёй прадставілі заяву кіраўнікоў ЦВК краін СНД, ухваленую сёлета ў верасьні, у якой «асудзілі любыя спробы ўмяшаньня ў выбарчыя працэдуры краін Садружнасьці».
Перад гэтай сустрэчай Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны зьвярталася да органаў адміністраваньня выбараў краін Усясьветнай асацыяцыі выбарчых органаў (The Association of World Election Bodies, А-WEB) з заклікам прыпыніць сяброўства ў гэтай арганізацыі Цэнтральных выбарчых камісій Расеі і Беларусі. Але пазыцыю Ўкраіны не падтрымалі.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
Форум