Больш за 1700 чалавек прызналі пацярпелымі па справе аб тэракце ў падмаскоўнай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол», гаворыцца ў пастанове Басманнага суда Масквы аб падаўжэньні арышту чатыром абвінавачаным па справе. Увагу на дакумэнт зьвярнула «Медиазона».
Сьведкамі па справе праходзяць больш за 800 чалавек.
Абвінавачанымі па справе праходзяць 20 чалавек. 18 зь іх знаходзяцца ў СІЗА, двое — пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Як паведаміла выданьне «Коммерсант», двум супрацоўнікам канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» пасьля тэракту 22 сакавіка прадʼявілі абвінавачаньне ў наданьні паслуг, якія не адпавядаюць патрабаваньням бясьпекі — менавіта яны знаходзяцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Імёны абвінавачаных не выдаюцца. Па словах блізкіх да сьледзтва крыніц, прэтэнзіі сьледчых да абвінавачаных галоўным чынам зводзяцца да таго, што пажарныя выхады ў канцэртнай залі былі зачыненыя, з-за чаго многія гледачы не змаглі пакінуць будынак. У выніку каля 80 чалавек згарэлі ці задыхнуліся ўгарным газам.
Абвінавачаным пагражае да 10 гадоў калёніі. Яны сваю віну не прызнаюць. Паводле «Коммерсанта», яны сьцьвярджаюць, што пажарныя выхады былі адчыненыя, але людзі не змаглі імі скарыстацца, паколькі на іх шляху былі ўзброеныя ўдзельнікі тэракту. Па справе прызначаная пажарна-тэхнічная экспэртыза.
- Тэракт у «Крокусе» адбыўся 22 сакавіка 2024 году. Яго ахвярамі, паводле СК Расеі, сталі сама меней 144 чалавекі. Частку людзей нападнікі застрэлілі, большасьць загінула падчас пажару, у тым ліку задыхнуўшыся прадуктамі гарэньня.
- Аб сваёй датычнасьці да атакі заявіла прызнаная тэрарыстычнай групоўка «Ісламская дзяржава». У тым, што менавіта яна арганізавала тэракт, упэўненыя ЗША і іншыя краіны Захаду. Расейскі бок сьцьвярджае, што за выканаўцамі тэракту можа стаяць Украіна. Кіеў усё абвінавачваньні катэгарычна абвяргае.
- Амаль усе арыштаваныя па справе — грамадзяне Таджыкістану. Меркаваныя выканаўцы тэракту з высокай доляй імавернасьці сутыкнуліся з катаваньнямі падчас затрыманьня і на допытах.
- 7 красавіка расейскія сьледчыя завялі крымінальную справу аб халатнасьці ў сувязі з магчымымі парушэньнямі правілаў пажарнай бясьпекі ў «Крокус Сіці Холе». Падазраванымі сталі адказны за пажарную бясьпеку канцэртнай залі, а таксама начальнік пажарнай каманды «Крокуса». Імаверна, гэта тыя ж людзі, у дачыненьні да якіх завялі справу аб «наданьні паслуг, якія не адпавядаюць патрабаваньням бясьпекі».
Форум