Прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Кавэлашвілі (яго легітымнасьці не прызнаюць пятая прэзыдэнтка Саламэ Зурабішвілі, апазыцыя і частка міжнародных партнэраў краіны) заявіў, што для Грузіі эўраінтэграцыя застаецца прыярытэтам.
«Гэта цывілізаваны выбар нашага народу, замацаваны ў нашай Канстытуцыі, і ён таксама моцны, як і заўсёды. На жаль, апошнім часам пытаньне эўраінтэграцыі і гарантаваны нашай Канстытуцыяй празаходні курс часта выкарыстоўваецца для спэкуляцый як ва ўнутранай, так і ў замежнай палітыцы краіны. Мы неаднойчы сутыкаліся з такімі спэкуляцыямі і ведаем, што, на жаль, усё гэта палярызуе наша грамадзтва, моцна шкодзіць інтарэсам нашай краіны, таму наш абавязак — супрацьставіць такім спэкуляцыям праўду», — сказаў Міхаіл Кавэлашвілі на штогадовай сустрэчы з дыпляматамі, акрэдытаванымі ў Грузіі.
Паводле яго, працэс эўраінтэграцыі Грузіі працягваецца, нягледзячы «на створаную ў краіне штучную шуміху і магутную дэзынфармацыйную кампанію».
«Да 2028 году мы выканаем больш за 90% дамовы аб асацыяцыі, а да 2030 году будзем найлепшым чынам падрыхтаваныя да ўступленьня ў Эўразьвяз. Аднак неабходна адзначыць, што Грузія ўжо цяпер гатовая ў любы момант пачаць перамовы. У любы момант наша краіна гатовая да пачатку перамоў і да пачатку працэсу», — дадаў ён.
Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», Міхэіл Кавэлашвілі таксама падкрэсьліў, што дачыненьні з ЗША зьяўляюцца прыярытэтнымі для краіны.
Цырымонія інаўгурацыі на пасаду прэзыдэнта былога футбаліста і дэпутата Міхэіла Кавэлашвілі адбылася 29 сьнежня ў будынку парлямэнту Грузіі.
Пятая прэзыдэнтка Саламэ Зурабішвілі, апазыцыя і значная частка міжнародных партнэраў краіны не прызнаюць выбраньня Кавэлашвілі.
У гэты ж дзень шосты прэзыдэнт краіны падпісаў усе рэпрэсіўныя законы, ухваленыя парлямэнтам Грузіі пасьля выбараў, якія выклікалі масавыя акцыі пратэсту, што працягваюцца па ўсёй краіне дагэтуль. Гэтыя законы ў Эўразьвязе назвалі недэмакратычнымі. Гэтыя законы прадугледжваюць забарону ўдзельнікам акцый закрываць свае твары, выкарыстоўваць піратэхнічныя сродкі на пратэстах, блякаваць дарогі і разьмяшчаць пратэставыя плякаты і надпісы. Парушэньне гэтых нормаў караецца вялікімі штрафамі.
Масавыя вулічныя пратэсты ахапілі ўсю Грузію, калі ўрад кіроўнай «Грузінскай мары» заявіў, што прыпыняе перамовы аб збліжэньні з ЭЗ да 2028 году. Дэманстранты патрабуюць таксама правядзеньня паўторных парлямэнцкіх выбараў, называючы вынікі галасаваньня ў кастрычніку сфальсыфікаванымі.
Форум