Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыпыніла працу найбуйнейшая школа замежных моваў на Берасьцейшчыне


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

У Берасьці прыпыніла працу школа замежных моваў «АКЦ Мост». Пра гэта выданьню «Позірк» стала вядома з крыніцаў, знаёмых з сытуацыяй.

Студэнтам курсаў і іх бацькам пра адмену заняткаў і прыпыненьне дзейнасьці школы паведамілі ў групавых чатах. Прычыны не патлумачылі.

Паводле зьвестак «Позірку», 13 лістапада офіс «АКЦ Мост» быў апячатаны. Ні на сайце, ні ў сацыяльных сетках установы няма інфармацыі пра спыненьне працы.

Школа замежных моваў «АКЦ Мост» зарэгістраваная ў 2006 годзе. На сайце школы пазначана, што яна стала «першым у рэгіёне камэрцыйным цэнтрам па прафэсійным навучаньні польскай мове». Акрамя польскай, у школе навучаюць ангельскай мове, псыхалёгіі, рыхтуюць да ЦТ і паступленьня ва ўнівэрсытэты.

Навучаньне ў школе прайшлі больш за 18 тысяч чалавек. Адзначаецца, што ўстанова — «найбуйнейшы цэнтар вывучэньня замежнай мовы ў Берасьці і Берасьцейскай вобласьці».

Беларускія ўлады пасля 2020 году пачалі масава закрываць прыватныя дзіцячыя садкі, школы і ўнівэрсытэты. Пад рэпрэсіі трапілі і прыватныя моўныя школы, сярод іншых тыя, дзе можна было вывучаць польскую мову.

Хроніка перасьледу курсаў і школаў польскай мовы

Атаку на курсы і школы польскай мовы беларускія ўлады разгарнулі на пачатку 2021 году. Запатрабавалі сьпісы выкладчыкаў, студэнтаў і нават дзяцей, адукацыйныя праграмы, плацежныя дакумэнты. Так было, напрыклад, з цэнтрам замежных моваў «Акадэмія» ў Смаргонях.

  • У сакавіку 2021 году ў Берасьці закрылі прыватную «Польскую школу». Афіцыйная прычына — «грубае парушэньне заканадаўства, якое пацягнула за сабой прычыненьне шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам». На дырэктарку «Польскай школы» Ганну Панішаву заводзілі крымінальную справу за «гераізацыю ваенных злачынцаў» («Распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці», ч. 3 арт. 130 КК). Пазьней яе адпусьцілі разам зь іншымі актывістамі, прымусіўшы пакінуць Беларусь.
  • У Горадні ў 2021 годзе арганізацыю Polska Macierz Szkolna (пры ёй працаваў грамадзкі ліцэй, дзе вывучалі польскую мову, гісторыю і культуру. — РС) спачатку абвінавацілі ў незаконнай адукацыйнай дзейнасьці. Арганізацыю аштрафавалі на 300 тысяч рублёў, потым налічылі 500 тысяч нясплачаных падаткаў. Polska Macierz Szkolna выплаціла штраф, але гэта яе не ўратавала — у верасьні 2022 году Вярхоўны Суд яе зьліквідаваў.
  • Зь верасьня 2022 году дзьве польскамоўныя сярэднія школы Беларусі — горадзенскую № 36 і ваўкавыскую № 8 — перавялі на расейскую мову навучаньня. У Горадні па-польску вучыліся 600 дзяцей, у Ваўкавыску — 250.
  • У кастрычніку 2023 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў КДК зрабіў маштабныя праверкі ўсіх курсаў і школаў польскай мовы. А ў сьнежні таго ж году адбыўся масавы ціск на польскія школы па ўсёй краіне. Былі праведзеныя ператрусы ў офісах у Менску, Горадні, Берасьці. Сілавікі зрывалі шыльды, затрымалі некалькі дырэктараў і выкладчыкаў, прымусілі некаторых запісаць «пакаяльныя» відэа са словамі «вучыў польскай мове». Тады было закрыта больш за дзесяць школаў і курсаў польскай мовы.
  • На думку заснавальніка і дырэктара менскай школы польскай мовы «PanProfesor» Аляксандра Пруднікава, з тых паўсотні курсаў і школаў польскай мовы, што працавалі ў Беларусі да 2020 году, цяпер засталося прыкладна пяць.
  • У канцы кастрычніка 2024 году ў Беларусі закрылася моўная школа Streamline — буйная беларуская сетка моўных школаў з 14 філіямі і трыма навучальнымі цэнтрамі: у Менску, Берасьці і Магілёве Яна працавала з 1998 году, там вучылі шасьці замежным мовам: ангельскай, нямецкай, францускай, гішпанскай, італьянскай і польскай. За 26 гадоў праз Streamline прайшло больш за 100 тысяч чалавек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG