Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Беларусі ў Сырыі прыпыніла працу, дыпляматаў вывезьлі ў Менск


У Дамаску пасьля падзеньня рэжыму Башара Асада
У Дамаску пасьля падзеньня рэжыму Башара Асада

«З улікам сытуацыі, якая склалася на месцы», амбасада Беларусі ў Сырыі прыпыніла працу, дыпляматы «выведзеныя ў Менск», паведамляе тэлеграм-канал Міністэрства замежных спраў.

Заяўляецца, што амбасадар Беларусі ў Сырыі Юры Слука «некаторы час будзе ў Менску на кансультацыях, па выніках якіх плянуецца правесьці паглыбленую ацэнку абстаноўкі».

«МЗС Беларусі выказвае ўдзячнасць усім расейскім калегам, якія дапамаглі бясьпечнаму прыбыцьцю на радзіму нашых дыпляматаў», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.

Адзначаецца, што ў Бэйруце (Лібан) «разгорнуты часовы консульскі пункт» амбасады ў Сырыі для «працягу консульскай дзейнасьці і аказаньня магчымай дапамогі» грамадзянам Беларусі.

9 сьнежня МЗС Сырыі заявіў, што ўсе дыпляматычныя прадстаўніцтвы краіны за мяжой, уключаючы амбасаду ў Беларусі, працягнуць працу.

  • Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і Сырыяй усталяваныя 26 жніўня 1993 году.
  • Зь лістапада 1998-га функцыянуе амбасада Беларусі ў Дамаску, зь ліпеня 2007-га — амбасада Сырыі ў Менску.
  • Лукашэнка наведваў Сырыю ў 1998 і 2003 гадах, Асад зрабіў візыт у Беларусь у 2010 годзе.
  • Аляксандар Лукашэнка нязьменна падтрымліваў Асада. 2 сьнежня падтрымку яму і «народу брацкай Сырыі» ў сувязі з нападамі «тэрарыстычных фарміраваньняў» выказала Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі

  • З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
  • Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
  • 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
  • Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
  • На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
  • На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
  • У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
  • 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
  • На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
  • «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG