У падтрымку імпічмэнту галасавалі 204 дэпутаты з 300, супраць былі 85. Галасаваньне было таемным, паведамляе агенцтва Yonhap.
Вынікі галасаваньня азначаюць, што адхіленьне прэзыдэнта ад улады падтрымаў і шэраг дэпутатаў ад прапрэзыдэнцкай партыі. Паведамлялася, што лідэр кіроўнай партыі «Сіла народа» Хан Дон Хун заклікаў галасаваць за імпічмэнт прэзыдэнта, хаця раней выступаў супраць яго. Шэраг іншых дэпутатаў, аднак, выступалі ў падтрымку прэзыдэнта.
Гэта была другая спроба галасаваньня за імпічмэнт, падчас першай галасоў за адхіленьне Юн Сок Ёля не хапіла.
Цяпер прэзыдэнт павінен быць часова адхілены ад пасады. У Канстытуцыйнага суда будзе 180 дзён, каб вызначыць, ці пазбавіць яго пасады канчаткова, ці аднавіць ягоныя паўнамоцтвы. Пакуль абавязкі прэзыдэнта будзе выконваць прэм’ер-міністар Паўднёвай Карэі.
Пытаньне аб імпічмэнце ўзьнялі ў парлямэнце Паўднёвай Карэі пасьля таго, як 3 сьнежня Юн Сок Ёль аб’явіў аб увядзеньні ваеннага становішча «дзеля барацьбы з унутранымі прыхільнікамі КНДР». Указ, які дзейнічаў шэсьць гадзін, забараняў працу палітычных партыяў, пратэсты, забастоўкі, уводзіў цэнзуру і ваенна-палявыя трыбуналы з правам на вынясеньне сьмяротнага прысуду. Гэта выклікала маштабныя пратэсты як на вуліцах Сэула, так і ў парлямэнце. Дэпутаты падчас штурму будынка вайскоўцамі прагаласавалі за адмену рашэньня прэзыдэнта. Пасьля гэтага ён паводле закону быў вымушаны адмяніць указ.
7 сьнежня прэзыдэнт Паўднёвай Карэі папрасіў прабачэньня за свае дзеяньні ў тэлеэфіры. Ключавыя чыноўнікі, у тым ліку міністар абароны Паўднёвай Карэі Кім Ён Хён, сышлі ў адстаўку. Пазьней Кім быў арыштаваны. Пачата расьсьледаваньне справы аб мецяжы. Самому Юн Сок Ёлю, якога абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе і злоўжываньні ўладай, забаранілі выяжджаць з краіны.
Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль 12 снежня адхіліў абвінавачаньні ў мецяжы і сказаў, што ўвядзеньне ваеннага становішча было «глыбока вывераным палітычным рашэньнем». Ён таксама адхіліў заклікі пайсьці ў адстаўку і абвінаваціў апазыцыю ў тым, што яна злоўжывае імпічмэнтамі. «Незалежна ад таго, ці будзе мне аб’яўлены імпічмэнт або я апынуся пад сьледзтвам, я буду сумленна супрацьстаяць гэтаму», — цытуе прэзыдэнта агенцтва Yonhap.
Юн Сок Ёль — прадстаўнік правых сіл, традыцыйна жорстка настроеных у дачыненьні да Паўночнай Карэі. Прэзыдэнтам ён быў абраны ў 2022 годзе. Пазыцыя апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі ў адносінах да Пхэньяна больш гнуткая.
Форум