Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея назапашвае танкі, а Эўропа не гатовая адбіць напад, — эўракамісар у пытаньнях абароны Андрус Кубілюс


Андрус Кубілюс
Андрус Кубілюс

Новы камісар Эўразьвязу ў пытаннях абароны Андрус Кубілюс заявіў у інтэрвію Redaktionsnetzwerk Deutschland: «Калі шчыра, мы недастаткова падрыхтаваныя да нападу. Пройдуць гады, перш чым у нас у Эўропе зьявяцца магчымасьці, прадугледжаныя плянамі NATO».

Ягоныя словы цытуе нямецкае выданьне Bild.

Кубілюс спаслаўся на дадзеныя спэцслужбаў, паводле якіх Расея будзе гатовая напасьці на краіны ЭЗ у 2030 годзе: «Экспэрты кажуць, што Расея зараз вырабляе больш танкаў, чым выкарыстоўвае на лініі фронту. Незьлічоная колькасьць танкаў назапашваецца, і я, натуральна, задаю сабе пытаньне: чаму Расея гэта робіць? Што задумаў Пуцін? Мы можам толькі меркаваць».

У любым выпадку важна быць гатовымі да «надзвычайнай сытуацыі, пра магчымасьць якой папярэджваюць спэцслужбы», дадаў Кубілюс.

12 сьнежня генэральны сакратар NATO Марк Рутэ заклікаў падрыхтавацца да магчымай вайны з Расеяй у сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Палітык падкрэсьліў, што цяпер «непасрэднай ваеннай пагрозы» з боку Расеі няма, аднак Масква, на ягоную думку, актыўна рыхтуецца да «доўгатэрміновай канфрантацыі з Украінай і з краінамі NATO».

«Мы не гатовыя да таго, што нас чакае праз чатыры-пяць гадоў, — адзначыў ён. — Сытуацыя ва Ўкраіне сёньня можа паўтарыцца і ў нас».

Генсакратар NATO заклікаў саюзьнікаў «пачаць мысьліць у катэгорыях ваеннага часу» і перайсьці на «турбарэжым» у ваенных выдатках.

«Калі ўсе мы ня выдаткуем больш зараз, каб прадухіліць вайну, мы заплацім значна большую цану пазьней, каб ваяваць. Не мільярды, а трыльёны эўра. Гэта калі мы выйдзем пераможцамі, калі мы наогул пераможам», — заявіў Рутэ.

Увосень сёлета прэзыдэнт нямецкага Фэдэральнага ведамства выведкі і контравыведкі (BND) Бруна Каль выступіў з папярэджаньнем пра наяўнасьць канкрэтнай ваеннай пагрозы з боку Расеі.

«Не пазьней за канец гэтага дзесяцігодзьдзя расейскія ўзброеныя сілы павінны быць у стане ўчыніць прамы напад на NATO», — заявіў Каль 14 кастрычніка на адкрытых слуханьнях у кантрольным камітэце Бундэстагу з удзелам кіраўнікоў спэцслужбаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG