Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за мільён чалавек загінулі ці параненыя ў выніку вайны ва Ўкраіне, — генсакратар NATO


Пахаваньне ва Ўкраіне. Ілюстрацыйнае фота
Пахаваньне ва Ўкраіне. Ілюстрацыйнае фота

Паводле генэральнага сакратара NATO Марка Рутэ, штотыдзень з кожнага з бакоў вайны гінуць і атрымліваюць раненьні больш за 10 тысяч чалавек. Рутэ назваў падзеі ва Ўкраіне самым крывавым канфліктам у Эўропе пасьля Другой сусьветнай вайны.

Ужо больш за 1 мільён чалавек загінулі або параненыя на вайне ва Ўкраіне, заявіў Марк Рутэ ў Брусэлі 12 сьнежня.

«Кожны тыдзень з кожнага з бакоў гінуць і атрымліваюць раненьні больш за 10 тысяч чалавек», — цытуе Рутэ агенцтва dpa.

Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу назваў падзеі ва Ўкраіне самым крывавым канфліктам у Эўропе пасьля Другой сусьветнай вайны.

Выступаючы ў Брусэлі, Рутэ заклікаў падрыхтавацца да магчымай вайны з Расеяй у сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Палітык падкрэсьліў, што цяпер «непасрэднай ваеннай пагрозы» з боку Расеі няма, аднак Масква, на ягоную думку, актыўна рыхтуецца да «доўгатэрміновай канфрантацыі з Украінай і з краінамі NATO».

«Мы не гатовыя да таго, што нас чакае наперадзе праз чатыры-пяць гадоў, — адзначыў ён. — Сытуацыя ва Ўкраіне сёньня можа паўтарыцца і ў нас».

Генсакратар NATO заклікаў саюзьнікаў «пачаць мысьліць у катэгорыях ваеннага часу» і перайсьці на «турбарэжым» у ваенных выдатках.

«Калі ўсе мы ня выдаткуем больш зараз, каб прадухіліць вайну, мы заплацім значна большую цану пазьней, каб ваяваць. Не мільярды, а трыльёны эўра. Гэта калі мы выйдзем пераможцамі, калі мы наогул пераможам», — цытуе Рутэ агенцтва AP.

  • Дакладная колькасьць ахвяраў вайны ва Ўкраіне невядомая. Расея і Ўкраіна практычна не даюць агульнай інфармацыі пра свае страты ў вайне і прыводзяць непацьверджаныя зьвесткі пра страты праціўніка.
  • Нядаўна прэзыдэнт Ўкраіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што з пачатку канфлікту загінулі каля 43 тысяч салдат Узброеных сіл Украіны, 370 тысяч параненыя, але каля паловы зь іх вярнуліся ў строй.
  • Брытанскі часопіс The Economist ацаніў страты Ўкраіны ў 60-100 тысяч забітымі. Журналісты BBC і «Медиазоны» пацьвердзілі гібель на фронце больш за 78 тысяч расейцаў.
  • Міністар абароны ЗША Лойд Остын заявіў, што ў часе поўнамаштабнай вайны супраць Украіны Расея страціла сама меней 700 тысяч вайскоўцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG