Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначылі новы суд над зьняволеным вайсковым аглядальнікам Лебядком


Ягор Лебядок, архіўнае фота
Ягор Лебядок, архіўнае фота

Летась палітзьняволенага Ягора Лебядка паводле ч. 1 і ч.2 арт. 361–4 («Спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу пакаралі на 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

11 сьнежня зноў будуць судзіць былога вайсковага аглядальніка Ягора Лебядка. Палітвязьню пагражае перавод на турэмны рэжым утрыманьня.

Судзьдзём на працэсе будзе Васіль Аўрусевіч, паведамляе «Вясна».

Былы вайсковец, старшы лейтэнант запасу Ягор Лебядок да затрыманьня ў ліпені 2022 году займаўся аналітыкай у вайсковых пытаньнях, у тым ліку выступаў у недзяржаўных мэдыя на тэму вайны ва Ўкраіне.

Па затрыманьні Ягора Лебядка спачатку асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту, але потым не вызвалілі і завялі крымінальную справу. У сьнежні 2022 году судзьдзя Менскага абласнога суду Алена Місьнік прызначыла палітвязьню 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Як паведамляе «Вясна», згодна з матэрыяламі справы, Лебядок у красавіку і траўні 2022 году нібыта «ў мэтах забесьпячэньня дзейнасьці публічнага дэструктыўнага каналу, інфармацыйную прадукцыю якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрвію прадстаўніку названага каналу на тэму правядзеньня ўзброенымі сіламі РФ спэцыяльнай ваеннай апэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны і ролі ў ёй Беларусі».

Ягор адбывае свой тэрмін у івацэвіцкай калёніі № 22; вядома, што адміністрацыя калёніі зьмяшчала палітвязьня ў ШЫЗА. Другі суд над вайсковым аглядальнікам, па выніках якога яго могуць зьмясьціць у крытую турму, адбудзецца ў Івацэвічах.

  • Ягор Лебядок — вядомы ў Беларусі незалежны вайсковы экспэрт.
  • Ён аналізаваў пагрозы для Беларусі ў кантэксьце вайны Расеі супраць Украіны і прагназаваў, у якім выпадку рэжым Лукашэнкі можа ўцягнуць у вайну беларускія войскі.
  • Падчас затрыманьня 12 ліпеня 2022 году ў Лебядка быў ператрус, у яго забралі мабільны тэлефон і сыстэмны блёк кампутара.
  • 16 жніўня Ягора Лебядка прызналі палітычным вязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG