Па словах армянскага прэм’ера, у існуючых умовах вяртаньне Ерэвана ў АДКБ становіцца немагчымым.
Пашыньян удакладніў, што Армэнія замарозіла свой удзел у арганізацыі, адмовіўшыся абмяркоўваць або блякаваць якія-небудзь дакумэнты. «Мы ўжо лічым сябе па-за АДКБ. Няхай яны вырашаюць, што хочуць. Мы ня ўмешваемся ў іх справы і не заяўляем, што тут у нас дэ-юрэ ёсьць права на вета. І гэта пры ўсёй павазе да нашых калег», — падкрэсьліў прэм’ер-міністар Армэніі падчас выступу ў парлямэнце.
Такая заява прагучала пасьля каментароў Уладзіміра Пуціна, паводле вынікаў саміту АДКБ у Астане ў лістападзе. Тады расейскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што арганізацыя ня выступіла на баку Ерэвану падчас вайны за Карабах, паколькі сытуацыя не падпадала пад вызначэньне вонкавай агрэсіі супраць Армэніі.
Пашыньян яшчэ ў пачатку году аб’явіў аб замарозцы сяброўства Армэніі ў АДКБ і дапусьціў магчымасьць выхаду краіны з арганізацыі, калі яна ня выканае свае абавязаньні і не прызнае зоны адказнасьці. Мова ішла аб ваеннай апэрацыі Азэрбайджану ў Карабаху ў верасьні 2023 году. Пазьней ён назваў АДКБ пагрозай нацыянальнай бясьпецы Армэніі, нягледзячы на заявы АДКБ аб захаваньні абавязаньняў перад Ерэванам.
- Карабах, паводле міжнароднага права, належыць Азэрбайджану, але з пачатку 1990-х Баку не кантраляваў яго тэрыторыю. У 2020 годзе ў выніку баявых дзеяньняў азэрбайджанскае войска вярнула пад свой кантроль значную частку тэрыторый Карабаху.
- У 2023 годзе Азэрбайджан правёў у Карабаху кароткатэрміновую ваенную апэрацыю, па выніках якой цалкам ўстанавіў кантроль над рэгіёнам, а непрызнаная Нагорна-Карабахская рэспубліка, у якой пражывала пераважна армянскае насельніцтва, спыніла сваё існаваньне. Каля 120 тысяч чалавек вымушаныя былі пакінуць свае дамы, баючыся перасьледу з боку Азэрбайджану. Баку пры гэтым заклікаў мясцовае насельніцтва прыняць азэрбайджанскае грамадзянства і не пакідаць свае дамы.
- Армэнія і Азэрбайджан да гэтага часу не падпісалі мірную дамову. Бакі праводзяць дэлімітацыю і дэмаркацыю мяжы.
Форум