Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую выцінанку ўключылі ў Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO


Міжурадавы камітэт UNESCO ў пытаньнях нематэрыяльнай культурнай спадчыны 4 сьнежня ўключыў беларускую выцінанку ў Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

«Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразаньня з паперы, якое ўжываецца ў Беларусі. Першапачаткова выкарыстоўвалася ў цэрквах, цяпер ужываецца для ўпрыгожваньня дамоў, кавярняў і офісаў, для дызайну друкаванай прадукцыі, напрыклад, календароў і паштовак, а таксама ў тэатральных дэкарацыях і грамадзкіх месцах. Рамесьнікі выкарыстоўваюць розныя спосабы выразаньня з паперы: ад выразаньня простых сымэтрычных кампазыцыяў нажніцамі да камбінаваньня складаных дэталяў з дапамогай нажніц і стамескі.

Сёньня выцінанка выконвае комплекс унівэрсальных функцыяў, у тым ліку выхаваўчую, эстэтычную і камунікатыўную», — гаворыцца на сайце UNESCO.

У 2021 годзе беларускае мастацтва выцінанкі атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці ў Беларусі. На той час у Беларусі мастацтвам выцінанкі валодалі каля ста майстроў, 11 зь іх мелі званьне народнага майстра.

Пасьля гэтага Міністэрства культуры Беларусі намінавала беларускую выцінанку ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

Выцінанка — мастацтва выразаньня карункавых узораў з паперы. Яно распаўсюдзілася па Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. Тады выцінанкамі аздаблялі жыльлё. Пры канцы XX стагодзьдзя выцінанку прызналі відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Гэта ўжо шостая беларуская культурная традыцыя ў сьпісе UNESCO. Раней у яго трапілі:

  • сьвяточны калядны абрад «Калядныя цары» ў мястэчку Семежаве Капыльскага раёну Менскай вобласьці (2009),
  • сьвяткаваньне ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у мястэчку Будславе Мядзельскага раёну Менскай вобласьці (2017),
  • абрад «Юраўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці (2019),
  • «Культура ляснога бортніцтва» Беларусі і Польшчы (2020),
  • «Саломапляценьне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменьні» (2022).

У красавіку 2024 году Беларусь таксама накіравала ў UNESCO дасье нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Культура беларускай дуды» для прызнаньня яе нематэрыяльнай культурнай спадчынай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG