Міністэрства культуры Беларусі накіравала дасье нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Культура беларускай дуды» ў сакратарыят канвэнцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.
Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, матэрыялы падрыхтавалі ў Менскім аблвыканкаме ў 2024 годзе пры каардынацыі Міністэрства культуры Беларусі.
У 2023 годзе Міністэрства культуры Беларусі прызнала культуру беларускай дуды нацыянальнай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.
Беларуская дуда — духавы язычковы інструмэнт, які складаецца са скуранога мяшка, мэлядычнай трубкі (жалейка, перабор), адной ці дзьвюх басовых трубак (гук, бас ці бурдон), і трубкі для надзіманьня паветра (соска, сапель). У старабеларускай літаратуры згадваецца з XV стагодзьдзя. Першыя іканаграфічныя крыніцы дуды ў Беларусі адносяцца да XVI стагодзьдзя, калі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага пашырыліся дуды нямецкай канструкцыі.
Беларуская дуда распаўсюджаная на тэрыторыях Віцебскай, Горадзенскай, Гомельскай, Магілёўскай і Менскай абласьцей.
У сьнежні 2022 году ў Рэпрэзэнтацыйны сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO уключылі «Саломапляценьне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменьні».