У нас ледзь ня кожны дробны палітык ці грамадзкі дзеяч, як толькі атрымае сякія-такія паўнамоцтвы, тут жа імкнецца ператварыцца ў маленькага Лукашэнку: перапыніць, дэманстратыўна прынізіць і падпарадкаваць сабе ўласных паплечнікаў ці займацца сабатажам супраць іх, замест таго каб прагматычна супрацоўнічаць на роўных дзеля пэўнай больш важнай мэты.
Уражвае, як у гэтым сэнсе мы адрозьніваемся ад краін з багатымі традыцыямі дэмакратыі. Самы сьвежы прыклад — нядаўнія прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. Памятаеце, якой жорсткай, часам на мяжы прыстойнасьці, была выбарчая кампанія — нярэдка з узаемнымі абразамі і пагрозамі. Але, як толькі выбары адбыліся, усё шоў скончылася вокамгненна. Так, магчыма, усе стаміліся і пайшлі ў адпачынак, вырашыўшы даць сабе паўзу на калядны час. Магчыма, жарсьці зноў разгарацца пасьля Новага году і бліжэй да інаўгурацыі Трампа (а можа, і раней).
Але пакуль што Майк Уолц, будучы дарадца прэзыдэнта Трампа ў нацыянальнай бясьпецы, вельмі цёпла і кампэтэнтна кажа, што пераходная каманда Трампа і дзейная адміністрацыя Байдэна — Гарыс працуюць разам гарманічна і ў зладжанай атмасфэры, плячо ў плячо, «як рука і пальчатка» (паводле выкарыстанай ім ангельскамоўнай мэтафары). Бо ёсьць больш важныя, больш высокія інтарэсы дзяржавы. Выбарчая кампанія скончылася, далей пачынаецца зусім іншая праца.
Так, беларусам трэба вучыцца гэтай фармалісцкай інстытуцыяналісцкай «крывадушнасьці». Бо гэта стрыманая цьвярозая «крывадушнасьць» на базе пэўных правілаў гульні лепш, чым звыклая для нас палымяная і кіселепадобная славянска-савецкая бардачная «шчырасьць» без абавязкаў і абавязаньняў, калі ўрэшце аказваецца, што чалавек, як той казаў, «сам гаспадар свайго слова: захацеў даў, захацеў — забраў».
Ёсьць і яшчэ зьвязаны з гэтым аспэкт, які гучыць банальна, але значнасьць якога на практыцы ў нас прынята недаацэньваць. Абсалютна любая зьмена галоўнай асобы (ня важна, ці гэта прэзыдэнт у дэмакратычнай дзяржаве, ці дыктатар у дыктатуры, ці нават проста старшыня партыі або грамадзкай арганізацыі) карысная тым, што прыходзяць новая асоба і новая каманда. Гэта азначае ня проста новы погляд на рэчы і новую праграму. Гэта азначае свабоду ад інэрцыі, ад застарэлых памылак, якіх ня хочацца прызнаваць, і застарэлых канфліктаў, якія цягнуцца з году ў год і абмяжоўваюць магчымасьці для разьвіцьця. Гэта заўсёды паводле азначэньня магчымасьць «пачаць з чыстай старонкі» ў вельмі многіх сфэрах, проста па факце таго, што за стырно становяцца іншыя людзі. З гэтым і могуць быць зьвязаныя надзеі на адміністрацыю Трампа і спыненьне (ці хаця б замарожваньне) вайны Расеі супраць Украіны.
У Беларусі прэзыдэнцкія «выбары» ў студзені 2025 году маглі б стаць для рэжыму вакном магчымасьцяў для таго, каб «перагарнуць старонку». На жаль, наўрад ці стануць. Бо, скажам, нармалізацыя стасункаў Беларусі з Захадам паводле азначэньня немагчымая, пакуль на чале Беларусі застаецца Аляксандар Лукашэнка. І толькі прыход любога — абсалютна любога — пераемніка на ягонае месца, якім бы лукашыстам і дыктатарам гэты пераемнік ні быў, мог бы нешта зьмяніць.
Гэтае акно магло б зачыніцца і ня быць выкарыстаным, як у Туркмэністане з прыходам Бердымухамедава ці ў КНДР з прыходам Кім Чэн Ына (здавалася б, маладога і з адукацыяй у швайцарскай школе). А магло б быць выкарыстанае для эвалюцыі і разьвіцьця, з выгадай як для грамадзтва, так і нават для рэжыму. Асабліва красамоўны тут прыклад любімага постсавецкімі дыктатарамі Кітая, чые камуністычныя кіраўнікі ў другой палове XX стагодзьдзя прадэманстравалі геніяльнае майстэрства эвалюцыі. Не дапусьціўшы дэмантажу рэжыму, яны ператварылі КНР з адсталага сатэліта сталінскага СССР у амаль што звышдзяржаву, якая ўжо практычна заняла месца СССР як галоўнага геапалітычнага канкурэнта ЗША, канкурэнта больш хітрага і небясьпечнага, чым быў СССР. Мао Дзэ-дун ня змог бы мадэрнізаваць КНР, прыцягнуць заходніх інвэстараў, правесьці рынкавыя рэформы і перавесьці краіну на новы этап разьвіцьця — у тым ліку таму, што для шмат каго ў замежжы ён быў нярукапаціскальным. Толькі новыя асобы, якія прыйшлі яму на замену, здолелі гэта зрабіць.
Ня змогуць мадэрнізаваць свае пэрсаналісцкія рэжымы і «вечныя» Пуцін з Лукашэнкам — пастарэлыя на сваіх тронах дыктатары, якія зьбіраюцца заставацца на гэтых пасадах пажыцьцёва і працягваюць жыць сваімі прымітыўнымі ўяўленьнямі пра сьвет, замацаванымі ў іхных галовах дзесяцігодзьдзямі лісьлівасьці з боку атачэньня.
Яшчэ горш, што мудрасьць ідэі зьмены ўлады не ўласьцівая і, напрыклад, «вечнаму» Зянону Пазьняку, які ўжо амаль сорак гадоў ачольвае сваю палітычную сілу пад яе рознымі назвамі. Ці «вечнай» Івонцы Сурвіле, якая займае сваю няхай сабе і сымбалічную (але ў гэтым і асаблівая складанасьць) пасаду таксама амаль трыццаць гадоў. Рана ці позна гэтае выпрабаваньне чакае і Сьвятлану Ціханоўскую (некаторыя ейныя крытыкі кажуць, што гэты час ужо надышоў).
З другога боку, у Беларусі ёсьць прыклады лідэраў апазыцыйных партый нулявых гадоў, якія ўрэшце пакінулі пасады, якія займалі цягам доўгіх гадоў. Ёсьць былыя кандыдаты ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў, якія ня сталі «бранзавець» у статусе апазыцыйных правадыроў і сваім прыкладам таксама дэманструюць, што для палітыкаў жыцьцё не канчаецца на нявыйграных выбарах ці на адстаўцы. Дый нават сам Дональд Трамп — другі ў гісторыі прэзыдэнт ЗША, які будзе кіраваць два тэрміны зь перапынкам паміж імі — цудоўны прыклад гэтага ж самага. Шкада, што для Лукашэнкі гэты прыклад ужо наўрад ці зможа быць карысным. Яму цяжка ўявіць жыцьцё пасьля адстаўкі і прайграных выбараў. Але вінаваціць у гэтым ён можа толькі самога сябе.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум