Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фармальна беларускі бізнэс застанецца прыватным, але стане яшчэ больш кантраляваным, — эканаміст Кавалкін


Нацбанк Беларусі, архіўнае фота
Нацбанк Беларусі, архіўнае фота

Эканаміст Уладзімер Кавалкін аналізуе, што адбываецца з курсам беларускага рубля, і дае свой адказ на пытаньне, ці сапраўды ўлады будуць прызначаць сілавікоў кіраваць прыватнымі прадпрыемствамі.

Сьцісла:

  • Калі ў Расеі пачнуцца істотныя эканамічныя праблемы, то яны будуць перакідвацца і на беларускую эканоміку.
  • Можна чакаць уцёкаў капіталу зь Беларусі.
  • Прадпрыемствы фармальна застануцца прыватнымі, але будуць кантралявацца праз тое, што сілавікі там расставяць сваіх людзей.
  • Улады Беларусі капіююць палітыку былога чылійскага сацыялістычнага лідэра Сальвадора Альендэ.

— Што адбываецца з курсам беларускай валюты? Ці можна сказаць, што падзеньне апошніх тыдняў дасягнула свайго часовага піку, або яно можа працягнуцца? Якія асноўныя прычыны гэтага падзеньня і ці ёсьць заканамернасьць у гэтым працэсе?

— Заканамернасьць у тым, што Нацбанк Беларусі арыентуецца на «валютны кошык» пры ўтварэньні курсу. І калі ў ім адна з валютаў — расейскі рубель, які складае ў кошыку 60 працэнтаў, — значна патаньнела, то, адпаведна, за ёй патаньнеў у адносінах да даляра і беларускі рубель.

Уладзімер Кавалкін, архіўнае фота
Уладзімер Кавалкін, архіўнае фота

60% беларускага экспарту ідзе ў Расею, і дзеля падтрымкі экспарту трэба патроху зьніжаць курс нацыянальнай валюты, што і адбываецца.

Калі ж казаць пра расейскі валютны рынак, ад якога мы так залежым, то цяперашні скачок Цэнтрабанк Расеі паспрабуе адыграць назад, я думаю, дзесьці ў калідоры 103-107 расейскіх рублёў за даляр. Мы ўжо бачым, што падключылі пэўныя рычагі і адбыўся адскок са 113 да 108.

— Калі расейцам удасца гэта зрабіць, то і беларускі рубель у адносінах да даляра стабілізуецца? У якім дыяпазоне — 3,5-3,6?

— Дзесьці так. У выніку валютны кошык прыблізна застанецца на тым самым узроўні. Бо, нагадаю, беларускі рубель таньнее ў дачыненьні даляра, але ўмацоўваецца да расейскага рубля.

— А што вы думаеце пра больш доўгатэрміновую пэрспэктыву для беларускага рубля на наступны год?

— Улады да выбараў будуць вельмі старанна ўтрымліваць тое, чаго ўдалося дасягнуць за апошнія год-паўтара. Гэта і рост заробкаў, і адносна стабільны курс рубля, які існаваў да апошніх тыдняў. Да прэзыдэнцкіх «выбараў» яны будуць за гэта трымацца.

А далей усё будзе залежаць ад таго, што адбываецца ў сьвеце, і асабліва ў Расеі. Калі ў Расеі пачнуцца істотныя праблемы, то яны будуць перакідвацца і на беларускую эканоміку.

— Беларуская эканоміка заўсёды залежала ад палітычных рашэньняў, адміністрацыйнага кіраваньня. Цяпер усе абмяркоўваюць нядаўнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі, што варта даць старшыням райвыканкамаў магчымасьць прызначаць ці зацьвярджаць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў. Ці лічыце вы гэта імаверным?

— Хутчэй за ўсё, да гэтага дойдзе. Яна капіююць палітыку былога чылійскага сацыялістычнага лідэра Сальвадора Альендэ, які і цэны кантраляваў, і нацыяналізацыю эканомікі праводзіў, і некалькі курсаў валюты пры ім было. Падабенства і ў тым, што беларускія ўлады спрабуюць рабіць міжгаліновыя балянсы і такім чынам вылічваць нейкія «справядлівыя» цэны. У Чылі пры Альендэ дзяржава таксама, як і цяпер у Беларусі, кантралявала цэны, узгаднялі іх у міністэрствах, ад чаго расла карупцыя.

Што тычыцца тых мэханізмаў, з дапамогай якіх у Беларусі будуць прызначаць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў, то гэта можа быць той самы мэтад, які ўжо адпрацаваны пры ўзгадненьні розных пасадаў на дзяржаўных прадпрыемствах: будзе ісьці нейкі запыт у КДБ, і тыя будуць спраўджваць, надзейны гэты дырэктар ці не. І зацьвярджаць будуць выключна надзейных, якіх-небудзь адстаўных сілавікоў.

Такім шляхам патроху будуць спрабаваць браць кантроль і над прыватным бізнэсам. У выніку бізнэс ня зможа нармальна і адэкватна працаваць, і праз гэта пачнуцца ўцёкі капіталу зь Беларусі. Гэта будзе такая эрзац-нацыяналізацыя. То бок, быццам бы прадпрыемства фармальна застаецца прыватным, але яно будзе кантралявацца праз тое, што сілавікі там расставяць сваіх людзей.

— Але няўжо ўлады не разумеюць, што менавіта прыватны бізнэс на сёньня дае прырост беларускай эканомікі, там лепшая прадукцыйнасьць працы, ён вырабляе больш за палову ВУП? Навошта рэзаць курыцу, якія нясе, можа, не залатыя, але карысныя яйкі?

— А яны ня лічаць, што гэтым будуць рэзаць курыцу. Яны проста павялічваюць кантроль. Фармальна гэта ўсё застанецца прыватным бізнэсам — але кантраляваным. Улады будуць сачыць за тым, што там, на гэтых прадпрыемствах, адбываецца, куды якія грошы ідуць і гэтак далей.

— Вы кажаце, што адказам на такі кантроль стануць уцёкі капіталу. Але куды ўцякаць беларускаму бізнэсу, калі тут і нерухомасьць, і вытворчыя працэсы?

— Тут я ня маю адказу. Тут кожны будзе адказваць сам за сябе.

— Вы лічыце, што такі дзяржаўны кантроль над прыватным бізнэсам стане стратэгічным курсам у эканоміцы?

— Безумоўна. У тым ліку і такім шляхам яны хочуць кантраляваць грамадзтва. Будзе дзяржаўны бізнэс, і будзе кантраляваны дзяржавай прыватны бізнэс.

— Наколькі, па-вашаму, рэалістычны прагноз ураду наконт плянаў росту эканомікі каля 4% на наступны год?

— Гэта маларэалістычна, бо эканоміка на цяперашніх магутнасьцях ужо перагрэтая і ёй цяжка расьці далей без інвэстыцыяў і тэхналёгіяў. А атрымаць іх немагчыма з прычыны санкцыяў.

Аднак мы з вамі размаўляем пра спэцыфічную беларускую эканоміку. Яны могуць заліць маштабныя дзяржаўныя інвэстыцыі — і ВУП вырасьце хоць на 4%, хоць на 8%. Намаляваць крэдыты пад фінансаваньне дзяржаўных праграмаў — гэта не праблема. Гэта рабілася шмат разоў у гісторыі Беларусі.

— Самай галоўнай праблемай беларускай эканомікі адмыслоўцы называюць нястачу кадраў. Ці можа ўлада паспрабаваць яе вырашыць з дапамогай мігрантаў?

— Пакуль для Беларусі гэта ня надта рэалістычна. Бо заробкі даволі нізкія і для мігрантаў няма ніякага сэнсу ехаць у Беларусь. Людзі зь Сярэдняй Азіі хутчэй паедуць ці ў Расею, ці (калі маюць такую магчымасьць) у Эўразьвяз. Беларусь ім малацікавая.

Таму будуць імкнуцца падштурхоўваць працаваць пэнсіянэраў, а таксама рознымі шляхамі забараняць выяжджаць маладым спэцыялістам, замацоўваць іх. Рублём яны не зацікавяць, рублёў у іх няма.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG