Для пазьбяганьня выплаты падаткаў за сваіх супрацоўнікаў Сьвята-Лізавецінскі манастыр вядзе падвойную бухгальтэрыю, а каб пазьбегнуць падаткаў на прыбытак, маскуе даходы пад ахвяраваньні, гаворыцца ў новым расьсьледаваньні «Бюро», падрыхтаваным з дапамогай ініцыятываў «Хрысьціянская візія» і «Кібэрпартызаны».
У структуры Сьвята-Лізавецінскага манастыра (СЕМ) — 12 храмаў, 70 царкоўных крамак у Менску, больш як 10 майстэрняў, а таксама нядзельная школа, патранажная служба, жаночы і мужчынскі падворкі, паломніцкі цэнтар, гурткі і студыі, праваслаўны дзіцяча-юнацкі рух «Арляняты», духоўна-асьветніцкі цэнтар «Каўчэг». У гэтым праваслаўным холдынгу працуе каля 1600 супрацоўнікаў і, як расказалі «Бюро» тры не зьвязаныя між сабой крыніцы, для пазьбяганьня выплаты падаткаў за сваіх супрацоўнікаў СЕМ вядзе падвойную бухгальтэрыю.
Адразу некалькі былых работнікаў манастыра паведамілі «Бюро», што рэлігійная арганізацыя наўмысна заніжае падатковую нагрузку. Паводле іх, заробак найманага супрацоўніка СЕМ умоўна падзяляецца на дзьве часткі: 15% і 85%. 15% — «белая» зарплата, якую афіцыйна налічваюць супрацоўніку пасьля выліку зь яе адлічэньняў у дзяржаўны бюджэт. 85% — «чорная» зарплата, якую СЕМ не паказвае падатковай. Яна, паводле крыніцы «Бюро», афармляецца па дакумэнтах як «дабрачыннае ахвяраваньне за царкоўны послух».
Агулам ахвяраваньні — асноўная крыніца даходу рэлігійнай арганізацыі, сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні «Бюро». Зрабіць ахвяраваньне можа як фізычная, так і юрыдычная асоба — гэтыя грошы не абкладаюцца падаткам на прыбытак, таму, каб пазьбегнуць сплаты падаткаў, манастыр маскуе даходы пад ахвяраваньні. Так, напрыклад, у чэрвені 2023 году СЕМ арганізаваў пры сваім цэнтры «Каўчэг» летнік для падлеткаў. Каб запісаць дзіця, бацькам трэба было ўнесьці «рэкамэндаванае ахвяраваньне» ў наступных памерах: 5/10 дзён — 250/450 рублёў, а пры так званым «раньнім рэзэрваваньні» менш: 5/10 дзён — 210/410 рублёў.
«Калі вам зрабілі ўсё дармова і пасьля гэтага вы колькі пажадалі, столькі і далі [грошай] — ня пэўную нейкую суму, а любую, якая вам прыйшла ў галаву, — гэта, найхутчэй, ахвяраваньне. Калі вам не гатовыя зрабіць паслугу датуль, пакуль вы не пакажаце нейкі квіток [пра аплату], то, вядома, гэта не ахвяраваньне, а звычайная тыповая камэрцыя», — патлумачыў «Бюро» кіраўнік праекту «Кошт ураду», эканаміст Уладзімір Кавалкін.
Паводле яго, СЕМ, па сутнасьці, займаецца падменай паняткаў. Слова «цана» або «аплата» яны мяняюць на «ахвяраваньне», і тады грошы афармляюцца не як прыбытак ад аказваньня паслуг і камэрцыйнай дзейнасьці, а як ахвяраваньні, якія падаткам не абкладаюцца.
Гэтая ж схема працуе і ў гандлёвых пунктах манастыра, сьцьвярджае «Бюро». Крыніцы расьсьледніцкага цэнтру паведамілі, што ў месцах рэалізацыі прадукцыі СЕМ (як рэгулярныя гандлёвыя аб’екты, так і кірмашы) няма касавых апаратаў — пераважна купля праходзіць як «ахвяраваньне». Пад выглядам кліентаў журналісты «Бюро» правялі «кантрольную закупку» і высьветлілі, што «ў некалькіх аб’ектах у радыюсе манастыра па вул. Выгоцкага» сапраўды няма ні тэрміналаў, ні касавых апаратаў — ім прапанавалі разьлічыцца наяўнымі ў крамах «Манастырскі сад», «Эла» і «Крыжы і помнікі», а таксама ў гатэлі манастыра «Дом паломнікаў».
Таксама журналісты паспрабавалі зарэзэрваваць нумар у манастырскім гатэлі, але жанчына на рэцэпцыі патлумачыла, што тэрміналу ў гатэлі няма і аплаціць нумар трэба гатоўкай па прыезьдзе ў гатэль, пры гэтым чэк аб аплаце даць ня могуць. «Мы можам толькі даць рахунак [фактуру], што вы ахвяравалі на манастыр, як ахвяраваньне», — сказалі ў гатэлі.
«Бюро» дадаткова прааналізавала водгукі карыстальнікаў у сэрвісах «Яндекс.карты» і Google Maps. Наведнікі гандлёвых аб’ектаў манастыра ня раз скардзіліся на адсутнасьць тэрміналаў і чэкаў.
Духоўнік СЕМ Андрэй Лемяшонак у размове зь «Бюро» адмаўляў зарплаты ў канвэртах, а вось адсутнасьць тэрміналаў у гандлёвых аб’ектах манастыра ён не адмаўляў.
Таксама, як сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні «Бюро», Сьвята-Лізавецінскі манастыр валодае 7 асобна выдзеленымі юрыдычнымі асобамі ў Беларусі і Расеі, якія вядуць камэрцыйную дзейнасьць, і кантралюе іх. Пры гэтым ёсьць выпадкі, калі некаторыя з арганізацый не плацілі падаткі. Цалкам расьсьледаваньне можна прачытаць па спасылцы.