Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэспубліканская рада па гістарычнай палітыцы заклапацілася праблемай «экстрэмісцкай» літаратуры


Вячаслаў Даніловіч
Вячаслаў Даніловіч

У Беларусі ўзмоцняць кантроль за гістарычнай літаратурай у кнігарнях і за тэмамі кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацый навукоўцаў, вынікае са словаў намесьніка старшыні сталай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, супрацоўніка Інстытуту гісторыі НАН Вячаслава Данілевіча.

Пра гэта ён заявіў на пасяджэньні Рэспубліканскай рады па гістарычнай палітыцы, якое прайшло 15 кастрычніка на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

«Тая літаратура, якая ў нас прадстаўленая, павінна адпавядаць нашай дзяржаўнай гістарычнай палітыцы, калі мы гаворым пра гістарычную літаратуру. Да нас не павінна трапляць экстрэмісцкая літаратура», — заявіў Данілевіч, яго цытуюць дзяржаўныя СМІ.

Падкрэсьліваецца, што ў фокусе ўвагі рады будуць і «тэмы кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў».

Таксама «адмысловую ўвагу» на пасяджэньні надалі падрыхтоўцы кіраўнікоў па вайскова-патрыятычным выхаваньні ў школах, адзначае тэлеграм-канал Інстытуту гісторыі НАН Беларусі.

Кіраўнік рады, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітры Круты заявіў, што «пасьля 2020 году спробы перапісаць гісторыю сталі яшчэ больш зацятымі з боку і беглай апазыцыі, і заходніх палітыкаў», цытуе яго «Позірк». Ён назваў задачай рады «апэратыўнае рэагаваньне на разнастайныя правакацыі, фэйкі», якія, паводле яго, на Беларусь «льюцца штодня».

Мастацкая і гістарычная літаратура ўвесь час папаўняе «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», які вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Так, 15 кастрычніка ў яго ўключылі выбраныя творы Вацлава Ластоўскага, выдадзеныя ў сэрыі «Беларускi кнiгазбор» у 1997 годзе.

У канцы жніўня ў сьпіс ўключылі тры кнігі гісторыка Ігара Мельнікава, асуджанага 13 верасьня да 4 гадоў пазбаўленьня волі за інтэрвію «Эўрарадыё».

У чэрвені ў сьпіс уключылі прадмову літаратуразнаўцы Язэпа Янушкевіча да двухтомніка «Драматычныя творы, вершаваныя аповесьці і апавяданьні» Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG