17 жніўня, на другі дзень новай працы кур'ерам, Аляксандар (імёны герояў зьмененыя) дастаўляў пасылку ў горадзе Васількаве непадалёк ад Беластоку, калі на яго накінуўся мужчына. У хлопца зламаны нос, яго чакае апэрацыя, паведамляе выданьне MOST.
Маці Аляксандра Галіна расказала выданьню, што адбылося. Яны з сынам жывуць у Беластоку ўжо год. Нядаўна хлопец знайшоў працу курʼерам у кампаніі DHL. 16 жніўня падпісаў дамову і паехаў па першым маршруце.
Паводле маці, ён даставіў адну з пасылак па адрасе, патэлефанаваў у дзьверы, але ніхто не адчыніў. Тады ён перавёў дастаўку на наступны дзень — такая інструкцыя. Празь нейкі час яго дагнаў мужчына і пачаў крычаць: «Аддай маю пасылку». Аляксандар адказаў, што ўжо перанёс дастаўку на заўтрашні дзень.
«Мужчына пачаў на яго мацюкацца, называць украінцам, казаць, што ён „такі-сякі“. У выніку сын сеў у машыну і зьехаў», — расказвае Галіна. Паводле яе, мужчына пасьля гэтага яшчэ некалькі разоў тэлефанаваў Аляксандру на мабільны і лаяўся.
На наступны дзень Аляксандар зноў працаваў. Пасьля адной з даставак у краму, калі беларус вяртаўся да машыны, да яго на ровары падʼехаў той самы мужчына і зноў пачаў пытацца пра пасылку. Калі Аляксандар сказаў, што трэба крыху пачакаць, мужчына зноў пачаў крычаць, што той з Украіны, на што Аляксандар адказаў: «Я не з Украіны, я зь Беларусі».
«Мужчына чамусьці кажа: „Ну, раз зь Беларусі, то нармальна“. Але празь некаторы час ён зноў заладзіў пра Ўкраіну, пра сваю „пачку“, і ўдарыў майго сына галавой аб машыну. Сын адказаў — ударыў у сківіцу. Пасьля гэтага пачалася бойка», — расказвае жанчына.
Падчас бойкі, паводле аповеду маці, мужчына ўвесь час указваў на тое, што Аляксандар з Украіны, а той адказваў, што беларус. Мужчына спыняўся, прасіў прабачэньня, але праз колькі хвілін зноў пачынаў нападаць са словамі: «Ды ты ўкраінец!» Калі Аляксандар сказаў, што выкліча паліцыю, мужчына прыгразіў яго забіць і паказаў нож. Беларус схаваўся ў машыне, прадавачка крамы выклікала паліцыю і мэдыкаў.
Калі прыехалі паліцыя і хуткая, падышоў той мужчына, ужо зь сябрам. Сябар сказаў, што ўсё бачыў і гэта Аляксандар першы напаў. На мужчыну надзелі кайданкі, абшукалі, але нажа не знайшлі. Галіна кажа, што камэры ля крамы нічога не зафіксавалі, сьведак пакуль не знайшлі. Начальнік Аляксандра зьвярнуўся ў паліцыю і дапамагае з пошукам тых, хто мог нешта бачыць. Ёсьць інфармацыя, што мужчыну, які зьбіў Аляксандра, адпусьцілі з паліцыі.
У Аляксандра засталіся гематомы, зламаны нос і зрушаная перагародка, пэрыядычна пачынаюцца крывацёкі, якія складана спыніць, кажа маці. Яго чакае апэрацыя.