У польскім горадзе Любліне суд вынес вырак грамадзяніну Ўкраіны Максіму В., якога абвінавацілі ў нападзе з нажом і крадзяжы рэчаў грамадзяніна Беларусі.
Як паведамляе выданьне Most, суд вынес вырак у канцы чэрвеня, судовыя пасяджэньні ішлі з красавіка. Абвінавачаны настойваў, што ў інцыдэнце вінаватая вайна, якую разьвязаў пуцінскі рэжым. Максім В. таксама прасіў суд яго апраўдаць і накіраваць на вайну.
У часе судовага разгляду кваліфікацыю правапарушэньняў украінца зьмянілі: яго абвінавацілі ў нанясеньні шкоды здароўю, а не ў замаху на забойства.
Судзьдзя Барбара Маркоўска асудзіла грамадзяніна Ўкраіны на 4,5 года пазбаўленьня волі і абавязала яго выплаціць пацярпеламу 10 тысяч злотых. Цягам 5 гадоў ён ня зможа набліжацца да пацярпелага беларуса бліжэй, чым на 20 мэтраў.
Што папярэднічала
1 сакавіка 2022 году ў вёску Казлуўка ў Люблінскім ваяводзтве (каля 30 кілямэтраў ад Любліна) беларус Яўген Б. прыехаў на заробкі, але ў той мясцовасьці мусіў адбыць карантын.
У будынку, куды прыехаў Яўген, жыў украінец Максім. Паводле вэрсіі пракуратуры, напад адбыўся, калі беларус пераносіў рэчы з аднаго пакоя ў іншы. Максім нанёс удар нажом у сьпіну, але трапіў у плячо. Яўген адштурхнуў нападніка, але той працягваў яго атакаваць. Пацярпелы змог перакуліць стол, запаволіць нападніка і ўцячы з будынку. Скрываўлены беларус спыніў машыну, а сьведкі выклікалі дапамогу.
Паліцыянты затрымалі Максіма адразу пасьля інцыдэнту. У яго знайшлі рэчы, якія належалі беларусу: тэлефон, кашалёк з гатоўкай і дакумэнтамі. Калі ў яго папрасілі патлумачыць сытуацыю, ён адказаў: «Гэта за вайну».
Максім расказаў сьледчым, што канфлікт адбыўся праз вайну. Паводле яго, беларус не пагаджаўся, што расейскія войскі напалі на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі.