Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ягоная ініцыятыўная група ўжо сабрала больш за 700 тысяч подпісаў выбарнікаў на карысьць ягонага вылучэньня ў кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі.
«Мяне ўчора праінфармавалі, што на сёньняшні момант больш за 700 тысяч подпісаў. Недзе так», — працытаваў Лукашэнку Telegram-канал «Пул первого», зьвязаны зь ягонай прэсавай службай.
Паводле дзейнага ў Беларусі заканадаўства, для вылучэньня ў кандыдаты прэтэндэнты мусяць сабраць ня менш за 100 тысяч подпісаў. У апошняй электаральнай кампаніі, якая праходзіла ў 2020 годзе, ЦВК паведаміла, што ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі прадставіла 1 958 800 подпісаў, зь якіх сапраўднымі прызналі 1 939 572.
Наведваючы 14 лістапада чарговы сацыяльны аб’ект, Лукашэнка зноў выказаўся аб удзеле жанчын у выбарах прэзыдэнта.
«У Беларусі, ня дай Божа, жанчыну выберуць. У прэзыдэнта ЗША ня тыя паўнамоцтвы, а тут трэба ўнікаць ва ўсё. У Беларусі прэзыдэнт — галоўнакамандуючы. І потым, гэта найцяжэйшая праца. Ня трэба так грузіць жанчыну, гэта не цырыманіяльная пасада. Магчыма, праз пэўны час мы падыдзем да такога стылю. Але пакуль ён іншы», — заявіў Лукашэнка.
Пры гэтым ён дадаў, што быў прыхільнікам вылучэньня кандыдатаў грамадзкімі арганізацыямі, як гэта было ў выпадку з Вольгай Чамаданавай (яе вылучэньне падтрымаў актыў Беларускага саюзу жанчын і кіраўнік праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці. — РС) і Сяргеем Бобрыкавым (грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі саюз афіцэраў»).
«Я быў прыхільнікам, каб усе партыі, вялікія грамадзкія арганізацыі вылучалі сваіх кандыдатаў. Вылучылі: Воля Чамаданава ў нас была і Бобрыкаў. Ну нармальныя людзі, [ягоныя прыхільнікі]. І яны ішлі: «Мы ведаем, што [Лукашэнка] выйграе, але мы не дамо яго пакрыўдзіць. А потым паглядзелі-паглядзелі: унутры арганізацый ня вельмі гэта разумеюць, і яны: „Лепш мы здымемся“. Ну як мяне праінфармавалі. Я толькі ўчора даведаўся, што яны зьняліся з гэтай дыстанцыі. Будзем разам змагацца за той курс, які мы даўно вызначылі», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
«Няма ніякага страху, што будуць удзельнічаць усе, хто захоча. Мы больш не дамо магчымасьць краіну ні нахіліць, ні на калені, ня дай Божа, паставіць, ні зьнішчыць. Гэта выключана, як бы камусьці гэтага ні хацелася», — заявіў Лукашэнка.
Сёлета аб сваім намеры ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта 26 студзеня 2025 году заяўлялі тры жанчыны: Ганна Канапацкая ,дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 6-га скліканьня (2016–2019), экс-кандыдатка на прэзыдэнта Беларусі на выбарах 2020 году: Дзіяна Кавалёва, жыхарка Магілёва (раней яна была прадпрымальніцай і здавала жытло на содні, але ў 2021 годзе яе ІП закрылі з прычыны неажыцьцяўленьня дзейнасьці) і Вольга Чамаданава, начальніца галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы і ў справах моладзі Менгарвыканкаму, старшыня Беларускага саюзу жанчын, былая прэс-сакратарка МУС Беларусі.
ЦВК зарэгістравала ініцыятыўныя групы Ганны Канапацкай і Вольгі Чамаданавай. Дзіяне Кавалёвай адмовілі, бо датычна 30 з 114 прапанаваных сяброў ініцыятыўнай групы былі пазначаныя неадпаведныя пашпартныя зьвесткі. А для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы неабходна, каб у яе складзе было ня менш за 100 чалавек.
Вольга Чамаданава спыніла ўдзел у выбарчай кампаніі праз 12 дзён пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.
Цяпер сярод жанчын – патэнцыйных удзельніц прэзыдэнцкай кампаніі засталася толькі Ганна Канапацкая.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
Форум