«Сёньня Пуцін прызнаў, што ён зрабіў ужо другі за гэты год крок да эскаляцыі, да расшырэньня гэтай вайны. Была выкарыстаная новая балістычная ракета. Пуцін ударыў па нашым горадзе Дніпро, адным з найбольшых гарадоў Украіны. Гэта відавочнае і сур’ёзнае павелічэньне маштабу і жорсткасьці гэтай вайны, цынічнае парушэньне Статуту ААН. І я падкрэсьлю: гэта ўжо другі крок Расеі да эскаляцыі за год. Першым такім крокам было залучэньне Паўночнай Карэі да вайны супраць Украіны — кантынгенту сама меней у 11 тысяч жаўнераў», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў сваім вечаровым звароце 21 лістапада.
Паводле яго, новы крок Расеі пацьвярджае адсутнасьць жаданьня спыніць вайну і ігнараваньне Крамлём заклікаў Кітаю, Бразыліі, эўрапейскіх краін і ЗША не расшыраць вайну.
«Сьвет павінен на гэта рэагаваць. Зараз моцнай рэакцыі сьвету няма. Пуцін вельмі адчувальны да гэтага. Ён правярае вас, паважаныя партнэры. Для ўсіх відавочна, хто адзіны вінаваты ў гэтай вайне, хто пачаў гэтую вайну 24 лютага і ўсе рэсурсы ўкладае ў тое, каб вайны працягвалася. Яго трэба спыніць. Калі жорсткай рэакцыі на ўчынкі Расеі няма, значыць, яны бачаць, што так можна. Вось што робіць Пуцін», — перакананы Ўладзімір Зяленскі.
У Міністэрстве замежных спраў Украіны заявілі, што выступ расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ўвечары 21 лістапада зьяўляецца яшчэ адным сьведчаньнем і прызнаньнем у злачынствах супраць Украіны, якое будзе выкарыстана для прыцягненьня яго і ягоных паплечнікаў да адказнасьці.
«Заява Пуціна сьведчыць, што ў працягу вайны зацікаўлена толькі Расея. Менавіта Пуцін стала пашырае яе маштаб і жорсткасьць, залучаючы зброю з Ірану і КНДР, паўночнакарэйскія войскі, а цяпер выкарыстоўваючы стратэгічную балістычную ракету, якая можа быць носьбітам зброі масавага зьнішчэньня», — заявілі ў МЗС Украіны.
Украінскія дыпляматы падкрэсьлілі, што Пуцін спрабуе маніпуляваць грамадзкай думкай краін Азіі, Блізкага Ўсходу, Афрыкі і Паўднёвай Амэрыкі, а таксама перакладваць адказнасьць за распачатую ім вайну на іншыя краіны.
«Ягоныя намаганьні выстаўляць сябе замагаром за шматпалярны сьвет пазбаўленыя глузду», — перакананыя ў МЗС Украіны.
21 лістапада ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што раніцай Расея з Астраханскай вобласьці запусьціла на ўкраінскі горад Дніпро міжкантынэнтальную балістычную ракету. Адбылося гэта празь некалькі дзён пасьля паведамленьняў аб тым, што Ўкраіна выкарыстала пастаўленыя Вялікай Брытаніяй ракеты Storm Shadow і вырабленыя ў ЗША сыстэмы ATACMS для нанясеньня ўдараў па вайсковых аб’ектах у глыбіні Расеі пасьля доўгачаканага дазволу прэзыдэнта Джо Байдэна.
Увечары 21 лістапада прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў зь неанансаваным зваротам да грамадзян, у якім, сярод іншага, заявіў, што Расея нанесла ўдар па Ўкраіне балістычнай ракетай, і назваў гэта адказам на дазвол Захаду Ўкраіне атакаваць цэлі на тэрыторыі Расеі дальнабойнай зброяй.
Уладзімір Пуцін удакладніў, што для ўдару па Дніпры Расея выпрабавала найноўшую балістычную ракету «Арэшнік» у бязьядзерным гіпэргукавым абсталяваньні. Паводле яго, гэта была ракета сярэдняй далёкасьці, а не міжкантынэнтальная ракета, як паведамілі ва Ўкраіне. Балістычныя ракеты сярэдняй далёкасьці здольныя пераадольваць адлегласьць ад 3000 да 5500 кілямэтраў, міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты — больш за 5500 км.
Раней пра гэтую ракету не паведамлялі ні расейскія СМІ, ні вайскоўцы, таму якой-кольвек інфармацыі пра яе няма. Пуцін падкрэсьліў, што гэтую ракету нібыта ня могуць перахопліваць сучасныя, у тым ліку амэрыканскія, сыстэмы супрацьракетнай абароны.
Пуцін таксама заявіў, што Расея пакідае за сабой права выкарыстоўваць і ў далейшым гэтыя ракеты, аднак плянуе загадзя папярэджваць «грамадзян дружалюбных дзяржаваў», якія могуць знаходзіцца ў месцы плянаванага ракетнага ўдару.
Пасьля выступу Пуціна ягоны прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Расея папярэдзіла ЗША пра пуск «Арэшніка» па лініі Расейскага нацыянальнага цэнтру памяншэньня ядзернай небясьпекі за 30 хвілінаў да пуску. Неўзабаве ў Пэнтагоне гэта пацьвердзілі.
Форум