Паўночнакарэйскія вайскоўцы, якіх Пхэньян накіраваў у Расею для падтрымкі расейскага войска ў Курскай вобласьці, бяруць удзел у баявых дзеяньнях, заявіў напярэдадні прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Вэдант Патэл. Гэтую ж інфармацыю пацьвердзіла паўднёвакарэйскае выведнае агенцтва, паведамляе Yonhap.
Паводле Вэданта Патэла, большая частка зь дзесяці зь лішкам тысяч паўночнакарэйскіх салдат, накіраваных у Расею, сканцэнтраваныя ў заходняй частцы Курскай вобласьці, яны «пачалі ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях сумесна з расейскімі сіламі».
Паўночнакарэйскія вайскоўцы прайшлі на расейскай тэрыторыі падрыхтоўку па выкарыстаньні артылерыі, бесьпілётнікаў, вядзеньні баявых дзеяньняў з выкарыстаньнем пяхоты, зачыстцы акопаў. Усё гэта неабходна для правядзеньня апэрацыяў на перадавой. Іх посьпех, адзначыў Патэл, будзе залежаць ад здольнасьці дзейнічаць сумесна з расейскімі войскамі. Перашкодай можа стаць моўны бар’ер, арганізацыя кіраваньня і кантролю за баявымі дзеяньнямі і сувязь.
Прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША заявіў, што Злучаныя Штаты «вельмі занепакоеныя» рашэньнем Расеі зьвярнуцца па дапамогу КНДР для вядзеньня вайны ва Ўкраіне. Вашынгтон працягвае кансультацыі з саюзьнікамі, каб прааналізаваць наступствы гэтага рашэньня Расеі.
Як паведамляюць амэрыканскія СМІ, Расея сабрала для наступу ў Курскай вобласьці 50-тысячную групоўку, у якую ўваходзіць і паўночнакарэйскі кантынгент.
Форум