Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пакрыўдзіўся на рэглямэнт ААН на кліматычным саміце: тры хвіліны для выступу яму недастаткова

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка ў часе выступу на канфэрэнцыі ў Баку
Аляксандар Лукашэнка ў часе выступу на канфэрэнцыі ў Баку

Аляксандар Лукашэнка пачаў сваю прамову на Канфэрэнцыі ААН аб зьменах клімату з ацэнкі сытуацыі і вынікаў намаганьняў чалавецтва мінімізаваць наступствы кліматычных зьменаў.

«Стала яшчэ горш. Вайна на Блізкім Усходзе, вайна ва Ўкраіне, вайна ў Паўднёвым Емэне. Усяго больш за 50 канфліктаў у сьвеце, якія жорстка ўплываюць на клімат, на нашай плянэце. Дык што стала лепш? Хто стаў плаціць за выкіды?» — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Лукашэнка пачаў з крытыкі на адрас краін, якія ачолілі міжнародную дзейнасьць па барацьбе з кліматычнымі зьменамі, а цяпер сабатуюць саміт ААН і не бяруць у ім удзел. «Ці тое яшчэ будзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША!» — сказаў ён.

«Паўстае пытаньне: дык якая ж эфэктыўнасьць нашай дзейнасьці на падобных самітах? Некалі прэзыдэнт Францыі ледзь не вялікім сябе лічыў за парыскія пагадненьні. І дзе гэты прэзыдэнт сёньня? Няўжо гэта неактуальна? Вось наша эфэктыўнасьць. Рапартаваць пакуль няма пра што», — дадаў ён.

Аляксандар Лукашэнка павіншаваў з выдатнай арганізацыяй канфэрэнцыі прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева, якога перад гэтым заходняя прэса абвінаваціла ў аўтарытарызьме і спробе праз правядзеньне гэтага саміту «ачысьціць» міжнародны імідж сваёй краіны.


Паводле Лукашэнкі, прыродныя стыхіі ў Гішпаніі і ЗША сталі вынікам бязьдзейнасьці ўладаў.

«Я гэта шчыра кажу, таму што маю краіну Беларусь папракнуць у гэтым пляне няма за што. Мы жорстка выконваем усе абавязаньні, якія ўзялі на сябе. Але паколькі праз такі махровы бюракратызм Сакратарыяту ААН за тры хвіліны практычна нічога сказаць немагчыма, я абмяжуюся літаральна некалькімі сказамі», — сказаў ён.

Аляксандар Лукашэнка мяркуе, што для павелічэньня эфэктыўнасьці захадаў супраць зьменаў клімату дастаткова пераарыентаваць нацыянальныя эканомікі, і найперш — адаптаваць сельскую гаспадарку да новых умоў. «Беларусь актыўна гэтым займаецца і гатовая дзяліцца досьведам», — сказаў Лукашэнка.

Чарговы раз ён заклікаў дапамагаць «краінам, якія разьвіваюцца», атрымаць доступ да «зялёных тэхналёгій», але бяз шкоды нацыянальным інтарэсам, каб «ня трапіць у кабалу».

«Патрэбна скасаваць усё, што перашкаджае міжнароднаму гандлю тэхналёгіямі, абмену інавацыямі і найлепшымі практыкамі», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, таксама патрэбныя новыя падыходы комплекснай ацэнкі ўзьдзеяньня інавацый на клімат.

«Гэтыя і іншыя кірункі патрабуюць кансалідацыі міжнародных намаганьняў не на словах, а на справе. Таму час ад слоў пераходзіць да спраў, і той, хто павінен плаціць, — павінен плаціць, а не адседжвацца ў сябе ў кабінэтах», — скончыў выступ Лукашэнка і сышоў з трыбуны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG