Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША расказаў аб працягу Стратэгічнага дыялёгу з дэмакратычнымі сіламі Беларусі


Крыстафэр Сьміт, намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША для Ўсходняй Эўропы ў бюро эўрапейскіх і эўразійскіх справаў
Крыстафэр Сьміт, намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША для Ўсходняй Эўропы ў бюро эўрапейскіх і эўразійскіх справаў

У Вільні 23 лютага пройдзе чарговая сэсія Стратэгічнага дыялёгу «ЗША — Беларусь», які пачаўся 6–8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне.

Амэрыканскі бок будуць прадстаўляць урадоўцы, а беларускі — дэмакратычныя сілы, якія знаходзяцца ў апазыцыі да фактычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь.

Перад гэтай падзеяй прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Крыстафэр Сьміт адказаў на пытаньні Радыё Свабода, у тым ліку аб прыярытэтах гэтага дыялёгу, аб адказнасьці Аляксандра Лукашэнкі за саўдзел у нападзе Расеі на Ўкраіну і ўціск беларускага грамадзтва.

Сьцісла:

  • Пуціну не ўдалося дасягнуць сваёй мэты — сьцерці Ўкраіну з мапы сьвету.
  • Пагроза разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі цалкам супярэчыць міжнародным абавязаньням Беларусі.
  • Будзем далей прыцягваць да адказнасьці рэжым Лукашэнкі і за ягоны ўдзел у вайне, і за ўнутраныя замахі на правы чалавека і дэмакратыю.
  • Будзем змагацца з крыніцамі, адкуль рэжым Лукашэнкі бярэ сваю сілу.
  • У нас ёсьць магчымасьць падрываць і выводзіць з ладу дэзынфармацыйную машыну Расеі.
  • Злучаныя Штаты шмат дзесяцігодзьдзяў выступаюць за незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі.
  • Сумна бачыць, што Лукашэнка ахвотна гандлюе сувэрэнітэтам Беларусі дзеля захаваньня сваёй улады.
  • 23 лютага нас будзе працяг Стратэгічнага дыялёгу, сэсія, на якой мы створым працоўныя групы, каб рэалізаваць ключавыя складнікі мэтаў стратэгічнага дыялёгу, якія мы вызначылі ў сьнежні ў Вашынгтоне.
  • Выбары 25 лютага відавочна будуць фальшывыя.
Крыстафэр Сьміт, намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША
Крыстафэр Сьміт, намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША

Хто такі Крыстафэр Сьміт

  • Крыстафэр Сьміт — намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША для Ўсходняй Эўропы ў бюро эўрапейскіх і эўразійскіх справаў.
  • У 2022–2023 гадах працаваў намесьнікам кіраўніка місіі ў амбасадзе ЗША ў Кіеве. Працаваў таксама ў Грузіі, Турэччыне, Афганістане, Армэніі.
  • Выпускнік вайсковага марскога каледжу ЗША, дзе атрымаў ступень магістра нацыянальнай бясьпекі і стратэгічных дасьледаваньняў.
  • У 2018 годзе стаў ляўрэатам прэміі Ўорэна Крыстафэра за выдатныя дасягненьні ў сфэры грамадзянскай бясьпекі за вынікі сваёй працы па рэформе барацьбы з карупцыяй, юстыцыі і праваахоўных органаў ва Ўкраіне.
  • Валодае расейскай і турэцкай мовамі.

Пуціну не ўдалося дасягнуць сваёй мэты — сьцерці Ўкраіну з мапы сьвету

— Мабыць, галоўная міжнародная тэма сёньняшняга дня — два гады ад пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Вы былі сьведкам гэтых падзей у Кіеве, калі працавалі ў амбасадзе ЗША ва Ўкраіне. Што вы думаеце пра шанцы і магчымасьці спыніць гэтую вайну, спыніць шматлікія ахвяры, і якія, на вашую думку, перадумовы павінны быць выкананыя?

— Калі гэтая вайна пачалася, я быў дырэктарам па Ўкраіне ў Радзе нацыянальнай бясьпекі ў Белым доме. Пасьля я працаваў намесьнікам кіраўніка дыпляматычнай місіі ў Кіеве. А цяпер я намесьнік памочніка дзяржсакратара. Так што як гэтая вайна разгортвалася, я бачыў з усіх трох пунктаў гледжаньня. І галоўнае, чаго я хацеў бы дамагчыся, — гэта таго, каб Украіна пры падтрымцы Злучаных Штатаў і іншых нашых саюзьнікаў і партнэраў дасягнула значнага прагрэсу ў пляне абароны ад расейскай агрэсіі.

Украіна вярнула пад свой кантроль 50% тэрыторыі, захопленай першапачаткова падчас поўнамаштабнага ўварваньня, якое пачалося амаль два гады таму. Яна прадэманстравала сваю здольнасьць праводзіць апэрацыі, якія становяцца ўсё больш пасьпяховымі і якія адкрылі важныя эканамічныя магчымасьці, асабліва цяпер у Чарнаморскім рэгіёне. Напрыклад, яна адкрыла тры марскія парты ў Адэсе, якія дазваляюць цяпер аднаўляць эканоміку нават у разгар жорсткай кампаніі Расеі супраць Украіны.

Чаму гэта важна — бо гэта дае Ўкраіне магчымасьць гандляваць. Толькі ў мінулым месяцы яны змаглі экспартаваць 12 мільёнаў тон збожжа, сталі, вугалю і іншых рэсурсаў. Гэта крытычна важна для таго, каб Украіна мела эканамічны рост, каб людзі маглі знаходзіць працу, каб ажыўляць эканоміку нават у разгар вайны. І працягваць аплачваць кошт гэтай вайны, вядома, пры дапамозе саюзьнікаў і партнэраў.

Крыстафэр Сьміт
Крыстафэр Сьміт

Калі я гляджу на цяперашнюю сытуацыю, я бачу, што Ўладзіміру Пуціну не ўдалося дасягнуць сваёй мэты — сьцерці Ўкраіну з мапы сьвету. Я бачу, што Ўкраіна прынесла вельмі цяжкія страты расейскім войскам. На працягу гэтай вайны яны страцілі больш за 300 000 параненымі і забітымі.

І Ўкраіна аб’яднала Захад у падтрымцы сваіх справядлівых і законных намаганьняў па абароне ад агрэсіі. Я думаю, гэтая вайна скончыцца тым, што Ўкраіна пераможа агрэсію Расеі. Украіна стаіць на сваіх нагах і здольная разьвіваць сваю эканоміку.

Я бачу, што ў канцы гэтага канфлікту Ўкраіна зможа дасягнуць рашучага разгрому расейскай агрэсіі, але таксама разьвіць і падтрымліваць сілы, неабходныя для стрымліваньня расейскай агрэсіі ў будучыні.

Я таксама лічу, што гэты канфлікт павінен скончыцца справядлівым і трывалым мірам, заснаваным на прынцыпах ААН — на прынцыпах тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці, а таксама прыцягненьнем Расеі да адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці, якія яна зьдзейсьніла. І канечне трэба зрабіць усё, каб у гэтым устойлівым міры Ўкраіна мела магчымасьць абараніць сябе ад любой будучай пагрозы агрэсіі.

Пагроза разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі цалкам супярэчыць міжнародным абавязаньням Беларусі

— Ужо падчас гэтай вайны была агучаная вельмі важная заява Пуціна і Лукашэнкі пра разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі. На вашую думку, як гэта стасуецца зь міжнароднымі дамовамі аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі?

— Я думаю, што пагроза разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі — гэта толькі апошні прыклад дэстабілізацыйнай дзейнасьці Ўладзіміра Пуціна і Лукашэнкі. Гэта цалкам супярэчыць міжнародным абавязаньням Беларусі і вельмі дэстабілізуе рэгіён. Мяне гэта ня дзівіць, улічваючы, што Лукашэнка адыграў актыўную ролю ў падтрымцы вайны Пуціна супраць Украіны, у тым ліку на самых пачатковых этапах, калі два гады таму Лукашэнка дазволіў выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для пачатку поўнамаштабнага ўварваньня. І мы асудзілі падтрымку Лукашэнкам вайны Расеі ва Ўкраіне і працягваем прымаць меры, каб прыцягнуць Лукашэнку і Ўладзіміра Пуціна да адказнасьці за гэтую вайну і за іх атакі на дэмакратыю і правы чалавека, і мы будзем рабіць гэта далей.

Будзем далей прыцягваць да адказнасьці рэжым Лукашэнкі і за ягоны ўдзел у вайне, і за ўнутраныя замахі на правы чалавека і дэмакратыю

— Як бы вы ахарактарызавалі магчымасьць адказнасьці самога Лукашэнкі за саўдзел у расейскай агрэсіі і за злачынствы супраць чалавечнасьці ў Беларусі? Што ЗША, Эўропа і сьвет могуць і павінны зрабіць з гэтай сытуацыяй?

— Я б пагадзіўся з характарыстыкай, што Лукашэнка адыграў непасрэдную ролю ў вайне ва Ўкраіне. Ён дазволіў выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для ваенных нападаў на Ўкраіну. Ён удзельнічаў — і ягоны рэжым удзельнічае — у масавым выкраданьні дзяцей з Украіны. На дадатак да іншых цяжкіх і сурʼёзных злачынстваў мы лічым, што разам з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі мы будзем далей прыцягваць да адказнасьці рэжым Лукашэнкі і за ягоны ўдзел у вайне, і за актыўную падтрымку намаганьняў Пуціна сьцерці Украіну з карты сьвету, і за ўнутраныя замахі на правы чалавека і дэмакратыю.

І, вядома, кажучы гэта, я грунтуюся на рэальных прыкладах, хоць бы на прыкладзе двух журналістаў Беларускай службы Радыё Свабода, якія ўтрымліваюцца ў Беларусі як палітвязьні.

Сёньня мы смуткуем па тых асобах, якія пакутуюць ад рэпрэсіўнай тактыкі Лукашэнкі, і прымаем рэальныя меры, каб прыцягнуць яго да адказнасьці за гэта. Вядома, ня толькі за гэтых журналістаў зь беларускай службы Свабоды, але і многіх незалежных журналістаў у Беларусі.

У дадатак да абароны палітвязьняў, якія проста выказваюць і адстойваюць законныя памкненьні беларускага народу да дэмакратыі і правоў чалавека, Злучаныя Штаты будуць далей цьвёрда прытрымлівацца палітыкі прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці і спрыяць правам і законным памкненьням народу Беларусі.

Будзем змагацца з крыніцамі, адкуль рэжым Лукашэнкі бярэ сваю сілу

— Сёньня ў Барысаве пахавалі аднаго зь беларускіх палітвязьняў, Ігара Ледніка. Ён памёр за кратамі. Гэта пяты палітвязень, які памёр у зьняволеньні за апошнія гады. Якая рэакцыя Злучаных Штатаў на працяг уціску палітычных вязьняў, асабліва пажылых, цяжка хворых і тых, каго ўжо больш за год трымаюць у поўнай ізаляцыі?

— Мы заклікаем рэжым неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі. Мы асуджаем такое стаўленьне да палітвязьняў за кратамі. Мы смуткуем разам з самімі вязьнямі і іх семʼямі, якія перажываюць гэтае жудаснае выпрабаваньне. І мы асуджаем рэпрэсіі, тую сыстэму рэпрэсій, якую ўвёў Лукашэнка, каб захаваць свае пазыцыі ва ўладзе. Мы, як я ўжо казаў, працягнем прымаць меры. Мы прымалі значныя санкцыйныя меры супраць рэжыму Лукашэнкі на працягу многіх гадоў. У рамках выканаўчай улады ўпершыню гэта было ўведзена ў 2021 годзе ў адказ на ранейшыя дзеяньні рэжыму Лукашэнкі.

І мы будзем далей выкарыстоўваць гэты прэзыдэнцкі загад, каб чыніць ціск на рэжым Лукашэнкі і змагацца з крыніцамі, адкуль ён бярэ сваю сілу, з інструмэнтамі, якімі ён уціскае сваіх людзей, парушае іх правы чалавека і нападае на іх імкненьне да дэмакратыі.

Сумна бачыць, што Лукашэнка ахвотна гандлюе сувэрэнітэтам Беларусі дзеля захаваньня сваёй улады

— Ці не маглі б вы выказаць погляд ЗША на важнасьць захаваньня незалежнасьці Беларусі ў гэтай сытуацыі, калі галоўны партнэр Лукашэнкі — Расея? З улікам прыярытэтаў леташняга Стратэгічнага дыялёгу ЗША і дэмакратычных сіл Беларусі ў Вашынгтоне.

— Злучаныя Штаты шмат дзесяцігодзьдзяў выступаюць за незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі. Мы рабілі і працягваем рабіць крокі дзеля гэтага. Зусім нядаўна, у сьнежні, як вы адзначылі, мы правялі Стратэгічны дыялёг зь лідэрамі апазыцыі, Сьвятланай Ціханоўскай і многімі іншымі прадстаўнікамі дэмакратычнага руху Беларусі і грамадзянскай супольнасьці.

Крыстафэр Сьміт
Крыстафэр Сьміт

Ягонай мэтай было распрацаваць агульны парадак дня для фармаваньня нашай залучанасьці ў беларускія справы, дапамогі дзеля разьвіцьця, якую мы аказваем, а таксама нашых стратэгічных уяўленьняў. Гэта было сапраўды важнае і гістарычнае ўзаемадзеяньне.

Злучаныя Штаты звычайна не ўступаюць у стратэгічны дыялёг зь няўрадавымі структурамі. Звычайна мы робім гэта з двухбаковымі партнэрамі. Але мы вырашылі зрабіць гэты гістарычны крок як сымбаль нашай падтрымкі і нагоду паспрыяць нашаму супрацоўніцтву, і я вельмі рады, што мы робім гэта ў Вільні. Заўтра ў нас будзе працяг Стратэгічнага дыялёгу, сэсія, на якой мы створым працоўныя групы, каб рэалізаваць ключавыя складнікі мэтаў стратэгічнага дыялёгу, якія мы вызначылі ў сьнежні ў Вашынгтоне.

Я вельмі ганаруся працай, якую мы робім разам, і ўскладаю вялікія надзеі на тое, чаго мы зможам дасягнуць.

Што да партнэрства рэжыму Лукашэнкі — я нават ня ўпэўнены, што гэта дакладны выраз, улічваючы дысбалянс ва ўладзе з Пуціным. Але адносна сувэрэнітэту я б сказаў, што сумна бачыць, што Лукашэнка так ахвотна гандлюе сувэрэнітэтам Беларусі дзеля захаваньня сваёй пазыцыі і ўлады.

У нас ёсьць магчымасьць падрываць і выводзіць з ладу дэзынфармацыйную машыну Расеі

— Вайна цяпер ідзе ня толькі на полі бою, але і ў СМІ. Яшчэ адно вельмі важнае пытаньне — пра расейскую і прапаганду і прапаганду Лукашэнкі. Якая ёсьць ці павінна быць роля ЗША ў супрацьдзеяньні такой прапагандзе?

— Мы актыўна супрацьдзейнічаем расейскай дэзынфармацыі і ўмяшаньню ў краінах, за якія я адказваю ў Дзяржаўным дэпартамэнце, а таксама ў іншых рэгіёнах. Найбольш эфэктыўны спосаб рабіць гэта — прадстаўляць абʼектыўную праўду пра рэальную сытуацыю ў краіне, напрыклад у Беларусі, або пра вайну ва Ўкраіне.

У нас ёсьць магчымасьць забясьпечваць надзейны абʼектыўны аналіз таго, што адбываецца, каб падрываць і выводзіць з ладу дэзынфармацыйную машыну Расеі, якая знаходзіцца ў цэнтры ня толькі яе вайны ва Ўкраіне, але і яе намаганьняў умешвацца ў выбары, напрыклад у Малдове, або падрываць важную працу дэмакратычнай апазыцыі ў эміграцыі зь Беларусі. І мы кожны дзень працуем з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі, каб супрацьстаяць гэтай дэзынфармацыі.

Крыстафэр Сьміт і амэрыканскія дыпляматы
Крыстафэр Сьміт і амэрыканскія дыпляматы

Выбары 25 лютага відавочна будуць фальшывыя

— Я хачу задаць яшчэ пытаньне, зьвязанае з тым, што 25 лютага ў Беларусі пройдуць парлямэнцкія і мясцовыя выбары. Злучаныя Штаты ня могуць назіраць за імі, наколькі я ведаю. А якая пазыцыя Злучаных Штатаў адносна гэтых выбараў? Ці ёсьць магчымасьць, што яны будуць у нейкай ступені свабодныя і справядлівыя?

— Думаю, што яны відавочна будуць фальшывыя. У іх няма ні складнікаў, ні прынцыпаў, якія хоць хто-колечы мог бы прызнаць свабодным і справядлівым выбарчым спаборніцтвам.

Лукашэнка плянамерна нішчыў незалежную апазыцыю. Ён сыстэматычна ціснуў на грамадзянскую супольнасьць, ізаляваў яе і прыніжаў. Ён зьнішчыў свабодную прэсу, ён зьнішчыў усе прынцыпы і інструмэнты, якія ляжаць у аснове па-сапраўднаму свабоднай і сумленнай выбарчай канкурэнцыі, пры якой грамадзяне могуць выказваць свае ўласныя пажаданьні на аснове інфармаванага ўяўленьня пра тое, што адбываецца ў краіне.

Крыстафэр Сьміт падчас інтэрвію Свабодзе
Крыстафэр Сьміт падчас інтэрвію Свабодзе

І гэта не павінна нікога дзівіць. Фальшывыя выбары ў 2020 годзе і сыстэматычная кампанія рэпрэсій, якую ён распачаў у адказ на законнае патрабаваньне беларускага народу аб дэмакратыі і правах чалавека, перарасла ў прыгнёт і ўціск, каб гэтыя фіктыўныя выбары прынесьлі толькі той вынік, які ён сам прадыктуе, арганізуе і прадставіць як канчатковы. Мы гэта так бачым.

Легітымнага міжнароднага назіраньня за гэтымі выбарамі няма. Мы там не прысутнічаем і ня ведаем дакладна, што будзе.

Але на гэтых выбарах не было ніводнага з элемэнтаў, неабходных для свабоднага і справядлівага выбарчага працэсу. Таму што менавіта гэтага хоча Лукашэнка. Ён хоча кантраляванага працэсу, ён хоча фіктыўных выбараў, вынік якіх вызначае ён сам, а не народ Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG