Выбарчыя ўчасткі адкрываюцца 5 лістапада ў 5 гадзін раніцы (13 гадзін паводле Менску) у некаторых усходніх штатах ЗША. Галасаваньне працягнецца па ўсёй краіне, у тым ліку на Алясцы і Гаваях, да вечара ў гэтых далёкіх заходніх штатах ЗША.
Чакаецца, што вынік гонкі будзе вядомы толькі празь некалькі дзён, пасьля закрыцьця выбарчых участкаў. Толькі некаторыя штаты, такія як Пэнсыльванія, павольна апрацоўваюць бюлетэні для галасаваньня. Чакаецца, што яўка выбарнікаў будзе высокай пасьля ўсталяваньня рэкордаў у 2016 і 2020 гадах, паведамляе Бюро перапісу насельніцтва.
Фэдэральныя выбарчыя чыноўнікі папярэдзілі позна ўвечары 4 лістапада, што Расея і Іран нарошчваюць кампаніі ўплыву, імкнучыся пасеяць зваду сярод выбарнікаў ЗША.
Хто кандыдаты
Дональд Трамп балятуецца на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
Трамп у выпадку перамогі стане другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграе выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасяг гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
Камала Гарыс, якая замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, якія падкрэсьлілі занепакоенасьць яго ўзростам. У выпадку абраньня стане першай прэзыдэнткай ЗША і першай асобай паўднёваазіяцкага паходжаньня на гэтай пасадзе.
60-гадовая Гарыс пазыцыянуе сябе як зьмену пакаленьняў на тле Байдэна, якому 81 год, і Трампа, якому 78 гадоў.
Яна падкрэсьліла сваю падтрымку правоў на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы яго ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць, што ён прайграў Байдэну ў 2020 годзе.
Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
Пазыцыя кандыдатаў у пытаньні вайны ва Ўкраіне
Кандыдаты агучылі дзьве вельмі розныя пазыцыі адносна падтрымкі Ўкраіны, чыя абарона ад уварваньня расейскіх войскаў моцна залежыць ад ваеннай, фінансавай і дыпляматычнай падтрымкі ЗША. Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня. Таксама ён паставіў пад сумнеў будучыню NATO.
Гарыс правяла апошні дзень агітацыі 4 лістапада ў Пэнсыльваніі, дзе 19 галасоў электараў могуць мець вырашальны ўплыў на вынік выбараў. Трамп пачаў гэты дзень зь перадвыбарнай акцыі ў Паўночнай Караліне, перш чым зьявіцца ў двух месцах у Пэнсыльваніі, а скончыў дзень у Мічыгане. Усе гэтыя штаты «хісткія», вынік выбараў у іх вызначальны для агульнага.
Калі Гарыс і Трамп ня змогуць дасягнуць парога большасьці ў 270 электараў, новавыбраная Палата прадстаўнікоў выбера прэзыдэнта ў студзені, а новавыбраны Сэнат выбера наступнага віцэ-прэзыдэнта.
Каля 80 мільёнаў выбарнікаў ужо прагаласавалі датэрмінова, у тым ліку па пошце, не чакаючы асноўнага дня галасаваньня.
Выбары ў Сэнат і Палату прадстаўнікоў
Таксама ў лістадаўскай кампаніі пераабіраюцца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
Сэнат, у прыватнасці, зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку — судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў.
Цяпер у верхняй палаце парлямэнту 49 рэспубліканцаў, 47 дэмакратаў і чатыры незалежныя сэнатары, якія звычайна падтрымліваюць дэмакратаў, дзякуючы чаму тыя ўсталявалі кантроль над палатай. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных, прычым у дэмакратаў становішча складанейшае за рэспубліканцаў — яны абараняюць 23 месцы, у тым ліку ў традыцыйна «рэспубліканскіх» штатах.
Палата прадстаўнікоў традыцыйна гуляе ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама валодае правам ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (валодае дарадчым голасам) і пяць тэрыторый ЗША. У цяперашнім складзе Палаты прадстаўнікоў большасьцю валодаюць рэспубліканцы: 222 месцы супраць 213 у дэмакратаў.
Форум