Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі адказалі на пэтыцыю аб недапушчэньні закрыцьця польскіх і літоўскіх школ


Падручнік з школы ў Рымдзюнах, дзе навучаньне было на літоўскай мове
Падручнік з школы ў Рымдзюнах, дзе навучаньне было на літоўскай мове

У пэтыцыі грамадзяне Беларусі патрабавалі вярнуць навучаньне на польскай и літоўскай мовах у школах, якія раней існавалі як польскамоўныя і літоўскамоўныя.

У Беларусі закрылі апошнія школы з навучаньнем на польскай мове

Да канца гэтага навучальнага году ў краіне працавалі дзьве школы на польскай мове: школа № 36 у Горадні і школа ў Ваўкавыску. У горадзенскай школе было каля 620 вучняў, у ваўкавыскай — прыкладна 250.

Паводле новых дырэктыў Мінадукацыі, у гэтых школах пакінулі па адным уроку польскай мовы і літаратуры на тыдзень, астатнія прадметы зрабілі расейскамоўнымі.

«Адзначым, што ў старой рэдакцыі Кодэксу аб адукацыі гарантавалася атрыманьне агульнай сярэдняй адукацыі на мовах нацыянальнай меншасьці. [...] Пры гэтым нормы Кодэксу аб адукацыі (у рэдакцыі Закону ад 14 студзеня 2022 г. № 154-З) атрыманьне агульнай сярэдняй адукацыі на мовах нацыянальнай меншасьці больш не гарантуюць. Такім чынам, новая рэдакцыя Кодэксу аб адукацыі ўшчамляе правы нацыянальных меншасьцяў на атрыманьне адукацыі на роднай мове», — гаварылася ў пэтыцыі.

Аўтары дакумэнту патрабавалі разгляду зьменаў у закон і тлумачэньня, як дыскрымінацыйныя нормы апынуліся ў Кодэксе. Яны прасілі вярнуць польскую мову ў названыя школы.

Начальнік Галоўнага ўпраўленьня агульнай сярэдняй, дашкольнай і спэцыяльнай адукацыі Марыя Кіндзірэнка падпісала адказ на пэтыцыю ад Міністэрства адукацыі. Чыноўніца фактычна працытавала новыя нормы закону.

«Артыкулам 50 Канстытуцыі РБ устаноўлена, што кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасьці з законам свабоду выбару мовы выхаваньня і навучаньня. Законам Рэспублікі Беларусь Кодэкс аб адукацыі выкладзены ў новай рэдакцыі. Набывае моц з 1 верасьня 2022 году.

Артыкулам 82 Кодэкса аб адукацыі вызначаны мовы навучаньня і выхаваньня ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама магчымасьць вывучэньня мовы і літаратуры нацыянальнай меншасьці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Такім чынам, заканадаўствам Рэспублікі Беларусь вывучэньне мовы нацыянальнай меншасьці рэглямэнтавана».

Акрамя польскіх школаў, улады закрылі і літоўскія

Такіх было дзьве — Пяляская (вёска Пеляса Воранаўскага раёну Горадзенскай вобласьці) і Рымдзюнская (вёска Рымдзюны Астравецкага раёну Горадзенскай вобласьці).

Рымдзюнская школа, пабудаваная ў 1996 годзе на літоўскія сродкі, утрымлівалася за кошт Рэспублікі Беларусь, а Пяляскай школе выдзяляла фінансаваньне літоўскае міністэрства адукацыі. У Рымдзюнскай школе — 82 вучні і 18 настаўнікаў, 14 зь якіх зьяўляюцца грамадзянамі Літвы. У Пяляскай школе 127 вучняў і 23 настаўнікі, 11 зь якіх — грамадзяне Літвы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG